У сацыяльных сетках зьявіліся ролікі «Буська для мовы», якія заклікаюць да падтрымкі беларускай мовы падчас перапісу насельніцтва, расказвае «Будзьма».
Ролікі падрыхтавала рэклямістка Юлія Ляшкевіч, ідэя — паэта і перакладчыка Віталя Рыжкова, выкананьне — Дзяніс Кузьняцоў. Відэа зробленыя пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтру.
Чаму «буська»? «Буська — слова, якое ёсьць толькі ў беларускай мове, — тлумачаць аўтары. — Буська — нявінны дзіцячы дотык; першае спазнаньне сьвету, поўнае дабра і пяшчоты; цеплыня і моц роднай мовы, якую мы засвоілі зь дзяцінства. Бо роднае — гэта тое, што абуджае нашыя пачуцьці».
У пастах заклікаюць «даць буську мове» — падчас перапісу насельніцтва пазначаць роднай беларускую (пытаньне 12, пункт 1) і падкрэсьліваюць, што, «нават калі мы ўпэўненыя, што ня ведаем мовы, яна жыве ў нашых галосных і зычных, у нашых выгуках і ўспамінах», таму для беларусаў яна родная.
Ролікі з заклікамі пазначаць беларускую мову роднай падчас перапісу пачалі зьяўляцца з пачатку кастрычніка.
З трэцяга кастрычніка, напярэдадні пачатку перапісу насельніцтва, ролікі ў падтрымку беларускай мовы сталі разьмяшчаць артысты Вялікага тэатру оперы і балету Беларусі. На старонцы ў Фэйсбуку на сёньня ўжо 5 ролікаў, у якіх адзначаецца, што «артысты Вялікага тэатра Беларусі валодаюць рускай, італьянскай, нямецкай, польскай, але роднай лічаць беларускую!»
Таксама ў дзень пачатку перапісу супрацоўніца Купалаўскага тэатру, паэтка Вольга Бабкова, апублікавала ў Фэйсбуку гумарыстычны ролік у падтрымку беларускай мовы, у якім зьняліся акторы Купалаўскага Юльляна Міхневіч і Іван Трус, з подпісам «Купалаўскі распачаў. Падтрымайце!»
Свабода да пачатку перапісу зьняла відэа, у якім спытала вядомых беларусаў — рускамоўных і беларускамоўных — як варта адказаць на пытаньне пра родную мову ў перапісе.
Яшчэ ў лютым гэтага году мэдыякампанію «Беларускамоўны» запусьціў тэлеканал «Белсат» з заклікам пазначаць беларускую мову роднай на перапісе насельніцтва. У межах кампаніі яе ініцыятар і беларускі ПЭН-цэнтар стварылі некалькі жартаўлівых ролікаў, якімі заклікалі дзяліцца праз усе магчымыя каналы.
Перапіс насельніцтва праходзіць у Беларусі 4–30 кастрычніка. Моўны разьдзел перапісу-2019 зьмяшчае два пытаньні:
- ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве);
- мова, на якой вы размаўляеце дома.
І варыянты адказаў: беларуская, расейская, польская, украінская або нейкая іншая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньні пра мову ў перапісе: як адказаць праўдзіваУ параўнаньні з апытаньнем 10-гадовай даўнасьці, выкрасьлены трэці пункт: іншыя мовы, якімі вы свабодна валодаеце. Выявілася, што адказы ніяк не адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў.
Згодна з вынікамі папярэдняй кампаніі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці). Беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі 23%. У часе перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.
Моўныя рупліўцы заклікалі суайчыньнікаў пазначаць беларускую як родную мову, засвоеную першай у раньнім дзяцінстве, і тую, на якой размаўляеце дома. Зрэшты, гэта выклікала хвалю крытыкі з боку тых, хто супраць «падтасоўваньня рэальных фактаў дзеля патрэбнай статыстыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая мова беларусу родная, або Ці магчыма «падмануць» перапіс? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Калі хочам захаваць нацыю, трэба больш увагі ўдзяляць беларускай мове» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: адносна беларускай мовы «асабліва ня парымся»