Кнігарня «Логвінаў» урачыста адкрылася ў цесным суседзтве з крамай «Б/Уржуазныя каштоўнасьці» на вуліцы Караля, 22. Свабода падгледзела, як белыя кніжныя паліцы і вядомыя пісьменьнікі выглядаюць у новым інтэр’еры.
Улазіны зладзілі ўсяго праз два месяцы пасьля «вылазінаў» з культавага памяшканьня ў дворыку на плошчы Перамогі. Напярэдадні кнігарня абвясьціла конкурс на новае імя. Перамагла назва «Логвінаў: кнігі ды інтрыгі». Але, агучыўшы яе, Павал Касьцюкевіч кажа: «Мы экспэрымэнтавалі, але мы не гатовыя ўсё ж да такога».
У атачэньні антыкварных канапаў і з плястыкавымі кубачкамі шампанскага ў руках літаратары вялі нязмушаныя размовы. Седзячы на крэсьле са шляхотнага дрэва, Альгерд Бахарэвіч распавядае, як 18-гадовым патраціў першы ганарар на чабурэкі, піва і цыгарэты «Союз-Аполлон».
Адам Глобус прызнаецца, як упершыню скраў кніжку, засунуўшы яе пад швэдар: твор братоў Стругацкіх — экзэмпляр падпіснога выданьня, які набыць можна было толькі па партыйных талёнах. У Ігара Бабкова пытаюцца: «Куды мы коцімся?».
Недзе страляе корак шампанскага. Валянцін Акудовіч расказвае, як у першай клясе, каб напісаць кнігу, скраў шарыкавую асадку, бо не хацеў пісаць чарнілам, — і запэўнівае, што пісьменьнікам можа стаць толькі чалавек зь някрэпкай псыхікай.
Столь ранейшай кнігарні ўпрыгожвалі імянныя зоркі ў гонар усіх, хто дапамог Логвінаву сплаціць штраф. У новым месцы павінны былі зьявіцца гіпсавыя адбіткі рук літаратараў на «Сьценцы славы». На жаль, гіпс занадта хутка застыў, не пакінуўшы на сабе нічога — дзеля адбіткаў правядуць асобную імпрэзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі кепска нам стала вельмі даўно». Кнігарня «Логвінаў» пераяжджаеПрэзэнтавалі новую кнігу Адама Глобуса «Рысы»— збор успамінаў пра Караткевіча, Мулявіна, Анемпадыстава і іншых выбітных беларускіх дзеячоў.
«Гэтая кніжка — пра добрых людзей, правераных людзей, людзей культуры, — кажа Глобус. — І чым больш я працаваў над гэтай кнігай, тым больш мне хацелася напісаць наступную кніжку — “Мразі”. Пра людзей, для якіх нават слова “сУчасьнікі” — гэта занадта ляяльны падыход. Такую кнігу, якую нават віленскае выдавецтва пабаялася б выдаць. Кнігу, для якой не зрабіць ніводнай прэзэнтацыі. І я яе пакрысе пішу».
На завяршэньне культпраграмы дырэктарка Аляксандра Логвінава прадставіла «праект, у які ніхто ня верыць, што ён адбудзецца ў рэчаіснасьці». Гэта вандроўная кнігарня, якая мае аб’езьдзіць зь літаратурнымі імпрэзамі ўсе куткі Беларусі. Пасьля кожнага візыту кнігарня будзе дарыць мясцовай бібліятэцы ці інтэрнату стос кніг сучаснай беларускай літаратуры.
Першая вандроўка адбудзецца 5 кастрычніка: у Гальшаны на кнігабусе (ці букмабілі) выправіцца пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.
На новым месцы кнігарня «Логвінаў» будзе працаваць з аўторка па пятніцу з 11:00 да 19:00.