Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы заклікала Беларусь перафарматаваць парлямэнцкую групу па сьмяротным пакараньні


Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота
Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота

У Радзе Эўропы Беларусі прапанавалі ўдакладніць мандат працоўнай групы беларускай Палаты прадстаўнікоў па вывучэньні сьмяротнага пакараньня, піша БелаПАН.

Функцыі групы прапануюць перапісаць так, каб «выразна паказваць, што прасоўваньне дыялёгу па тэме сьмяротнага пакараньня на самай справе нацэленае на скасаваньне гэтай меры пакараньня». Таксама групу прапануюць перайменаваць — ужо ў назьве пазначыць, што яна «па скасаваньні сьмяротнага пакараньня».

Рада Эўропы спадзяецца, што такія зьмены адбудуцца пасьля парлямэнцкіх выбараў 17 лістапада. Але пакуль Беларусь і Рада Эўропы нават ня склалі «дарожную мапу» па скасаваньні сьмяротнага пакараньня, а яе распрацоўка была анансаваная ў Менску яшчэ 27 жніўня.

Прапанова была агучаная 10 лістапада — у Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня.

Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю. Розныя замежныя і міжнародныя арганізацыі, а таксама беларускія праваабаронцы пастаянна заклікаюць Беларусь адмовіцца ад такога пакараньня. Днём раней такі заклік зноў агучылі Эўразьвяз і Рада Эўропы, адзначыўшы, што ў 2018 годзе толькі 10% краінаў сьвету ўжывалі сьмяротную кару.

Звычайна ў адказах на такія прапановы беларускія ўлады спасылаюцца на афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму 1996 году. Паводле афіцыйных зьвестак, тады 80,44% прагаласавалі супраць адмены сьмяротнага пакараньня. Хоць нават той рэфэрэндум ня быў прызнаны АБСЭ і эўрапейскімі краінамі дэмакратычным, у Радзе Эўропы адзначаюць: з таго рэфэрэндуму мінула шмат часу, і шмат людзей, якія ўдзельнічалі ў апытаньні, ужо памерлі.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG