Забойцам 8-месячнай дзяўчынкі прысудзілі расстрэл і 25 гадоў калёніі

Віктар Сяргель і Натальля Колб на лаве падсудных, 24 верасьня

Берасьцейскі абласны суд агучыў вырак ў справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Як піша Tut.by, прысудзілі максымальныя пакараньні.

Маці дзяўчынкі Натальлі Колб прызначылі максымальнае для жанчынаў пакараньне ў 25 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Ейнаму сужыцелю Віктару Сяргелю, якога прызналі ўдзельнікам забойства, прысудзілі сьмяротнае пакараньне.

Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Працэс быў закрытым. Прысуд цалкам супаў з тым, што прасіла пракуратура. Гэта першы за 10 гадоў сьмяротны прысуд у Берасьцейскай вобласьці.

Натальля Колб на судзе, 24 верасьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне абвінавацілі ў забойстве дачкі». Суд у справе аб сьмерці 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы зрабілі закрытым

Трагедыя адбылася ў Лунінцы ўвечары 27 кастрычніка 2018 году. Абвінавачанымі ў справе праходзяць 26-гадовая маці дзіця і яе 48-гадовы знаёмы. Дзеяньні кожнага зь іх кваліфікаваныя як забойства заведама малалетняга, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, з хуліганскіх памкненьняў.

Паводле праваахоўных органаў, у той дзень мужчына і жанчына разам расьпівалі сьпіртныя напоі. Пасьля яны «беспадстаўна, спосабам, заведама спалучаным з прычыненьнем асаблівых пакут, нанесьлі дзяўчынцы ня менш за 46 траўматычных узьдзеяньняў». Ба́цькі загінулай дзяўчынкі ў момант забойства дома не было. Ён знайшоў цела ахвяры, калі вярнуўся.

Натальля Колб 1993 году нараджэньня мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю. У пэрыяд, калі адбылося злачынства, не працавала, бо была ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. Паведаміла на судзе, што разьведзеная. Увесь час, пакуль працэс быў адкрыты, сядзела, закрыўшы рукамі твар.

Віктар Сяргель 1971 году нараджэньня. Жыў у Лунінцы, нідзе не працаваў. Сказаў, што прыехаў з Сахаліна. Грамадзянін Беларусі.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).