Суд у справе аб гандлі зброяй у Баранавічах. Расея не выдае аднаго з абвінавачаных

У Баранавічах падчас судовага паседжаньня 10 кастрычніка па справе аб крадзяжы і гандлю зброяй

29 кастрычніка працэс прыпынілі. Абвінавачаныя заяўляюць пра ціск з боку КДБ і Сьледчага камітэту.

Сьцісла пра справу:

10 верасьня ў Баранавіцкім раённым судзе пачалі разглядаць справы аб крадзяжы, незаконным захоўваньні, перамяшчэньні і гандлі зброяй. На лаве падсудных 10 чалавек. Гэта былыя вайскоўцы, адзін опэрупаўнаважаны, беспрацоўныя і супрацоўнікі транспартных фірмаў.

Крымінальная справа займае 63 тамы, яе вядуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выносілі на сабе, вывозілі на «МАЗе». Як з баранавіцкай вайсковай часткі тры гады кралі зброю

Затрыманьні ў справе аб крадзяжы зброі з баранавіцкай вайсковай часткі № 29969 адбыліся ў ліпені 2018 году. У СМІ гэтая інфармацыя трапіла на пачатку жніўня. Тады ж стала вядома імя аднаго з затрыманых, Дзьмітрыя Кульжыка. Летам 2018 году ён служыў па кантракце і займаў пасаду кіраўніка вайсковага складу. Разам зь ім на лаве падсудных знаходзіцца Юры Марчанка, які да сярэдзіны лета мінулага году быў кіраўніком аддзелу матэрыяльнага забесьпячэньня той самай вайсковай часткі. Паводле матэрыялаў папярэдняга сьледзтва, агучаных у першы дзень працэсу, менавіта гэтыя два чалавекі займаліся крадзяжом і продажам зброі.

560 даляраў за чатыры пісталеты Макарава

29 кастрычніка на працэсе агучылі паказаньні аднаго з абвінавачаных, які не прысутнічае ў залі суду. Гэта грамадзянін Беларусі па прозьвішчы Хмяльніцкі. Летам 2018 году яго затрымалі на тэрыторыі Расеі, дзе ён знаходзіцца пад вартай дагэтуль. Беларусь афіцыйна запрасіла экстрадыцыю Хмяльніцкага, аднак расейскі бок адмовіў. На гэты момант Хмяльніцкі атрымаў адтэрміноўку ў экстрадыцыі. У залі суду зачытвалі матэрыялы допытаў, якія праводзілі з Хмяльніцкім на тэрыторыі Расеі супрацоўнікі ФСБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісталет Макарава за 250 даляраў, «калашнікавы», артылерыйскі снарад. У Баранавічах судзяць за крадзеж і гандаль зброяй

Паводле гэтых дакумэнтаў, абвінавачаны Хмяльніцкі восеньню і зімой 2017 году набыў у іншага фігуранта справы, Дзямідава, чатыры пісталеты Макарава і патроны да іх, за што заплаціў агулам 46 тысяч расейскіх рублёў (каля 1400 беларускіх рублёў. — РС).

«Я жыву ў Расеі даўно, прыяжджаю часам у Баранавічы, Дзямідава ведаю даўно, — агучыў пракурор паказаньні затрыманага расейскім ФСБ фігуранта. — Спачатку ён прапанаваў мне набыць два пісталеты і патроны да іх. Я заплаціў за гэта 23 тысячы расейскіх рублёў. Потым яшчэ два пісталеты. Зброю я забіраў падчас сустрэч зь Дзямідавым у Баранавічах, затым адвёз на сваім аўтамабілі ў Расею. Усе пісталеты былі ў мяне, я не перапрадаваў іх».

Падчас суду 10 верасьня

Паводле матэрыялаў справы, Хмяльніцкі ў размовах пытаўся, адкуль паходзяць пісталеты, на што атрымліваў адказ, што яны «з Луганскай дэмакратычнай рэспублікі». Гэты адказ яго задаволіў, і больш пытаньняў абвінавачаны не задаваў. Ён таксама ня змог патлумачыць, навошта набываў пісталеты і што зьбіраўся рабіць зь імі далей.

Падчас апытаньня іншых абвінавачаных з нагоды паказаньняў Хмяльніцкага высьветлілася, што Дзямідаў быў толькі пасярэднікам. Пісталеты, якія ён прадаваў Макараву, Дзямідаў атрымліваў ад іншага абвінавачанага, Марчанкі. Пры гэтым яму перадаваў ня ўсе атрыманыя ад жыхара Расеі грошы, частку пакідаў сабе.

«Я за чатыры пісталеты атрымаў ад Дзямідава толькі 560 даляраў, — сказаў Марчанка. — Дзе іншыя грошы, я ня ведаю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся, сына зробяць пешкай». Маці прапаршчыка, абвінавачанага ў крадзяжы зброі, чакае суду

«Давайце ўжо завяршаць працэс»

Анансаваныя на 29 кастрычніка спрэчкі бакоў не адбыліся, бо шэраг абвінавачаных заявілі пра ціск з боку супрацоўнікаў КДБ і Сьледчага камітэту падчас папярэдняга сьледзтва. Па гэтым факце прызначаная пракурорская праверка, яна скончыцца 14 лістапада.

«Давайце ўжо завяршаць працэс, — заявіў на судзе былы міліцыянт, абвінавачаны Аляксандар Века. — Гэтая праверка — толькі фармальнасьць. Яна нічога ня выявіць. У нас прэтэнзіі да цэнтральнага апарату КДБ і Сьледчага камітэту, іх ніхто правяраць рэальна ня будзе».

Судзьдзя просьбу абвінавачанага ня выканала. Працэс прыпынены да 14 лістапада, калі чакаюцца вынікі праверкі дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ і СК. Пасьля гэтага на працэсе пройдуць спрэчкі бакоў.