«Усе непаўналетнія, якія сядзяць за наркотыкі, падпадуць пад амністыю», — Міністэрства ўнутраных спраў

Генадзь Казакевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі

Да ўсіх 83 непаўналетніх, якія адбываюць пакараньне паводле 328 артыкула аб распаўсюдзе наркотыкаў, будзе прыменена амністыя.

Пра гэта заявіў журналістам палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнай управы па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Колькі з 83 падлеткаў ужо сёлета выйдзе на волю, а якой частцы тэрмін пакараньня будзе скарочаны на 2 гады, міліцыянт не паведаміў. Паводле Генадзя Казакевіча, амністыю прыменяць да 1600 вязьняў, асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле.

«Ужываюць інструкцыі спэцслужбаў з 30-х гадоў»

Генадзь Казакевіч прызнаў, што сёлета за першыя 9 месяцаў году падлеткі зьдзейсьнілі ўдвая больш злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, чым у адпаведны пэрыяд мінулага году. Прычын гэтаму некалькі, мяркуе палкоўнік Казакевіч. Большасьць гэтых падлеткаў былі ўцягнутыя ў распаўсюд наркотыкаў праз інтэрнэт, чвэрць такіх злачынстваў учынена ў складзе арганізаваных групаў, паведаміў міліцыянт. Пры гэтым Генадзь Казакевіч не пагадзіўся з тлумачэньнем, што маладыя людзі ў асноўным становяцца ахвярамі сваёй неінфармаванасьці.

«Гэта няпраўда, што яны не разумеюць, куды іх запрашаюць, калі бачаць аб’явы пра добрую працу кур’ерам. У 90% выпадкаў падлеткі добра ўсьведамляюць, што гэта праца „мінёра“ і гэта злачынства», — мяркуе палкоўнік Казакевіч.

Паводле міліцыянта, працадаўцы маладых наркадылераў не хаваюць ад іх, што прапануюць ім злачынны бізнэс, але пры гэтым абяцаюць навучыць, як хавацца і пазьбегнуць адказнасьці.

«Нават ужываюць інструкцыі спэцслужбаў 30-х гадоў», — заўважыў палкоўнік міліцыі.

Новы фактар, паводле Казакевіча, — тое, што частка моладзі ставіцца да распаўсюду наркотыкаў «як да бізнэсу», і таму звычайныя прафіляктычныя захады на іх ня дзейнічаюць.

«Ёсьць падлеткі, якія асэнсавана пайшлі на гэтае злачынства, для іх галоўнае — карысьлівы матыў, атрыманьне прыбытку. Мы канстатуем, што для гэтай катэгорыі моладзі звычайныя прафіляктычныя захады ня дзейнічаюць. Цяпер мала павесіць інфармацыю пра адказнасьць у школе ці пагаварыць на гэтую тэму на бацькоўскім сходзе. Словы павінны дайсьці, быць зразумелымі», — заўважыў Генадзь Казакевіч.

Міліцыянт прапанаваў працаваць сумесна з актывістамі грамадзкіх арганізацый, у тым ліку з тымі, якія выступаюць за іншыя падыходы ў вырашэньні праблемы наркотыкаў, як рух «Маці 328».

Раней на кантакт з актывісткамі гэтай арганізацыі ў МУС ішлі неахвотна. Старшыня руху «Маці-328» Ларыса Жыгар вітала прапанову больш шчыльнага супрацоўніцтва з праваахоўнікамі. Але на інфармацыю пра ўжываньне амністыі да ўсіх непаўналетніх вязьняў-328 Ларыса Жыгар глядзіць скептычна.

Ларыса Жыгар

«Што 100% амністыя ў іх будзе, ня веру, бо сярод падлеткаў ёсьць і 4 частка 328 артыкула, зь якой справы аб амністыі адразу адкладаюць убок. Мы галадоўку праводзілі, каб гэтую 4 частку зьнялі зусім, бо там вельмі няпэўныя крытэры, шмат спраў прыцягнутыя да гэтай часткі штучна, бяздоказна, але нічога пакуль не ўдаецца.

Да таго ж некаторыя непаўналетнія вязьні-328 маюць спагнаньні за парушэньні парадку ў калёніі, што пазбаўляе іх шанцаў на амністыю. „Маці-328“ скардзіліся на такую практыку ў прадстаўніцтва ААН у Беларусі, але станоўчага выніку гэта не дало.

Што да амністыі да дарослых вязьняў-328, дык яна, па маіх зьвестках, ідзе пакуль вельмі марудна. Да тых, каго асудзілі за час пасьля амністыі па 328 артыкуле, тым 2 гады здымаюць, але ня ведаю яшчэ ніводнага факту, каб каго вызвалілі з калёніі», — пракамэнтавала сытуацыю Ларыса Жыгар з руху «Маці-328».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У турме выдалі бушлат з надпісам «пажыцьцёвае зьняволеньне». Гісторыі падлеткаў, якіх асудзілі «за наркотыкі»

«Мы закрылі 400 сайтаў»

Чаму, прыкладаючы вялікія намаганьні, не ўдаецца апэратыўна закрываць сайты, якія прапануюць працу па распаўсюджваньні наркотыкаў і псыхатропаў? Паводле палкоўніка Генадзя Казакевіча, Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў Мінінфармацыі 399 паведамленьняў аб абмежаваньні доступу да сайтаў, на якіх была зьмешчана незаконная інфармацыя пра наркотыкі.

«Гэтыя захады дзейнічаюць, але цяпер час інтэрнэту», — сказаў Генадзь Казакевіч і адзначыў, што закрываць інтэрнэт, як у Паўночнай Карэі, немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыехалі бульбу саджаць, а іх затрымалі «за наркотыкі». Судзяць беларусаў, якія нібыта вазілі какаін з Дамініканы


Паводле Генадзя Казакевіча, з 2014 году ў паўтара раза скарацілася колькасьць нарказлачынстваў, атручэньняў псыхатропамі стала ў 4 разы меней, у 1,7 раза меней зафіксавана перадазовак са сьмяротным вынікам. Пры гэтым наркапагроза ня стала меншай: у параўнаньні з тым жа 2014 годам наркотыкаў і псыхатропаў вымаюць удвая больш, прызнаў міліцыянт.

На двух былых супрацоўнікаў наркакантролю завялі справы

Пераважная большасьць наркотыкаў на рынку краіны — прывазны тавар. Наркотыкі вязуць з Расеі, Кітаю, Эўропы, Афрыкі. Ці даходзяць у праваахоўнікаў рукі ня толькі да дробных гандляроў і закладчыкаў наркотыкаў, але і да буйных наркадылераў, якія дзейнічаюць у зьвязцы з замежнымі злачынцамі?

Начальнік управы наркакантролю МУС Генадзь Казакевіч паведаміў, што сёлета было выяўлена і перакрыта 20 каналаў паставак наркотыкаў з-за мяжы. У судах прайшлі і ідуць цяпер гучныя працэсы, на лаве падсудных апынуліся дзясяткі абвінавачаных у арганізацыі распаўсюду наркотыкаў. У якасьці прыкладу палкоўнік Казакевіч прывёў працэс над 37 наркадылерамі, які нядаўна завяршыўся ў Менскім гарадзкім судзе, а праходзіў на «Валадарцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьніцу з Гомля і яе прыяцеля асудзілі на 10 гадоў калёніі за распаўсюд псыхатропных рэчываў

Сярод асуджаных за распаўсюд наркотыкаў аказаўся і былы прапаршчык міліцыі.

«Важна ня тое, што ён міліцыянт, а тое, што мы гэтага не хаваем і адказнасьці ён не пазьбег», — сказаў Генадзь Казакевіч і паведаміў журналістам пра завядзеньне крымінальных спраў на двух былых супрацоўнікаў управы наркакантролю.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла 16 кастрычніка ў Міністэрстве ўнутраных спраў, аб выкананьні дзяржаўнай праграмы па супрацьдзеяньні наркотыкам распавялі таксама прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, а таксама працы і сацыяльнай абароны.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаватая агрэсіўная рэкляма? Беларускіх падлеткаў сталі ўдвая часьцей лавіць на наркотыках