Аляксандар Лукашэнка ў вобразе Грэты Тунбэрг

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Другі форум «Менскі дыялёг» сабраў звыш 700 удзельнікаў з 59 краін сьвету. Беларускае кіраўніцтва выкарыстала яго, каб чарговы раз прарэклямаваць вобраз краіны-міратворцы.

Сьцісла

  • Лукашэнка жорстка вінаваціў палітыкаў, кіраўнікоў краін у няздольнасьці дамагчыся разрадкі міжнароднага напружаньня.
  • Кіраўнік Беларусі прапаноўваў Менск як месца для вядзеньня дыялёгу паміж канфліктуючымі бакамі.
  • Аднак статус Беларусі як краіны-міратворцы ацэньваецца экспэртамі даволі скептычна.

Пры адкрыцьці форуму шмат казалі пра ягоную ўнікальнасьць. Насамрэч, калі глядзець вачыма замежнікаў, то нічога асабліва ўнікальнага тут няма. У сталіцах суседніх краін падобныя канфэрэнцыі з больш статусным складам удзельнікаў адбываюцца рэгулярна. А вось для самой Беларусі, сапраўды, гэты фармат унікальны. Краіна паступова адкрываецца сьвету, а сьвет пачаў бачыць Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей спадзяецца, што Лукашэнка зьезьдзіць у Эўразьвяз да канца году

На форуме канстатавалася, што міжнародныя канфлікты абвастраюцца, і мэханізму іх вырашэньня пакуль няма. Вострыя дыскусіі з узаемнымі абвінавачваньнямі разгараліся паміж прадстаўнікамі Расеі і Захаду. Яны засьведчылі ня столькі несупадзеньне інтарэсаў канфліктуючых бакоў, але, што ня менш важна, адсутнасьць даверу.

Беларускае кіраўніцтва выкарыстала форум, каб чарговы раз прарэклямаваць вобраз краіны-міратворцы. 7 кастрычніка, адкрываючы форум, міністар замежных спраў Уладзімер Макей выступіў з прамовай, у якой выразна чуліся матывы канцэпцыі агульначалавечых каштоўнасьцяў, высунутай у часы перабудовы ў СССР Міхаілам Гарбачовым. Дарэчы, у Расеі апошнія 20 гадоў гэты тэрмін гучыць амаль як лаянка, сама ідэя раскрытыкаваная ўшчэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Калі хочам захаваць нацыю, трэба больш увагі ўдзяляць беларускай мове»

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад удзельнікамі форуму 8 кастрычніка, вельмі хацеў спадабацца публіцы. Ён выглядаў эмацыйным і шчырым. Галоўны ягоны мэсыдж гучаў так: сьвет коціцца ў прорву, а ніхто нічога ня робіць. Ён жорстка вінаваціў палітыкаў, кіраўнікоў краін. Часам нагадваў швэдзкую дзяўчынку Грэту Тунбэрг, якая з трыбуны ААН таксама жорстка і эмацыйна крытыкавала ўсіх палітыкаў без разбору. Лукашэнка вінаваціў вялікія дзяржавы, міжнародныя інстытуты (ААН, АБСЭ), Эўропу. Таксама вельмі асьцярожна ўзгадаў і Расею, назваў яе ўдзельнікам канфлікту на Данбасе (Расея, як вядома, гэта адмаўляе) і нават заявіў: «Мы Ўкраіну падарылі сваім ворагам».

Менавіта «ворагам», а не «сапернікам», як далікатна падае БелТА. Некалькі разоў заклікаў падтрымаць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага, які аказаўся ў цяжкой сытуацыі, прыняўшы «формулу Штайнмаера».

Прагучала важная канкрэтная прапанова — заклік правесьці ў Менску саміт па абмеркаваньні сытуацыі з дамовай аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці. Беларусь нават гатовая ўзяць на сябе падрыхтоўку праекту адпаведнага пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў Украіне супрацоўніцтва ў ракетабудаваньні

Шмат гаварылася пра сытуацыю на Данбасе. Лукашэнка заклікаў яшчэ раз сабрацца ў Менску ў «нармандзкім фармаце», магчыма, з удзелам ЗША, і ўнесьці, калі трэба, зьмены ў Менскія пагадненьні, прынятыя ў 2015 годзе. Аднак на самім форуме згадкі пра Менск як цэнтар урэгуляваньня ўкраінскага крызісу амаль не было. Гэтае пытаньне, гаворачы пра Данбас, неяк абыходзілі. Паводле папярэдніх намераў, новы саміт у «нармандзкім фармаце» плянуецца правесьці ў Парыжы.

Увогуле, паводле маіх кулюарных размоваў з замежнымі палітыкамі і экспэртамі, статус Беларусі як краіны-міратворцы ацэньваецца даволі скептычна. Бо Беларусь — невялікая краіна, яна найбліжэйшы саюзьнік Расеі, а тая разглядаецца як галоўны дэстабілізатар міжнароднай сыстэмы. Дый рэпутацыя краіны і яе лідэра ня вельмі добрая.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы Ўкраіну падарылі сваім супернікам». Што казаў Лукашэнка на «Менскім дыялёгу»