Калега Алег Латышонак зь Беластоку ў інтэрвію Эўрарадыё наконт нацыянальнай ідэі выказаў шмат цікавых думак, але і сумнеўных таксама. Напрыклад, што ў цяперашняй сытуацыі Беларусі вінаваты беларускі народ.
Але мяне як спэцыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага найбольш «зачапіла» акрэсьленьне творцаў гэтай дзяржавы Міндоўга і Гедзіміна як акупантаў: «А тыя Гедыміны і Міндоўгі — проста акупанты ў маім разуменьні». А Леў Сапега — не беларус.
Сумняваюся, што Міндоўга лічылі акупантам наваградцы, калі разам зь ім бараніліся ад «кроўных сваякоў» і аднаверцаў валынянаў з галічанамі, а не адчынялі ім брамы, як праваслаўныя праваслаўным. А піняне, як пісаў валынскі летапісец, «лесьць імаху» да галіцка-валынскіх князёў, бо не хацелі ісьці ў паход супраць Міндоўга, а потым далі збройную дапамогу Войшалку Міндоўгавічу ў 1264 г.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі гісторык Бумблаўскас: У сьне Гедзіміна жалезны воўк выў па-беларускуСумняваюся, што вялікі Гедымін лічыў сябе захопнікам, калі выпраўляў сына Альгерда ў прымы да віцебскага князя ці дэкляраваў рэлігійную талерантнасьць: «Няхай кожны шануе Бога па-свойму». Наўрад ці лічылі сябе заваёўнікамі ягоныя сыны князі Гедзімінавічы, якія амаль спрэс папрымалі праваслаўе.
Сумняваюся, што найслаўнейшага сына і наступніка Гедзіміна Альгерда лічылі акупантам у беларускіх ды ўкраінскіх землях, а да таго ж і ў многіх расейскіх, калі князі ніжагародзкі ды вяземскі цалавалі яму крыж на вернасьць, каб той бараніў іх ад татараў ды Масквы. Дарэчы, сучасныя ўкраінскія гісторыкі дзякуюць Альгерду ні многа ні мала за... вяртаньне Ўкраіны ў эўрапейскую цывілізацыю праз перамогу на Сініх водах.
Так, у XIX ст. беларусы былі сялянскім народам з асыміляванай арыстакратыяй, гэтаксама, як напрыклад, славакі, славенцы, літоўцы, латышы ды інш. І будавалі мадэрную нацыю на аснове традыцыйнай сялянскай культуры. Але кожны гэты народ абавязкова шукаў апоры ў гісторыі і па магчымасьці ў слаўнай сярэднявечнай дзяржаве. Вунь літоўцы нават прысвоілі, не пасаромеліся на 90% славянскую дзяржаву, у якой іх продкі былі непісьменныя і амаль незаўважныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць сталіцаў Беларусі. І два гарады, якія амаль імі сталіА беларусам ня трэба красці і прысвойваць чужую гісторыю, яна ў іх свая і да таго ж слаўная, укладзеная ў простую і выразную храналягічную схему:
Полацкае княства — Вялікае Княства Літоўскае — расейская акупацыя — БНР — БССР — РБ.
Мне цяжка зразумець, навошта адкідваць поўтысячагодзьдзя ўласнай слаўнай гісторыі, у якім якраз і адбылося фармаваньне беларускага народа і на якое прыпаў «залаты век», калі беларуская мова і культура ахоплівалі ўсю грамадзкую структуру ад сялян да вялікіх князёў і чаго мы да сёньня ня можам паўтарыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Скірмунты ў 1907 годзе плянавалі адрадзіць ВКЛ з трыма сталіцамі. ВІДЭАТое, што Сапега не называў сябе беларусам — не аргумэнт. Дарэчы, ягоны нашчадак князь Яўстах Севярын Сапега (памёр у 2004 г. Кеніі) якраз называў. Няхай Леў Сапега пісаў пра сваю «русінскую» мову, але ў тыя часы многія народы называліся не так як сёньня — не было, напрыклад румынаў, бэльгійцаў, украінцаў, літоўцаў, ды і палякаў у сучасным, значэньні.
Не разумею, як гісторык можа адмаўляцца ад велізарнай часткі гісторыі свайго народа — ад Міндоўга пачынаючы і Каліноўскім скончыўшы?! Проста не разумею.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.