«Форма ня самая лепшая». Старому замку ў Горадні прымералі новы купал. ФОТА

Каркас купала прымяраюць на Стары замак у Горадні

Адмыслоўцы лічаць, што гэты варыянт лепшы, чым першапачатковы, але яшчэ не дакладны. Так працягваецца рэканструкцыя першай чаргі Старога замка ў Горадні.

Захавалася толькі адна выява купала

Каркас ужо зьнялі зь вежы. Канчаткова ўсталёўваць і абшываць купал будуць пазьней.

Форма купала цягам працэсу рэканструкцыі выклікала спрэчкі і абмеркаваньні. Варыянты, якія разглядаліся, былі падобныя да «гарбуза», «цыбуліны», «мячыка»; нейкі — больш круглы, іншы — больш пляскаты. Такія азначэньні гучалі падчас дыскусій.

Усё таму, што да нашага часу арыгінальны купал не захаваўся. Магчыма, ён быў зьнішчаны падчас расейска-польскай вайны 1654-1667 гадоў, калі Горадня была моцна зруйнаваная. Адзіная выява, на якой можна ўбачыць купал, захавалася на гравюры Тамаша Макоўскага 1600 году. Але гравюра дае толькі прыкладныя абрысы.


Цяперашнюю форму стварылі ў выніку абʼяднаньня варыянту навуковага кіраўніка Старога замка Ўладзімера Бачкова і польскага навукоўца з Вроцлава Зыгмунта Луневіча, які займаецца сучаснымі купаламі і пісаў доктарскую працу пра купалы.

«У Беларусі спэцыялістаў у купалах няма»

Дасьледчык Старога замка, гісторык Інстытуту гісторыі НАН Мікола Волкаў адзначыў, што ў Беларусі няма спэцыялістаў у купалах.

«Добра, што ёсьць дыскусія. З другога боку, як можа дыскутаваць спэцыяліст [Луневіч] з чалавекам, які не валодае навуковым інструмэнтарыем [Бачковым]?», — кажа Волкаў.

Горадзенскі гісторык Мечыслаў Супрон пракамэнтаваў, што да першапачатковага варыянта купала Ўладзімер Бачкова быў шэраг прэтэнзій:

  1. занадта акруглай формы, характэрнай для ўсходняй цывілізацыі, для купалаў на храмах дамангольскай Русі;
  2. занадта вялікі для замка;
  3. матэрыял, якім яго хацела накрываць, — ацынкаваная бляха — не выкарыстоўваўся ў Эўропе; у эпоху Рэнэсансу, да якой адносіцца Стары замак, рабілі мядзяныя купалы.

Першы варыянт (зьлева направа) — Уладзімера Бачкова, другі — абʼяднаны, трэці — польскіх спэцыялістаў

Пасьля, на думку Супрона, атрымаўся «сярэдні варыянт», больш набліжаны да заходняй цывілізацыі, што, на ягоныую думку, адпавядае праўдзе.

«Купал павінен быць менш падобным да шара»

Польскі дасьледчык з Вроцлава Зыгмунт Луневіч, які рабіў свае прапановы наконт праекту купала Старога замку, пракамэнтаваў Свабодзе, што можна ацэньваць: геамэтрыю купала цяпер і дэталі купала, якіх яшчэ няма.

Зьлева: варыянт купала Ўладзімера Бачкова, далей — прапановы Зыгмунта Луневіча

Як можа выглядаць брамная вежа: зьлева варыянт Луневіча, справа Бачкова

«З пункту гледжаньня геамэтрыі гэтая форма ня самая лепшая. Яна выглядае крыху непрапарцыянальна і мусіць быць іншай. Бачкоў хацеў зрабіць купал вельмі падобным да купалаў на Русі. Але форма мае быць не Візантыйска-Руская, а больш як у Заходняй Эўропе. Купал павінен быць менш падобным да шара», — тлумачыць Луневіч.

Стары замак улетку 2019 году

Ён мяркуе, што кампраміс двух варыянтаў атрымаўся не найлепшы, але яго яшчэ можна паправіць праз дэталі. На ягоную думку, трэба ўжываць мядзяную бляху, а не ацынкаваную, каб было больш аўтэнтычна. Ёй трэба абшываць купал гарызантальна, а не па дыяганалі, як робяць у Расеі.

Так можна было б яшчэ паправіць цяперашні купал Бачкова, па меркаваньні Луневіча

Купал аўтарства Ўладзімера Бачкова ўжо пабываў у цэнтры скандалу. Тады пасьля розгаласу давялося замяніць купал у Нясьвіскім замку праз 8 гадоў пасьля рэканструкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навабуды ў горадзенскім Старым замку. ФОТА