За год колькасьць электрамабіляў у Беларусі павялічылася на 160 машын. Пра гэта распавёў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізаў, піша БелТА.
360 электрамабіляў налічылі сёлета ў Беларусі, летась іх было каля 200, паведаміў Уладзімер Сізаў.
Першы электрамабіль быў зарэгістраваны ў Беларусі ў 2014 годзе.
Самыя папулярныя мадэлі электрамабіляў у краіне на сёньня - Fiat 500e, Chevrolet Volt і Tesla. Аднак беларусы ў асноўным набываюць патрыманыя электрамабілі, а новых, набытых у афіцыйных дылераў, налічваюцца адзінкі: у 2018-м іх было 2, за 8 месяцаў 2019-га – 8, паведамляў раней старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч.
3️⃣ факты пра электрамабілі ў Беларусі
- Уласьнікі электрамабіляў у Беларусі ня плоцяць дарожны збор. На момант публікацыі ён складае ад 76 да 281 рублёў у залежнасьці ад масы аўтамабіля.
- Дзяржаўным апэратарам па стварэньні ў краіне сеткі электразаправак зьяўляецца канцэрн «Белнафтахім». Цягам 5 гадоў зарадныя станцыі «Белнафтахіму» былі бясплатнымі, але сёлета частка станцый стала платнай. Плянуецца, што да канца 2019 году колькасьць зарадных станцый павінна перавысіць 250.
- Уласьнікі электрамабіляў прасілі дазволіць фізычным асобам легалізаваць вынасныя разэткі ў шматкватэрных дамах і зьменшыць тарыфы на электраэнэргію для электратранспарту пасьля запуску БелАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец прадаў кватэру, каб распрацоўваць у Менску зарадныя станцыі для электрамабіляў. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Электрарэвалюцыя. Навошта Нарвэгія масава пераходзіць на электрычны транспарт?