Дзяўчынка з Зэльвеншчыны, якую бацька выцяў аб сьцяну, памерла

Ілюстрацыйнае фота

Чатырохгадовая дзяўчынка з Зэльвенскага раёну, якую на мінулым тыдні моцна зьбіў бацька, памерла 20 кастрычніка. Інфармацыю пацьвердзілі ў Зэльвенскім сельсавеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наносіў удары рукамі і нагамі, пасьля кінуў у сьцяну». У Зэльвенскім раёне 25-гадовы мужчына ледзь не забіў дачку

Выпадак здарыўся ў мінулую пятніцу, 18 кастрычніка. Каля 23.30 у міліцыю паступіла паведамленьне з установы здароўя пра дзяўчынку 2015 году нараджэньня са шматлікімі пашкоджаньнямі і ў непрытомным стане.

Высьветлілася, што каля 20.00 18 кастрычніка бацька зьбіў дзяўчынку за тое, што яна яго не паслухалася. Мужчына трос дзіця, наносіў удары рукамі і нагамі. Затым некалькі разоў кінуў на тахту, а таксама ў сьцяну, пасьля чаго дачка страціла прытомнасьць.

Спалохаўшыся, мужчына выклікаў хуткую дапамогу, да прыезду мэдыкаў сам спрабаваў прывесьці дачку ў прытомнасьць.

Вядома, што дзяўчынка зь сястрой, якая нарадзілася ў 2016 годзе, знаходзіліся пад апекай бацькі. Дзяцей раней адбіралі з прычыны сацыяльна-небясьпечнага становішча ў сям'і, а ўвосень 2018 году вярнулі. Іхная маці пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Мужчына пражываў з сужыцелькай, у якой таксама ёсьць адно дзіця.

25-гадовы мужчына затрыманы. Зэльвенскім раённым аддзелам Сьледчага камітэту заведзена крымінальная справа за замах на забойства заведама малалетняй асобы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.