«Калі ніхто ня будзе змагацца, людзей зробяць рабамі»: Блогера з Воршы зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты

Зьміцер Казлоў

Зьміцер Казлоў вядзе блог «Серый кот», гэта і ягонае хобі, і праца. У Палату прадстаўнікоў ён вырашыў балятавацца, каб дагрукацца да людзей, якія не глядзяць палітычных блогераў у інтэрнэце. У перамогу верыць слаба, але ня супраць арганізаваць трансьляцыю з паседжаньняў парлямэнту.

Зьмітру 31 год, жыве ў Воршы, пасьпеў папрацаваць на авіярамонтным заводзе і льнокамбінаце і ўжо некалькі гадоў займаецца сваім блогам. Разам зь ім у акрузе кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя 7 чалавек. Свабода распытала Зьмітра пра дэпутацкія амбіцыі і праблемы людзей.

Пра выбарчую кампанію і людзей

«Я думаў, што спачатку будуць правакацыі ці фальсыфікацыі, але, на дзіва, усё было спакойна. Думаў, што будуць ціснуць на людзей з ініцыятыўнай групы. Нічога такога не было. У мяне было ўсё добра з дакумэнтамі, я падаваўся па партыйных сьпісах БНФ. Сьпярша я зьбіраў подпісы, але пасьля пайшоў па сьпісах. Я сабраў каля 350 подпісаў.

Людзей, якія былі на пікетах і якіх абыходзіў, можна падзяліць на некалькі катэгорый. Самая вялікая — гэта людзі, якія цябе проста не заўважаюць. Сярод тых, хто ўсё ж падыходзіў, шмат людзей не разумеюць, якія паўнамоцтвы ў дэпутатаў. Людзі пыталіся пра гарачую ваду, пра добраўпарадкаваньне двароў. Ёсьць частка, якія лічаць, што трэба змагацца, што трэба даваць дарогу маладым. Быў нават адзін прарасейскі манархіст, які сказаў, што ў нас цар Уладзімір Уладзіміравіч. Такі мужчына з георгіеўскай стужкай на ровары».

Пра дзейнасьць у Палаце прадстаўнікоў

«Я не зьяўляюся сябрам „Эўрапейскай Беларусі“, але я іду зь імі па адзінай праграме. Асноўныя яе тэзісы: абарона сувэрэнітэту, вяртаньне свабодных выбараў, паляпшэньне дабрабыту людзей і экалёгія, закрыцьцё АЭС, зьніжэньне колькасьці дзяржаўных прадпрыемстваў. На жаль, у нашым лялечным парлямэнце дэпутат наўрад ці сурʼёзна зможа на нешта ўзьдзейнічаць. Ёсьць досьвед Ганны Канапацкай і Алены Анісім, але агулам дэпутатаў 110. Нават пры вялікім жаданьні яны ня могуць заблякаваць прыняцьце дэкрэтаў Лукашэнкі.

Але калі ў парлямэнце ёсьць нехта адэкватны, хто можа даносіць ідэі да эўрапейскіх палітыкаў, да людзей, узьдзеяньне магчымае. Бо калі ня будзе кандыдатаў ад апазыцыі, нічога добрага ня будзе. Ну будзе сядзець чарговы былы начальнік РАУСа ці нейкага прадпрыемства і галасаваць „як трэба“. А бюджэтныя сродкі ж на гэта трацяцца».

Пра працу і грошы

«Блог — гэта маё хобі і праца адначасова. Я зарабляю на гэтым дзякуючы данатам (ахвяраваньні падпісчыкаў). Гэта я і дэкляраваў пры рэгістрацыі кандыдатам, і пытаньняў ня ўзьнікла. Пасьля школы я паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, правучыўся там 4 гады, але ня скончыў.

Узнаўляцца туды не хачу, бо цяпер у мяне іншы занятак, грошы на гэта трэба. Дый выключаць, калі пабачаць на мітынгу. З 2014 году я афіцыйна „дармаед“. Я працаваў і на авіярамонтным заводзе, 6 гадоў працаваў на льнокамбінаце».

Пра беларускую палітыку

«Калі не займацца палітычнымі пытаньнямі, можна аказацца ў дрэннай сытуацыі. Зараз ёсьць дэкрэт аб „дармаедах“, ёсьць праблемы з адтэрміноўкамі ад войска ў студэнтаў. Калі ніхто ня будзе супраціўляцца, будуць усё новыя і новыя падаткі і паборы, дойдзе да рабства проста. Упершыню ў палітыку я трапіў, калі выйшаў на „Марш дармаедаў“ у Воршы ў 2017 годзе. Пасьля гэтага я пачаў хадзіць на мітынгі, весьці блог з падзеяў».

Пра стрым з парлямэнту

«Калі б мне такое дазволілі, я б паспрабаваў. Я б параіўся зь юрыстамі і падрыхтаваў бы законапраект, які б дазволіў зрабіць трансьляцыю з усіх паседжаньняў. Але я разумею, што выбараў у нас няма. Таму мы выкарыстоўваем агітацыю, каб можна было легальна працаваць зь людзьмі. Бо адзіная магчымасьць дагрукацца да людзей, якія не глядзяць у інтэрнэце палітычныя каналы, гэта сустрэць іх на пікеце ці прыйсьці да іх дамоў. Але думаю, што могуць пусьціць у парлямэнт зусім ляяльных прадстаўнікоў апазыцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Абрамава: наперадзе вялікая турбулентнасьць і вельмі вялікія зьмены