Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што грамадзянка Расеі Ганна Багачова была затрымана ў адным з гатэляў Менску, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку.
«Ва ўстаноўленым парадку матэрыялы былі перададзеныя для вывучэньня і прыняцьця рашэньня ў пракуратуру», — паведамілі ў міністэрстве. Паводле МУС, цяпер Ганну Багачову адпусьцілі.
Абноўлена. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі заявіла Tut.by, што гэта было не затрыманьне, а «высьвятленьне абставінаў» праз тое, што прозьвішча Багачовай было «ў нашых базах зьвестак».
Раней паведамлялася, што Багачову затрымалі 13 кастрычніка каля 22 гадзіны ў адным зь менскіх гатэляў.
Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера.
Раней у амбасадзе Расеі ў Менску карэспандэнту Свабоды паведамілі, што «ўся афіцыйная інфармацыя будзе на сайце МЗС РФ ці ў сацсетках».
У афіцыйным твітэры Міністэрства замежных спраў Расеі сёньня зьявілася паведамленьне:
«Сытуацыя ў сувязі з затрыманьнем у Менску праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай знаходзіцца ва ўвазе консульскага аддзелу Пасольства Расеі ў РБ, супрацоўнікі якога аказваюць ёй прадугледжаную ў такіх выпадках консульскую падтрымку».
Прадстаўнікі прарасейскіх арганізацый у Беларусі Сяргей Лушч і Аляксандар Шпакоўскі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю.
Намесьнік пракурора Фрунзенскага раёну Менску не знайшоў падстаў для прымяненьня адносна Багачовай меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Багачову вызвалілі 15 кастрычніка.
«Генпракуратура паставіла пытаньне аб спыненьні міжнароднага вышуку адносна яе на тэрыторыі Беларусі», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Генпракуратуры РБ.
На пытаньне, ці быў запыт ЗША на затрыманьне Багачовай, у Генпракуратуры сказалі, што ў гэтым выпадку працэдура не прадугледжвае наяўнасьці запыту, таму што Багачова была ў міжнародным вышуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыкальная нацыяналістка з «фабрыкі троляў». Што вядома пра расейку, якую затрымлівалі ў Менску на запыт ЗША