Горадзенскі дзіцячы госьпіс увёў унікальныя паслугі для дарослых. За ахвяраваньні

Дзіцячы госьпіс у Горадні

Дзіцячы госьпіс у Горадні пачаў дапамагаць ня толькі сваім пацыентам, але і людзям з анкалёгіяй, іхнім сваякам, бацькам, якія не спраўляюцца зь дзецьмі, бабулям і дзядулям, якія маюць праблемы з унукамі, людзям пасьля інсульту. Дапамога аказваецца за ахвяраваньні.

Новы комплекс паслугаў увялі сёлета ў канцы кастрычніка. У рамках госьпісу дзеля гэтага адкрыўся цэнтар «Крокі наперад».

Спэцыялісты ў госьпісе для гэтага ёсьць. Яны будуць працягваць езьдзіць на стажаваньне за мяжу.

«Нашая ўнікальнасьць у тым, што мы прапаноўваем паслугі комплексна. Да таго ж у нас набітая рука на вельмі цяжкіх дзецях. Цяжэйшых дзяцей, чым у нас, няма. І нашыя спэцыялісты ведаюць, што зь імі рабіць», — кажа дырэктарка Горадзенскага дзіцячага госьпісу імя сьвятога Губэрта Вольга Вялічка.

Вольга Вялічка

Як некамэрцыйная арганізацыя госьпіс ня можа аказваць платныя паслугі. Таму новы від дапамогі ўпершыню ў Беларусі плянуюць аказваць па схеме фандрайзінгу, або за ахвяраваньні.

«Чалавек будзе выбіраць, ахвяраваць ці не ахвяраваць. Калі запытаецца, колькі гэта каштуе, мы скажам. Але чалавек цалкам вольны, колькі ён можа заплаціць. Гэтыя ахвяраваньні будуць ісьці на дзейнасьць госьпісу», — тлумачыць новую схему Вольга Вялічка.

Да таго ж у госьпісе плянуюцца трэнінгі са спэцыялістамі па тэмах правядзеньня карэкцыйных заняткаў зь дзецьмі зь цяжкай паталёгіяй, зь дзецьмі з аўтычным спэктрам, трэнінгі па полавым і сэксуальным выхаваньні дзяцей з інваліднасьцю. Дзеля гэтага госьпіс плянуе запрашаць партнэрскія арганізацыі зь Літвы, Польшчы і Ўкраіны, а таксама праводзіць вэбінары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цаніць кожны дзень, радавацца малому. Сем рэчаў, якім навучылі бацькоў цяжкахворыя дзеці

Цяпер госьпіс месьціцца ў будынку дзіцячай паліклінікі. Выдзеленых плошчаў яму не хапае. Паліклініка ня можа выдзеліць больш пакояў. Арганізацыя зьвярталася да гарадзкіх уладаў з просьбай даць ім у карыстаньне большы па плошчы будынак у горадзе, прыкладам, былы мэдыцынскі выцьвярэзьнік. Аднак атрымалі адмову. Гарадзенцы стварылі пэтыцыю, каб улады прадаставілі госьпісу большае памяшканьне на некамэрцыйнай аснове.

Сэнсорны пакой у госьпісе

Госьпіс у Горадні — недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя. Яна існуе за спонсарскую дапамогу перадусім буйных беларускіх прадпрыемстваў, ахвяраваньні людзей і праектную дзейнасьць (гранты). Дзяржава не выдзяляе сродкаў на яе ўтрыманьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі да дзіцячай сьмерці ставяцца іначай, чым у Швэцыі. Дырэктарка госьпісу пра жыцьцё, адыход і жалобу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму дзіцячы госьпіс ня можа аплаціць унікальныя для Беларусі працэдуры для цяжка хворых дзяцей?