Спэктакль Беларускага свабоднага тэатру «Сабакі Эўропы» паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча ў траўні 2020 году будзе паказаны на адной з самых прэстыжных эўрапейскіх тэатральных сцэнаў — культурным цэнтры «Барбікан» у Лёндане. Упершыню ў гісторыі на гэтай сцэне выступіць беларускі калектыў і зь яе прагучыць беларуская мова.
Пра гэта было абвешчана 23 кастрычніка падчас азнаямленьня прэсы і крытыкаў з праграмай цэнтру на 2020 год. У паведамленьні гаворыцца, што ў траўні 2020 году на галоўнай тэатральнай сцэны «Барбікану» адбудзецца сусьветная прэм’ера спэктаклю «Сабакі Эўропы» — «эпічнай фантазіі і палітычнага трылеру пра небясьпекі ігнараваньня моманту, калі пускае свае карані аўтарытарызм».
Кнігу Альгерда Бахарэвіча на мову тэатру пераклалі Марыя Бяльковіч і Мікалай Халезін. Спэктаклі ў «Барбікане» пройдуць 13-16 траўня 2020 году.
Мы пагаварылі пра новую працу Беларускага свабоднага тэатру зь яго мастацкім кіраўніком Мікалаем Халезіным.
— Мікалай, што такое Barbican?
— Barbican — гэта найбуйнейшы ў Эўропе культурны цэнтар, які аб’ядноўвае пад сваім дахам праекты ў сфэры музыкі, тэатру, кіно, літаратуры, выяўленчага мастацтва і адукацыі і мае свае філіялы ня толькі ў Вялікабрытаніі, але і за мяжой. Гэта адна з самых прэстыжных тэатральных сцэн у сьвеце, на якой граюць свае спэктаклі тэатральныя калектывы першай велічыні: ад калектываў Рамэа Кастэлючы і Рабэра Лепажа да Арыяны Мнушкінай і Пітэра Брука. Сярод рэзыдэнтаў Barbican’у — Лёнданскі сымфанічны аркестар, Сымфанічны аркестар Бі-Бі-Сі, Гілдголская тэатральная школа і яшчэ шэраг прызнаных у сьвеце творчых калектываў.
Мы гралі на многіх прэстыжных сцэнах Вялікабрытаніі — Young Vic, Almeida, Шэкспіраўскі тэатар Globe, але заўсёды ставіліся да Barbican’у як да пэўнага арыентыру, да якога трэба прайсьці з гадамі. І мы шчасьлівыя, што гэты час прыйшоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы выступ Беларускага свабоднага тэатру ў Кіеве прайшоў з аншлягам— Пра што вашы «Сабакі» скажуць эўрапейскаму, сусьветнаму гледачу?
— Спэктакль «Сабакі Эўропы» паводле раману Альгерда Бахарэвіча — гэта антыўтопія-папярэджаньне для эўрапейскага гледача, якая спрабуе прымусіць яго зразумець, што тыя тэндэнцыі, якія мы назіраем сёньня ў сьвеце, надзвычай небясьпечныя, і могуць прывесьці да яшчэ горшай сытуацыі, чым тая, якую мы назіраем сёньня ў большасьці постсавецкіх краін. Barbican ахарактарызаваў яго як «эпічная фантазія і палітычны трылер пра небясьпекі ігнараваньня моманту, калі аўтарытарызм пускае свае карані».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бахарэвіч — у шорт-лісьце расейскай «Большой книги»Гэты раман надзіва падрабязна мадэлюе магчымую будучыню, абапіраючыся на сёньняшнюю рэальнасьць, мы проста ня мелі права прайсьці міма яго. Пры тым, што ўзяцца за інсцэніроўку твору, які ў арыгінале налічвае амаль тысячу старонак — гэта амаль авантура. Мы гэта ўсьведамлялі, калі пачалі працаваць над яго інсцэніроўкай разам з Марыяй Бяльковіч. У выніку гадавой працы атрымалася 50-старонкавая п’еса, над якой мы да гэтага часу працягваем працу, цяпер ужо ў рэжыме пастановачным, калі да працэсу працы над тэкстам далучыліся нашы акторы.
— Беларускі свабодны тэатар, безумоўна, беларускі, але звычайна працуе бязь межаў. Хто і як працаваў у гэтым новым праекце?
— Над гэтым спэктаклем традыцыйна працуе міжнародная творчая група зь вялікай колькасьці краін: Беларусі, Вялікабрытаніі, Украіны, Канады, Даніі, Нямеччыны, Ірляндыі. Але гэтым разам увесь без выключэньня акторскі склад будзе зь Беларусі. Прычым, трое актораў зь дзесяці дэбютуюць у складзе Свабоднага тэатру на вялікай сцэне: двое зь іх — выхаванцы нашай тэатральнай лябараторыі Fortinbras Аляксей Сапрыкін і Раман Шыцько, а трэці — ужо прызнаны ў Беларусі актор і рэжысэр Юры Дзівакоў, які лёгка ўліўся ў нашу трупу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Халезін: «У нас ёсьць свая краіна, але няма сваёй дзяржавы»Падчас прэм’еры на сцэне Barbican, мы правядзем двухдзённы сэмінар у рамках адукацыйнага праекту і спадзяемся, што гэта стане новым досьведам для нашых маладых актораў. Уласна, гэта і адрозьнівае наш тэатар ад большасьці іншых — разьвіцьцё і ўзаемазамяняльнасьць. Нашы «вэтэраны» Марына Юрэвіч і Павел Гарадніцкі у гэтым спэктаклі чакана замацаваліся ня толькі на сваіх акторскіх пазыцыях, але і ў якасьці рэпэтыцыйных рэжысэраў, а Кірыл Калбасьнікаў асвойвае сумежную прафэсію асыстэнта рэжысэра. Дадатковыя пазыцыі на гэткіх маштабных міжнародных праектах даюць творчай групе вельмі моцны штуршок, які, дарэчы, уплывае і на павагу да тэатру ў сусьветнай тэатральнай індустрыі.
— Калі адбудзецца беларуская прэм’ера спэктаклю і чым яе пастаноўка будзе адрозьнівацца ад лёнданскай?
— Беларуская прэм’ера адбудзецца ў Менску ў канцы лютага. Сам драматургічны матэрыял ніяк ня будзе адрозьнівацца ад таго, што мы пакажам у Лёндане, але ў паказах будзе шэраг адрозьненьняў. Яны будуць тычыцца толькі розьніцы ў пастановачных тэхнічных магчымасьцях, бо такая розьніца паміж Barbican і любой беларускай тэатральнай прасторай відавочная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодны тэатар — мост паміж сьветам і БеларусьсюШто яшчэ важна. У рамане Альгерда закладзеная дуальнасьць, якая неаднаразова праяўляецца ў яго фабуле. І мы вырашылі падтрымаць гэтую ідэю канцэптуальным рашэньнем у арганізацыі працы над спэктаклем. Практычна на ўсіх пастановачных пазыцыях працуюць людзі, якія прадстаўляюць ня проста розныя творчыя погляды, але нават розныя краіны: відэарэжысэры — украінец Раман Любы і ангелец Джош Фаро, кампазытары — нямецкі Сяргей Неўскі і канадзкі Марк Марчык, над сцэнаграфіяй я працую супольна з датчанінам Мікалаем Гарт-Гансэнам.
Нам здаецца, што гэткія альянсы пашыраць наш погляд на матэрыял і нададуць яму ўнікальнае гучанне.