У 1991 годзе Ўладзімер Мулявін стварыў праграму «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча. Песьню «Пагоня» з гэтага цыклю прапаноўвалі на гімн незалежнай Беларусі. Ці не за гэта заснавальнік «Песьняроў» трапіў у нацыяналісты?
Лукашэнка: Давялося Мулявіна падымаць на вышыню
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Яўгенам Куйвашавым расказаў, як асабіста ратаваў ад «нацыяналістычнага чаду» заснавальніка легендарнага ансамбля «Песьняры», нараджэнца расейскага Ўралу Ўладзімера Мулявіна.
«Мы ўважліва ставімся да памяці Ўладзімера Георгіевіча, падтрымліваем усю яго творчасьць. Гэта наш агульны гонар — Валодзя Мулявін, якога я добра ведаў, зь якім быў вельмі дружны. Пасьля нацыяналістычнага чаду (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне давялося яго як нашага, рускага чалавека падымаць на вышыню. Я беларусам сказаў: гэты рускі расеец навучыў нас размаўляць на беларускай мове», — пахваліўся Лукашэнка.
Нязьменны лідэр «Песьняроў» памёр у 2003 годзе ад траўмаў пасьля аўтамабільнай аварыі.
Нягледзячы на гучныя заявы Лукашэнкі, сродкаў на помнік легендарнаму музыку ў Беларусі не знайшлося. Скульптуру побач зь філярмоніяй паставілі дзякуючы фінансавай дапамозе ўраду Сьвярдлоўскай вобласьці і асабістай падтрымцы губэрнатара Яўгена Куйвашава.
Дык што меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, кажучы пра «нацыяналістычны чад», у які нібыта спрабавалі ўцягнуць Уладзімера Мулявіна?
Яшчэ адзін нараджэнец Расеі Ўладзіслаў Місевіч (ён родам з Арэнбургу) стаў поруч з Уладзімерам Мулявіным 50 гадоў таму. Гэта адбылося ў часы філярманічных «Лявонаў» — у 1970-м калектыў быў перайменаваны ў «Песьняры» для ўдзелу ў саюзным конкурсе, але назва прыжылася і яе пакінулі. 20 гадоў таму з прычыны ўнутраных разыходжаньняў Місевіч з часткай музыкаў заснаваў альтэрнатыўны праект «Беларускія песьняры», але па-ранейшаму лічыць калегу непераўзыдзеным майстрам.
«Вянок»: Прэзэнтацыя ў ААН і адзіны паказ у філярмоніі
На думку музыкі, у «нацыяналісты» афіцыйная прапаганда магла залічыць Уладзімера Мулявіна за аўтарства праграмы «Вянок», якая ў 1991-м зьявілася да 100-годзьдзя Максіма Багдановіча. Дакладней, за адну рэч з цыклю, якую потым прапаноўвалі ў якасьці гімну незалежнай Беларусі.
«Муля, як мне падаецца, ні пад кога не прагінаўся, у яго на першым месцы была творчасьць, — расказвае Місевіч. — Так зьявілася праграма „Вянок“ на вершы Багдановіча. Зразумела, была там і „Пагоня“ — як эпізод вялікага цыклю. І калі здарылася незалежнасьць, абвясьцілі конкурс на новы гімн. Мулявіну прапанавалі таксама паўдзельнічаць. Ён быў ня супраць, чаму не? Але пакуль думалі ды прыкідвалі, здарыліся прэзыдэнцкія выбары, пытаньне само сабой замылілася. Бадай, гэта адзіны выпадак, які можна залічыць у праявы так званага „нацыяналізму“».
Галоўная ідэя Ўладзімера Мулявіна, кажа былы паплечнік, палягала ў тым, што асоба Максіма Багдановіча ў Беларусі засталася недаацэненай. У тым ліку і «Песьнярамі», бо выконвалі толькі ягоную «Вераніку». Празь «Вянок» рэпэртуар прырос адразу на паўтара дзясятка твораў. Мулявін рабіў гэта зусім ня дзеля «нацыяналізму», бо «палітык зь яго быў ніякі», запэўнівае Ўладзіслаў Місевіч.
Зрэшты, канцэртны лёс «Вянка» аказаўся зусім нядоўгі. Прэзэнтацыя адбылася ў лістападзе 1991 году ў бібліятэцы ААН у Нью-Ёрку — у прысутнасьці кіраўніка беларускай дыпмісіі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Генадзя Бураўкіна і шматлікіх замежных гасьцей.
«Калі Мулявін завяршыў „Вянок“, далучыўся міністар замежных спраў Пётар Краўчанка, які прабіў магчымасьць упершыню паказаць беларускую праграму ў ААН, — працягвае Ўладзіслаў Місевіч. — Але трэба было знайсьці 10 тысяч даляраў на дастаўку калектыву і інструмэнтаў. Муля шмат пахадзіў па высокіх кабінэтах, усюды адмаўлялі. Тады Пётар Кузьміч сам здабыў у нейкім банку грошы, і мы паляцелі. Ну клясна ж было! Увесь пасольскі корпус сабраўся, слухаў тую ж „Пагоню“. Для любой улады гэта плюс, за мяжой хоць даведаліся пра новую краіну на мапе Эўропы».
Пасьля вяртаньня артыстаў з ЗША праграма прагучала на сцэне Белдзяржфілярмоніі 9 сьнежня 1991 году, у дзень юбілею Максіма Багдановіча. Гэта быў адзіны поўнафарматны паказ, цалкам «Вянок» больш не выконваўся.
«У Мулі мог быць канфлікт хіба з самім сабой, прынамсі ні з „нацыяналістамі“, ні з „бацькам“ нейкіх спрэчак ня памятаю, — падсумоўвае Ўладзіслаў Місевіч. — Лукашэнка дапамог Мулявіну пазбавіцца ад нас, гэта трэба прызнаць. Але і мы атрымалі магчымасьць не памерці, а вольна дыхаць. Паўтаруся, проста не магло быць супярэчнасьцяў на палітычнай глебе, бо ён займаўся творчасьцю. Але калі Лукашэнка лічыць, што дзякуючы ягоным высілкам Мулявін не напісаў гімн для апазыцыі, ну дык яму лепш відаць...»
Сёлета Ўладзіслаў Місевіч скончыў кнігу пра ваколпесьняроўскае закулісьсе пад назвай «Песняры. Я роман с продолженьем пишу...»
«Песьняры»: колькі клонаў паўстала з арыгіналу
Творчы крызіс у «Песьнярах» намеціўся ў канцы 1990-х, яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Мулявіна.
Гэта, паводле саміх удзельнікаў ВІА, было справакавана цэлым шэрагам прычын. Найперш, незапатрабаванасьць калектываў, якія працавалі ў жанры «савецкай эстрады». Па-другое, статус дзяржаўнага ансамбля, што азначала ўзгадненьне і цэнзураваньне рэпэртуару. Па-трэцяе, узаемная стомленасьць музыкаў адзін ад аднаго на фоне злоўжываньня Мулявіна алькаголем.
Пасьля сьмерці ідэйнага натхняльніка пачалі множыцца самастойныя гурты. Ня менш як дзясятак з прэтэнзіяй на пераемнасьць ад арыгіналу разьяжджае па постсавецкіх краінах. Вось толькі самыя вядомыя.
Першымі адкалоліся Ўладзіслаў Місевіч і Валер Дайнэка — яшчэ ў 1998 годзе перабраліся ў Маскву і зарэгістравалі там альтэрнатыўны гурт «Беларускія песьняры».
Спадкаемцамі аўтэнтычнага калектыву лічаць сябе ўдзельнікі Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песьняры». Доўгі час мастацкім кіраўніком там быў Вячаслаў Шарапаў, пасьля адстаўкі ягонае месца заняў Раман Козыраў. Фінансуе праект Міністэрства культуры.
Ёсьць таксама «Песьняры» пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча. Яны паўсталі ў 2003 годзе ў выніку дэмаршу, калі пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна прызначылі новых дзяржаўных адміністратараў.
Ад 2004 году існуе гастрольны праект «Песьняроў» былога адміністратара дзяржаўнага ансамбля Ігара Сьвечкіна.
Да 2006 году давала канцэрты каманда «Лявоны-Песьняры», якую сабраў ударнік клясычнага складу Аляксандар Дзямешка. Пасьля яго сьмерці дзейнасьць мінімізаваная.
У 2008 годзе ўзьнік гурт «Лявоны», дзе сабраліся маладыя музыкі, якія ніколі ня гралі разам з Уладзімерам Мулявіным.
Саліст Анатоль Кашапараў арганізаваў гурт «Песьняры» імя Мулявіна, зь якім выступае толькі «па вялікіх сьвятах».
Існуе яшчэ некалькі сэзонных калектываў, якія зарабляюць, выконваючы старыя песьняроўскія песьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мулявін меў шанец выжыць, — падарожжа ў Лапаравічы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-гітарыст «Песьняроў» і «Сузор’я» Растопчын — пра жыцьцё ў Нью-Ёрку і зьмены ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Арлоў: Безь «Песьняроў» мы былі б іншымі