У новай Палаце прадстаўнікоў будзе шмат вылучэнцаў партый. Але не партыйных лідэраў

Заля пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў

Лукашэнку няма сэнсу ствараць самому сабе канкурэнтаў.

Сьцісла

  • Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў партыйцаў амаль удвая болей за беспартыйных.
  • 14 з 15 зарэгістраваных у краіне партый вылучылі сваіх кандыдатаў.
  • Улады прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў некалькі сяброў апазыцыйных партый, але толькі ня іхных лідэраў.
  • Лукашэнка ня хоча, каб паміж ім і грамадзтвам стаялі партыі.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў сёлета афіцыйна зарэгістравалі 560 кандыдатаў. Партыйных сярод іх багата, як ніколі раней. 367 кандыдатаў, альбо 65,5%, уваходзяць у партыі. Беспартыйных толькі 193 (34,5%). З 15 афіцыйна зарэгістраваных партый 14 (акрамя КХП-БНФ) удзельнічаюць у выбарчай кампаніі.

Найбольшае прадстаўніцтва — у Лібэральна-дэмакратычнай партыі (98), праўладнай камуністычнай (57) і апазыцыйнай Абʼяднанай грамадзянскай (47).

Новы старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч (сёлета ў верасьні ён зьмяніў на гэтай пасадзе свайго бацьку) балятуецца ў Палату прадстаўнікоў па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 у Менску.

Акрамя яго, тут зарэгістраваныя яшчэ пяць чалавек.

  • Два апазыцыянэры — Аляксей Караткоў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Аляксей Лазараў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
  • Два прадстаўнікі праўладных партый — 79-гадовы пэнсіянэр Аляксандар Мялешчанка з Камуністычнай партыі Беларусі і начальнік службы мэнэджмэнту заводу «Тэрмапласт» Віталь Петрашкевіч з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
  • Яшчэ адзін прэтэндэнт — беспартыйны Віталь Гермянчук, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Рэмаўтадар».

Моцнага вылучэнца ад уладаў тут не відаць. Што і дае падставу некаторым аналітыкам ужо абвясьціць Гайдукевіча абраным дэпутатам. Так, палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што лідэр ЛДП у новай Палаце прадстаўнікоў «можа выконваць функцыю „канструктыўнай апазыцыі“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гайдукевіч будзе прадстаўляць „канструктыўную апазыцыю“, а Марзалюк — беларускамоўных»

Я хачу з гэтым меркаваньнем паспрачацца. Бо бачу сама менш дзьве прычыны, чаму ўладам Алег Гайдукевіч у парлямэнце не патрэбны. Кіраўніцтва ЛДП яшчэ летам абвясьціла, што на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах выставіць свайго партыйнага кандыдата. Апошні зьезд (верасень 2019) гэтую заяву пацьвердзіў. Зразумела, што прэтэндэнтам будзе старшыня партыі. То бок Алег Гайдукевіч.

Навошта Лукашэнку ўласнымі рукамі раскручваць канкурэнта?

Тут мне могуць запярэчыць і нагадаць, што Гайдукевіч-старэйшы быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. І пры гэтым удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. Усяго за плячыма Сяргея Гайдукевіча аж тры прэзыдэнцкія кампаніі зь вельмі сьціплымі для яго вынікамі.

Але цяпер размова ідзе пра Гайдукевіча-сына. У яго стартавая пляцоўка нашмат зручнейшая. Апошнія гады менавіта ён фактычна ніколі не зьнікае з тэлевізійнага экрану. Ён сталы ўдзельнік розных палітычных праграмаў, як на беларускім, так і на расейскім тэлебачаньні. І таму цяпер шараговы глядач ведае не Сяргея, а Алега Гайдукевіча. Ведае як спрытнага майстра тэледэбатаў, якога надзвычай цяжка спыніць і якога немагчыма паставіць у тупік. На кожнае пытаньне, на кожную рэпліку Гайдукевіч-малодшы мае свой хуткі адказ. Дадайце да гэтага агрэсіўную манеру паводзінаў, настойлівасьць, нават у нейкай ступені нахабства. Перамагчы такога палітыка — ня простая справа.

Выбарчы пікет Алега Гайдукевіча

Дый контуры прэзыдэнцкай праграмы ў Алега Гайдукевіча ня будуць капіяваць бацькавы. Сёньня беспамылкова можна меркаваць, на чым зробіць акцэнт цяперашні лідэр ЛДП. Ён будзе штораз падкрэсьліваць, як шмат карыснага зрабіў і робіць для людзей Лукашэнка. Адзінае, чаму яго патрэбна зьмяніць, — прэзыдэнт за чвэрць стагодзьдзя звышынтэнсіўнай працы надзвычай стаміўся. Таму на месца Лукашэнкі зараз патрэбны палітык маладзейшы, больш энэргічны, больш сучасны. Гэтыя думкі будуць падмацоўвацца цытатамі самога Лукашэнкі, які ўжо не аднойчы казаў, што ён «наеўся прэзыдэнцтва».

І што, разумеючы ўсё гэта, шматлікія праўладныя аналітычныя цэнтры будуць рэкамэндаваць лідэра ЛДП у дэпутаты? Навошта даваць канкурэнту дадатковыя перавагі?

Другая прычына, чаму ў Палаце прадстаўнікоў сёмага скліканьня ня будзе партыйных лідэраў, — стаўленьне кіраўніка дзяржавы да партый. Ні Рыгору Кастусёву — лідэру партыі БНФ, ні ягоным калегам з АГП і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адпаведна Мікалаю Казлову і Ігару Барысаву, дэпутацкага крэсла ў парлямэнце ня знойдзецца. Інакш яны будуць «званіць па ўсім сьвеце», найперш замежным дыпляматам, што іхныя партыі набылі статус парлямэнцкіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнцкая рэспубліка, Каліноўскі, моладзь у турмах, відэакамэры ў ліфтах. Пра што казалі кандыдаты ў тэлевыступах

Мае апанэнты могуць спаслацца на Ганну Канапацкую. Маўляў, яна ж тры гады прадстаўляла ў дзейнай Палаце апазыцыйную Абʼяднаную грамадзянскую партыю. Згодны, але ж Канапацкая — не старшыня і нават не намесьнік партыйнага лідэра. І ў гэтым ёсьць істотная розьніца. Так, улады тры гады таму пагадзіліся на экспэрымэнт, дазволілі прадстаўніцы апазыцыі ўвайсьці ў парлямэнт. Нічога надзвычайнага з гэтага не атрымалася. Ніякага перавароту не адбылося.

Таму і сёлета сытуацыю-2016 могуць паўтарыць: выдзеляць пару месцаў у Авальнай залі для апазыцыі. Але не для лідэраў, а для сябраў партый з другога-трэцяга шэрагу.

Чаму прэзыдэнт ня любіць палітычныя партыі

Стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да палітычных партый вядомае. Яно — рэзка адмоўнае. Вось і на мінулым тыдні на сустрэчы ў прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня ён заявіў:

«Існуючыя партыі і рухі ў нас у мінулым, а некаторыя і цяпер сябе дыскрэдытавалі. Вось чаму няма партыйнага руху, а не таму, што Лукашэнка іх стрымлівае і ня хоча гэтых партый».

Альбо яшчэ адна нядаўняя (верасень) цытата з паездкі ў Карэліцкі раён наконт выбараў і партыяў:

«Мне ўжо падсоўваюць прапановы парлямэнт абіраць паводле партыйных сьпісаў. Вы будзеце ў лепшым выпадку ведаць пяць партый і іх кіраўнікоў. Людзі звычайна галасуюць за лідэра. А там па сьпісе ўжо ніхто ня ведае. Яны самі паставяць там дзяцей, унукаў, палюбоўніц, палюбоўнікаў. Усіх туды прапішуць. Я сказаў — не. Мы пакуль ня зжылі мажарытарную сыстэму... Дэпутат павінен быць прывязаны да свайго выбарніка, сваёй акругі. У гэтым напрамку і будзем дзейнічаць».

Пераход на галасаваньне паводле партыйных сьпісаў абсалютна не патрэбны Лукашэнку. Ачольваць нейкую партыю, нават новую кшталту «Белай Русі», ён ня будзе, бо неаднойчы заяўляў, што ён — прэзыдэнт усяго народу. Ствараць самому сабе канкурэнтаў кіраўніку дзяржавы сэнсу няма. Навошта, каб людзі думалі, што акрамя Лукашэнкі ў Беларусі ёсьць яшчэ нейкія лідэры?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню ўлада ня мае «адзінага сьпісу» сваіх кандыдатаў

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Карова — найлепшая ўлётка!». У Гомлі кандыдат-фэрмэр правёў пікет са свойскай жывёлай. ФОТА