У Курапатах зьнялі кліп на песьню расстралянага паэта. ВІДЭА

У Курапатах, ілюстрацыйнае фота

Сьпевакі Уладзь Лепяшынскі (гурт «Лепшы квас») і Lear (Валерыя Суравіцкая) выканалі ў мэмарыяльным комплексе Курапаты песьню «Сьпявай мне, дзяўчынка» на словы Міхася Чарота.

Верш, адзначаецца ў апісаньні кліпу, зьявіўся амаль сотню гадоў таму.

«У ім лірычны герой просіць засьпяваць яму пра кветкі і зоркі, пра лепшыя дні і вясну, прыгадвае пра першае спатканьне і каханьне і хоча заснуць пад гэты ціхі сьпеў… — апісваюць аўтары кліпу. — Але мае назву гэты верш не „Бывай“ і ня “Зорка Вэнэра”, а куды больш трагічную — “На могілках”».

Відэа апублікаванае праз 82 гады пасьля таго, як Міхась Чарот быў расстраляны ў «чорную ноч» 1937 году разам зь яшчэ сотняй дзеячоў беларускай культуры. Мяркуецца, што ён забіты і пахаваны ў Курапатах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расстраляныя літаратары. Міхась Чарот, паэт, які лічыў, што трэба супрацоўнічаць з ГПУ, ад якога і загінуў

За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД беспадстаўна расстраляла больш як сотню беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у іх ліку Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык , Анатоль Вольны, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Янка Нёманскі і многія іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікаваны поўны альбом «(Не)расстралянай паэзіі» — сучасных песьняў на вершы рэсстраляных паэтаў. АЎДЫЁ