2 023 989 чалавек прайшлі перапіс насельніцтва Беларусі праз інтэрнэт за 4–18 кастрычніка. Агулам перапісалі ўжо 4,8 млн чалавек. Магчымасьць перапісацца на сайце закрываецца пасьля 18-га — застаюцца стацыянарныя ўчасткі і перапісчыкі, якія ходзяць па хатах.
Што важна ведаць цяпер:
- Перапіс на стацыянарных участках (сьпіс з адрасамі) і па месцы жыхарства будзе працягвацца да 30 кастрычніка ўключна. «Рэзэрвовых дзён» пасьля гэтага няма.
- Ад 21 кастрычніка перапісчыкі могуць завітаць і да тых, хто ўжо прайшоў перапіс праз інтэрнэт — ім тады варта паказаць «віртуальны сэртыфікат», што выдалі па выніках інтэрнэт-перапісу.
- Ужо быў прынамсі адзін выпадак, калі махляр-«ілжэперапісчык» скраў грошы ў пэнсіянэркі.
- Сапраўднага перапісчыка можна пазнаць па пасьведчаньні зацьверджанага ўзору (пярэдні і задні бок), таксама перапісчык павінен мець спэцыяльную торбу і Android-пляншэт з адмысловай праграмай для перапісу.
- Перапісны ліст выглядае вось так, ёсьць таксама ўзоры іншых дакумэнтаў перапісу.
- Грамадзяне маюць права і не пусьціць перапісчыка, і наогул не праходзіць перапіс: у прынцыпе, у законе аб перапісе сказана, што ўдзел у перапісе — гэта абавязак рэспандэнта, але ніякай адказнасьці за адмову не прадугледжана.
- Раней беларусы неаднаразова паведамлялі, што асобныя перапісчыкі не пыталі пра родную мову і «аўтаматычна» запісвалі роднай расейскую. Пра тое, каб перапісчыкаў за такое каралі, не паведамлялася.