Былы міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко, якога Лукашэнка звольніў за карупцыю, ужо некалькі месяцаў працуе першым намесьнікам старшыні «Беларускай фэдэрацыі шахмат», як заўважыў «Беларускі партызан».
У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка вызваліў Аляксандара Шамко з пасады міністра спорту і турызму Беларусі за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамасных арганізацыях».
Гэта адбылося пасьля таго, як за шматлікія факты хабару затрымалі былога дырэктара Палаца спорту Сяргея Прановіча. На судзе над Прановічам сьледзтва казала пра 178 эпізодаў хабару і махлярства, у выніку яго асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 178 эпізодаў хабару і махлярства. Судзяць былога дырэктара менскага Палацу спортуАляксандар Лукашэнка тады казаў, што Шамко ня мог пра гэта ня ведаць.
Пасьля звальненьня Аляксандра Шамко адправілі ў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, дзе ён служыў да сваёй кар’еры ў спартовай сфэры. У пачатку гэтага году хадзілі чуткі, што Шамко могуць прызначыць новым гендырэктарам «Менск-Арэны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «адкамандзіраваў» экс-міністра спорту назад ў МНС
Чым вядомы Аляксандар Шамко
49-гадовы Алякандар Шамко быў прызначаны на пасаду міністра спорту і турызму 31 кастрычніка 2012 году, да таго працаваў 4 гады намесьнікам міністра па надзвычайных сытуацыях, раней працаваў на розных пасадах у ратавальных службах.
Калі Шамко заступіў на пасаду міністра спорту і турызму, то на словах абвясьціў «вайну допінгу». Аднак чыноўніка наўрад ці можна абвяшчаць пераможцам ў ёй. Напярэдадні апошніх Алімпійскіх гульняў Шамко заяўляў, што ў міністэрстве «адмовіліся ад мэдальнага плянаваньня».
Пры Шамко Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў васьмі дзясяткаў краінаў — у межах «бязьвізу» Беларусь наведалі за першы год 83 тысячы турыстаў.
Але таксама пры Шамко былі гучныя суды, зьвязаныя з карупцыяй у спорце, як то справа футбольнага арбітра, які «спрыяў» прызначэньню правільных судзьдзяў на гульні за 100–200 даляраў, або справа з дамоўнымі гульнямі з удзелам ФК БАТЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штрафбат» для карупцыянэраў. Як былы дырэктар мясакамбінату кіраваў гаспадаркай на загад Лукашэнкі