Намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў расказаў 1 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме, што ягонае ведамства не разглядае скарачэньне дэкрэтнага водпуску, піша Tut.by.
У канцы чэрвеня ў Мінпрацы адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра скарачэньне дэкрэтнага водпуску з 3 да 2 гадоў — дэпутатка Ганна Канапацкая сьцьвярджала, што праект такіх зьменаў ужо падрыхтаваны.
Неабходнасьць такога кроку аргумэнтавалі тым, што фінансавая дапамога сем’ям выплочваецца з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, што кладзецца ўсё больш адчувальнай нагрузнай на бюджэт. З другога боку, жанчыны за такі тэрмін губляюць кваліфікацыю і адрываюцца ад прафэсійнай рэальнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму жанчыне можна, а мужчыну не?» Пажарны з Магілёва хацеў пайсьці ў дэкрэтны водпуск, але яго звольніліЦяпер жа намесьнік міністра заявіў, што казаць пра такое скарачэньне «абсалютна заўчасна». Валер Кавалькоў назваў прычыны, зь якіх ня варта скарачаць дэкрэтны водпуск:
- «Трэба падумаць пра інфраструктуру», бо цяпер у краіне каля 300 тысячаў дзяцей да трох гадоў, штогод нараджаецца каля 95–100 тысяч дзяцей, а «нельга сказаць», што дзяржава гатовая забясьпечыць дадатковых дзяцей дашкольнымі ўстановамі, «напружанасьць ёсьць».
- Часткова кампэнсаваць бацькам паслугі няняў або прыватных садкоў, як робяць ва Ўкраіне, беларуская дзяржава цяпер не гатовая, бо «для гэтага патрэбныя рэсурсы».
- Грамадзтва мусіць прывыкнуць да думкі пра скарачэньне дэкрэтнага водпуску і пераканацца, што дзяржава гатовая забясьпечыць дзяцей дашкольнымі ўстановамі.
- Рэакцыя на навіну пра нібыта падрыхтаваныя зьмены была «неадназначная», але нэгатыўных водгукаў было больш.
- Скарачэньне не забясьпечыць рост валавага ўнутранага прадукту на 2,7%, як прадказвалі экспэрты цэнтру BEROC, бо на месца людзей у дэкрэтным водпуску звычайна бяруць часовых працаўнікоў, а новыя працоўныя месцы самі па сабе ня зьявяцца.
Але яшчэ ў 2016-м тагачасны памочнік прэзыдэнта ў эканамічных пытаньнях Кірыл Руды, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, казаў пра зьмяншэньне дэкрэтнага водпуску — маўляў, нідзе ў сьвеце няма падобнай палёгкі, нават у заможняй Заходняй Эўропе гэты тэрмін складае блізу году.
Летась на адмысловым паседжаньні Савету рэспублікі, прысьвечаным сацыяльнай палітыцы, таксама ўздымалася пытаньне перагляду працягласьці водпуску, які даецца жанчынам зь дзецьмі да 3 гадоў.