Расейскі адвакат Ільля Новікаў далучыўся да каманды абаронцаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Пра гэта паведаміла партыя Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць».
У паведамленьні гаворыцца, што рашэньне запрасіць Новікава было прынята пасьля таго, як стала вядома аб намеры Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны зьвярнуцца па прававую дапамогу да Расеі наконт крымінальнай справы аб спробе праходжаньня ўкраінскіх караблёў празь Керчанскую пратоку у лістападзе 2018 году (у дакумэнце Расея названа «дзяржавай-агрэсарам»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны анансаваў новы абмен вязьнямі з Расеяй на наступным тыдні«У гэтай сытуацыі падключэньне расейскага адваката зьяўляецца абсалютна мэтазгодным» — гаворыцца ў паведамленьні. Там падкрэсьліваецца, што Новікаў абараняў у расейскіх судах грамадзян Украіны, у тым ліку і маракоў, захопленых у лістападзе мінулага году ў Чорным моры расейскімі памежнікамі. У мінулым месяцы яны былі абмененыя ў рамках абмену «35 на 35» паміж Украінай і Расеяй.
Крымінальная справа ў сувязі з захопам караблёў была заведзеная паводле заявы юрыста Андрэя Партнова, былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі Віктара Януковіча.
Справу расьсьледуюць, у прыватнасьці, па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе Пятра Парашэнкі — Партноў сьцьвярджае, што Парашэнка знарок накіраваў караблі ў Керчанскую пратоку, каб паставіць іх пад удар Расеі і на гэтай падставе ўвесьці ў краіне ваеннае становішча і сарваць выбары.
Сьледзтва пакуль не пракамэнтавала, ці сапраўды яно зьвярталася па прававую дапамогу да Расеі. Новікаў у фэйсбуку пацьвердзіў, што далучыўся да каманды адвакатаў былога прэзыдэнта Ўкраіны.
«Праца адваката ў Расеі, пры ўсіх яе складанасьцях, вядома, дае добрую загартоўку ў дачыненьні да палітычна матываваных крымінальных працэсаў» — кажа Новікаў