Былая дэпутатка Вольга Абрамава выйгравала выбары ў Палату прадстаўнікоў у 2000 і 2004 гадах. А ў 2008 годзе яна ня стала дэпутаткай. Аналітыкі пісалі, што яе «не прызначылі», а Вольга Абрамава заявіла пра фальсыфікацыі.
Ці падобны выпадак Анісім і Канапацкай да сытуацыі з Абрамавай 2008 году
Як Вольга Абрамава ставіцца да таго, што Алену Анісім і Ганну Канапацкую сёлета не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты? Ці нагадвае гэта яе сытуацыю ў 2008 годзе?
«Чаму? Мяне зарэгістравалі. Па экзыт-полу ў мяне было 75%. У мяне было зусім іншае. Я зрабіла ў гарвыканкаме вялікі скандал, калі сказалі пра ратацыю праз два тэрміны дэпутатаў. Я сказала, што раціруюць толькі прэзыдэнтаў праз два тэрміны. А дэпутатаў раціруюць толькі выбаршчыкі, і дэпутат можа абірацца столькі разоў, колькі пажадае і наколькі ў яго ёсьць сіл і магчымасьцей. І задала пры ўсіх пытаньне пра гэта тагачаснаму мэру Паўлаву.
І калі ён заявіў, што будзе так, як яны кажуць, я спытала: а вы будзеце здымаць з выбараў тых, хто ня згодны з канцэпцыяй двух тэрмінаў? Паўлаў літаральна закрычаў: „Што вы сабе дазваляеце, Вольга Міхайлаўна?!“ Гэта было вельмі дзіўна. Я сказала: дазваляю тое, што лічу патрэбным. „Не, канечне, ня будзем здымаць“. І мяне не зьнялі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая і Анісім пракамэнтавалі свой нядопуск да выбараў
Вольга Абрамава кажа, што зрабіла выбары за паўгода да дня галасаваньня, і гэтага «ўлада ня ведала». Яна працавала з 14 грамадзкімі арганізацыямі ў сваім раёне, і яе асноўнае абяцаньне — што «дзьверы дэпутата Абрамавай заўсёды будуць адчыненыя для яе выбарцаў».
Яна кажа, што ў яе была прамая пастаянная сувязь з выбарцамі, у тым ліку тады, калі яна працавала над законапраектам аб абароне правоў спажыўцоў жыльлёва-камунальных паслуг. Абрамава кажа, што яе ведалі «як аблупленую», яна вяла па пяць прыёмаў у месяц.
«Я абсалютна не прасіла людзей займацца агітацыяй, бо ведала, што яны будуць гэта рабіць па добрай волі. І ў дварах бабулек агітавалі, і ў грамадзкім транспарце выкрыквалі: „Галасуйце толькі за Абрамаву! Яна нам зрабіла тое і тое“. Яны рабілі гэта добраахвотна, я гэта не кантралявала. Уся праца была зроблена загадзя.
Ну, і маё галасаваньне супраць адмены льготаў спрацавала калясальна. Потым я дапамагала, напрыклад, дзецям вайны, вязьням канцлягераў. Таму я не хвалявалася за вынік выбараў. Я была ўпэўненая ў выніку. Таму ў мяне выпадак крыху іншы», — сказала Вольга Абрамава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатак Анісім і Канапацкую не зарэгістравалі кандыдаткамі на парлямэнцкіх выбарах. Каго яшчэ?
Вольга Абрамава кажа, што на выбарах «прайшла, але ня стала дэпутатам».
«Бо тады ўпершыню на маёй акрузе быў маштабна праведзены экспэрымэнт, які потым увайшоў у практыку. Замест укіду пачалі рабіць татальнае перапісваньне пратаколаў».
Чаму не прапусьцілі на другі тэрмін Анісім і Канапцкую
Але чаму ўсё ж улады ня хочуць бачыць Анісім і Канапацкую ў Палаце прадстаўнікоў?
«Проста яны ня хочуць стаяць і весьці справаздачу, атрымліваць непрыемныя пытаньні. Людзі, якія ўпершыню абраліся дэпутатамі, разгортваюць спаўна свой патэнцыял толькі з другога заходу. У першым складзе яны напрацоўваюць вопыт. У другім складзе людзі паводзяць сябе значна больш свабодна. Яны яшчэ не разгарнуліся, ні тая, ні другая.
І ў чым прычына? Відавочна, толькі ў тым, што наперадзе вялікая турбулентнасьць і вельмі вялікія зьмены. І ня хочацца, каб нехта ставіў палкі ў колы», — лічыць Вольга Абрамава.
Чаму Абрамава не вылучалася сёлета
Вольга Абрамава дадала, што сама не вылучалася на гэтых выбарах, бо для яе «гэтая тэма закрытая».
«Я ў гэтым больш не бяру ўдзелу. Я, наадварот, была шчасьлівая, што лёс адпусьціў мяне жывой, бо я ня тое што напрацавалася, у мяне адбылося поўнае эмацыйнае выгараньне. Гэта была страшэнная праца.
У другім скліканьні гэта быў поўны кайф, бо там было шмат аднадумцаў, якія былі настроеныя вельмі крытычна, значная частка да эканамічнага курсу, але і да палітычнага курсу. Гэты склад патэнцыйна нават быў значна мацнейшы за Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.
Але патэнцыялу раскрыцца не далі. Пасьля другога скліканьня вычысьцілі тых, хто мог на сябе ўзяць ролю застрэльшчыкаў. А калі пасьля выбараў ты глядзіш па баках і бачыш, што ты адзін, то разумееш, што ты наступны кандыдат на вылет.
Вось гэтыя агучваньні не садзейнічаюць цудоўнаму сьветаадчуваньню, задавальненьню сабой і сваёй працай. Паўтараю, гэта была цяжкая праца, гэта былі галеры».
Ці ёсьць ва ўлады падрыхтаваныя сьпіс
А ўсё ж ці ёсьць, на думку Абрамавай, загадзя падрыхтаваныя сьпісы тых, хто мае прайсьці ў Палату прадстаўнікоў?
«Ну вось у „Нашай Ніве“ апублікаваныя, вось паглядзім па гэтым сьпісе. Па нашай акрузе — зь вялікім засмучэньнем мяркую, што кандыдатура недарэчная будзе аб’яўленая пераможцам. Прозьвішча я называць ня буду. Гэта чалавек, які раней не адзначаўся вялікім піетэтам да сваіх выбарцаў, штораз мяняў акругу. Адзін тэрмін не даслужыў і перайшоў на недэпутацкую працу. Чаму ён прыгледзеў нашу акругу? Я думаю, што тут будзе поўны парадак, але бедныя выбарцы, яны вельмі пацярпяць».
Парада Анісім і Канапацкай
Што Вольга Абрамава параіць Алене Анісім і Ганьне Канапацкай?
«Паставіцца да гэтага спакойна. Гэта не параза. Гэта жыцьцёвы вопыт. І наступным разам, калі памяняюцца ўмовы, у іх ёсьць магчымасьць займацца палітыкай, калі яны захочуць ёю займацца».
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».