У Горадні абралі брэнд гораду. Чаму абурыліся сацыяльныя сеткі?

Горадня, фота ©Shutterstock

У Горадні 24 кастрычніка абралі турыстычны брэнд гораду. Конкурс доўжыўся паўгода, на яго даслалі каля паўсотні варыянтаў. У выніку перамагла праца берасьцейскай студыі Grafit.

У аснове знаку — вобраз аленя сьвятога Губэрта з гарадзенскага герба.

«Чатыры асноўныя колеры лягатыпу — гэта колеры, узятыя з герба Горадні. Алень на лягатыпе рухаецца наперад, не забываючыся на сваю гісторыю і мінулае, на што паказвае паварот ягонай галавы», — гаворыцца ў апісаньні.

Сацыяльныя сеткі сустрэлі навіну крытыкай.

Што абурыла гарадзенцаў?

  • Расейская мова ў якасьці асноўнай.
  • Што пераможцы ня з Горадні.
  • Grodno замест нарматыўнага Hrodna.

Дый сам знак спадабаўся ня ўсім. Адзін з крытыкаў замяніў у лягатыпе аленя на цюленя, назваў стылізаваныя рогі «якарам над галавой», а слоган перайначыў на «Партовы горад Гродна».

У камэнтары Свабодзе Ўладзімер Платоненка з студыі Grafit адзначыў, што ўсе моўныя вэрсіі лягатыпу можна выкарыстоўваць аднолькава.

«Для таго яны і зробленыя. Проста на прыкладзе расейскага варыянту былі выбудаваныя брэндбук і прэзэнтацыя».

Сябра журы Дзьмітры Бандарчук сказаў Свабодзе, што на афіцыйнай прэзэнтацыі 5 лістапада асноўным будзе беларускамоўны варыянт. Назва гораду будзе «Гродна», у трансьлітарацыі — Hrodna.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Форма ня самая лепшая». Старому замку ў Горадні прымералі новы купал. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Гродна ці Горадня?