Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Халезін: «У нас ёсьць свая краіна, але няма сваёй дзяржавы»


Беларускі Свабодны Тэатар, Дзьверы ў агні (Падпаленыя дзьверы, Burning Doors). Фота: Алекс Брэнэр, Мікалай Халезін (Беларускі Свабодны тэатар)
Беларускі Свабодны Тэатар, Дзьверы ў агні (Падпаленыя дзьверы, Burning Doors). Фота: Алекс Брэнэр, Мікалай Халезін (Беларускі Свабодны тэатар)

Спэктакль Беларускага Свабоднага тэатру Burning Doors стаў сёлета ляўрэатам брытанскай нацыянальнай тэатральнай прэміі Offie’2017 у намінацыі «Найлепшы ансамбль».

Беларускі Свабодны Тэатар быў адзіным тэатральным калектывам, асноўная база якога знаходзіцца па-за Вялікабрытаніяй, які здабыў гэткі прыз. Гэта таксама быў адзіны спектакль, які выконваўся не на ангельскай мове. Журы конкурсу ацэньвала 400 брытанскіх спэктакляў. На думку заснавальніка тэатру Мікалая Халезіна, «гэта тая намінацыя, якая найбольш дакладна адлюстроўвае сутнасьць нашага тэатру».

Напярэдадні, у студзені, спэктакль Свабоднага Тэатру «Кароль Лір» увайшоў у дзясятку галоўных тэатральных падзеяў году ў Чыкага.

З нагоды атрыманьня прэміі мы пагаварылі зь Мікалаем Халезіным.

Сяргей Шупа: Мікалай, гэта ўжо ня першы посьпех вашага тэатру на Захадзе. Скажыце, у чым ваш сакрэт?

Мікалай Халезін: Прызнаюся, гэтае пытаньне паставіла мяне ў тупік. Я ніколі не задумваўся над тым, што можна лічыць першапрычынай нашага посьпеху ў сьвеце. З аднаго боку, няспыннае разьвіцьцё, і ня толькі ў прафэсійнай тэатральнай сфэры, але і ў розных іншых: у сацыяльнай, палітычнай, эканамічнай — гэта дае больш шырокі гарызонт бачаньня. З другога, мабыць, прынцыповасьць у выказваньні — калі ты кажаш тое, што думаеш, нягледзячы на асяродзьдзе, якое табе супраціўляецца. Гэтае супрацьстаяньне з асяродзьдзем дае новыя імпульсы для творчасьці, паколькі закладзены тут драматургічны канфлікт надзвычай прадукцыйны для творчасьці.

Але напэўна ўсё ж галоўнае ў посьпеху — гэта адкрытасьць да любой тэмы, уключаючы табу. Паколькі, калі паглядзець на наш 12-гадовы маршрут, самыя яскравыя пікі посьпеху супадалі са спэктаклямі, тэмы якіх эмацыйна білі ня толькі ў грамадзтва, але і у нас саміх. Гэта балюча, але толькі ў гэтым выпадку цябе разумее і табе суперажывае заля ў любым пункце сьвету.

СШ: Як уплываюць на вашу творчасьць падзеі ў Беларусі? У сьвеце?

МХ: Усе нашы спэктаклі так або інакш пра сёньняшні дзень — але мы спрабуем зрабіць гэтую размову не газэтнай, не эфэмэрна-актуальнай, а прыўнесьці ў яе яскравую мастацкую вобразнасьць. Толькі ў гэтым выпадку можна разьлічваць з гледачом на ўзаемнасьць. Плюс інавацыйнасьць, якая закладаецца ў нашы спэктаклі і якая прыцягвае ў лік прыхільнікаў ня толькі гледачоў, але і прадстаўнікоў індустрыі.

Калі зірнуць на наш рэпэртуар, то відавочна, што пераважная тэма нашых тэатральных дасьледаваньняў — гэта Беларусь. Мы жывем у цяжкі час, але час гэты дае велізарную колькасьць падставаў для творчасьці. Пэрыяды супрацьстаяньня ў грамадзтве — ці то пратэст, вайна або рэвалюцыя — гэта мноства гісторый: вялікай любові, нараджэньня герояў, здрадаў, праявы мужнасьці ... Гэтыя гісторыі цікавыя ня толькі беларусам, яны цікавыя ў любой краіне сьвету, паколькі аснова чалавечай сутнасьці ўсюды аднолькавая.

Да прыкладу, мы зрабілі дакумэнтальны спэктакль «Час жанчын», пра трох дзяўчат, якія ўтрымваюцца ў турме КДБ пасля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Нам здавалася, што гэты спэктакль ужо сапраўды будзе цікавы толькі беларусам. Але, у выніку, ён з посьпехам быў паказаны ў Лёндане, Празе, Лос-Анджэласе, Нью-Ёрку, і ўсюды ён прайшоў з велізарным посьпехам, атрымаўшы захопленыя рэцэнзіі. Цікава, што ў кожнай амэрыканскай рэцэнзіі пісалася пра тое, што амэрыканцам варта зьвярнуць увагу на досьвед, паказаны ў спэктаклі, бо ў цяперашняй Амэрыцы ня трэба ні ад чаго заракацца.

Тэатар інэртны ў сваёй сутнасьці, і, пры тым, што брытанскі тэатар хутка рэагуе на гістарычныя падзеі, ніводнага спэктаклю на тэму Брэкзыту яшчэ ня створана. Як няма яшчэ ніводнага спэктаклю на тэму Трампа. Але калі вывучыць тэму Брэкзыту тэатральнымі сродкамі варта, і гэта цікава, то я ня думаю, што варта тэатру паглыбляцца ў тэму асобы Дональда Трампа. Нам заўсёды спрабавалі навесіць ярлык палітычнага тэатру, але ў нас у тэатры ні ў водным спэктаклі не гаворыцца пра Лукашэнку. Не таму што мы баімся або грэбуем. Проста нам здаецца, што ён — следзтва, а не прычынай таго, што адбываецца ў Беларусі. Таму нам цікавыя людзі, якія жывуць у нашай краіне — яны прычына і яны той інструмэнт, які можа ўсё выправіць.

СШ: Што азначае для вас гэты цяперашні посьпех?

МХ: Самае цікавае, што ніякіх адчувальных дывідэндаў тэатар ад гэтых посьпехаў не атрымае. У нас ёсьць свая краіна, але ў нас няма сваёй дзяржавы. Той якая магло б адэкватна ацаніць карысьць для беларускага грамадзтва, якую прыносім мы. Але ёсьць відавочны плюс для тых, хто ідзе за намі. Ім будзе лягчэй, бо мы стварылі чарговыя прэцэдэнты — калі такія сур’ёзныя краіны, як ЗША і Вялікабрытанія прынялі тэатар Беларусі не як экзотыку з Усходняй Эўропы, а на роўных, як творчую адзінку, здольную спаборнічаць з найлепшымі тэатральнымі калектывамі сваіх краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG