Украінская дзяржаўная электронная гандлёвая пляцоўка OpenMarket — СЕТАМ абвясьціла аб пошуку дэмантаваных у часе дэкамунізацыі помнікаў Уладзіміру Леніну, каб дапамагчы рэгіянальным уладам зарабіць дадатковыя грошы на вырашэньне мясцовых праблем.
Такую абвестку кампанія зрабіла пасьля пасьпяховага продажу помніка, дэмантаванага з галоўнай плошчы гораду Жоўтыя Воды Днепрапятроўскай вобласьці. Шасьцітонны помнік, выраблены зь літой бронзы, быў прададзены на аўкцыёне за прыблізна 20 тысяч даляраў. Інфармацыя аб тым, хто і для якіх мэтаў набыў дэмантаваны помнік, канфідэнцыйная і не распаўсюджваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэкамунізацыя па-беларуску. Якіх Ленінаў і іншых Чапаевых пасунулі з цэнтру і чаму. ФОТАПасьля зносу ў лютым 2014 году помнік знаходзіўся на балянсе мясцовай камунальнай службы. Атрымаўшы грошы за бронзавы «мэталялом», яны плянавалі разьлічыцца з запазычанасьцямі па заробках і перад пэнсійным фондам. Але мясцовая рада зьвярнулася ў суд з заявай аб прызнаньні гэтага аўкцыёну незаконным — маўляў, камунальная служба ня мела права выкарыстоўваць помнік у гаспадарча-фінансавай дзейнасьці.
Продаж помнікаў як мэталялом — найбольш распаўсюджаная практыка мясцовых уладаў. Летась на Чарнігаўшчыне ў Сямёнаўцы бронзавы помнік вагой 2,5 тоны прадалі за больш чым 8 тысяч даляраў.
Што замест помнікаў
У Сноўску Чарнігаўскай вобласьці мясцовыя ўлады таксама выставілі на аўкцыён дэкамунізаваны помнік. За атрыманыя грошы яны плянавалі пабудаваць гарадзкі фантан. Але конкурс не адбыўся, бо не зарэгістраваўся ніводны ягоны ўдзельнік. 5,5-тоннага бронзавага «Леніна» хацелі прадаць прыблізна за 13 600 даляраў.
На Днепрапятроўшчыне прадавалі помнікі «правадыру пралетарыяту», каб атрымаць грошы на ўсталяваньне манумэнту Тарасу Шаўчэнку, а ў Запароскай вобласьці — героям, якія загінулі ў вайне на Данбасе.
Актывісты маюць сваё вырашэньне
З 2014 году ва Ўкраіне дэмантавалі каля 2500 помнікаў і памятных знакаў, якія зьмяшчалі прапаганду таталітарнага рэжыму. Плянавалася, што тыя зь іх, якія прызнаныя мастацкай каштоўнасьцю, будуць зьмешчаныя ў адмысловы музэй, што ствараецца ў Кіеве на тэрыторыі былой Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі. А што рабіць зь іншымі — ня вырашылі. Таму кожная мясцовая абшчына вырашае самастойна, што рабіць са зьнесенымі сымбалямі савецкага часу.
Свой унёсак у разьвітаньне з таталітарным рэжымам робяць і актывісты.
Сёлета ў лютым група дайвераў пагрузіла бюст Уладзіміра Леніна на дно затопленага кар’еру ў паселішчы Навамікалаеўка Днепрапятроўскай вобласьці.
«Мы зь яго зрабілі казку. Ён стаў туманам і пэрсанажам з фільму пра любоў да глыбіні», — напісаў інструктар па дайвінгу Андрэй Варабʼёў.
Бюсту дамалявалі бараду і вусы, апранулі жоўтую хустку і пагрузілі на глыбіню амаль 35 мэтраў. У падводным «парку» ужо былі іншыя экспанаты — аўтамабіль, матацыкл, піўны павільён, аўтацыстэрна ды аўтобус.