Цягам 4–30 кастрычніка ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва пад лёзунгам «Погляд на рэчаіснасьць — крок у будучыню». Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму.
Пра што будуць пытацца
Усяго пытаньняў 49. Спытаюць, сярод іншага, пра тое, дзе вы нарадзіліся, колькі жылі за мяжой і ці зьбіраецеся выяжджаць зь Беларусі. Пацікавяцца нацыянальнасьцю, роднай мовай, адукацыяй, якая ў вас сямʼя і праца. Зададуць пытаньні пра вашае фінансавае становішча, жыльлёвыя ўмовы.
Ёсьць тры спосабы паўдзельнічаць у перапісе:
- Самастойна запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт.
- На стацыянарных участках.
- Дома падчас вуснага апытаньня перапісчыкаў.
Свабода высьвятляла, ці ёсьць прынцыповая розьніца паміж сёлетнім перапісам і аналягічным маніторынгам 2009 году.
Каго будуць перапісваць
- Грамадзянаў Рэспублікі Беларусь
- Замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.
- Грамадзянаў Рэспублiкi Беларусь, замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (тэрмін адсутнасьці не перавышае аднаго году).
Што спытаюць пра мову
Моўны разьдзел перапісу-2019 зьмяшчае два пытаньні:
- ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве);
- мова, на якой вы размаўляеце дома.
І варыянты адказаў: беларуская, расейская, польская, украінская або нейкая іншая.
У параўнаньні з апытаньнем 10-гадовай даўнасьці, выкрасьлены трэці пункт: іншыя мовы, якімі вы свабодна валодаеце. Выявілася, што адказы ніяк не адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў.
Згодна з вынікамі папярэдняй кампаніі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці). Беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі 23%. У часе перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.
Моўныя рупліўцы заклікалі суайчыньнікаў пазначаць беларускую як родную мову, засвоеную першай у раньнім дзяцінстве, і тую, на якой размаўляеце дома. Зрэшты, гэта выклікала хвалю крытыкі з боку тых, хто супраць «падтасоўваньня рэальных фактаў дзеля патрэбнай статыстыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая мова беларусу родная, або Ці магчыма «падмануць» перапіс?Культуроляг Сяргей Харэўскі зьвяртае ўвагу, што арганізатары перапісу, арганізаванага за грошы Ўсясьветнага банку (амаль 2 мільёны даляраў), першымі парушаюць моўную раўнавагу.
«На шчасьце, нікому з маёй сямʼі не давядзецца крывіць душой, адказваючы на балючыя для некаторых пытаньні. Але чаму Белстат сваю дзейнасьць вядзе выключна на адной, не маёй, мове? Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў, у выніку надсаднай, бязьлітаснай русыфікацыі з 73% да 53% зьнізілася доля людзей, чыя родная мова была беларускай, з 37% да 23% стала менш беларускамоўных. І гэта ўсё адно блізу 2 мільёнаў, якіх для ўлады не існуе! Таму і вынікі іхных перапісаў мяне хвалююць мала: я ёсьць і, дзякуй Богу, не самотны. А пра гэта мы і так ведаем...»
«Гномы, эльфы, гобліны ды іншыя нацыянальнасьці». Хто гэта?
Першая інфармацыя пра колькасьць насельніцтва Беларусі будзе агучаная ў лютым 2020 году. Разгорнутыя зьвесткі пра сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі, у тым ліку фактычнае беспрацоўе, — у ліпені 2020-га. Найбольш працаёмістай будзе частка, якая тычыцца дзейнасьці насельніцтва ў сфэры сельскай гаспадаркі — яе прэзэнтуюць аж у ліпені 2021 году.
Кіраўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэту кажа, што з улікам папярэдніх кампаній сёлета будуць ігнаравацца «некарэктныя адказы». Перапісчыкі ня ведаюць, што рабіць з «гномамі», «эльфамі» ды іншымі «гоблінамі», якіх ці то жартам, ці то ўсурʼёз пазначалі ў ранейшых перапісах. Усіх нявызначаных запішуць у «іншыя нацыянальнасьці».
Ня будуць сёлета пытацца пра рэлігійную прыналежнасьць. Аргумэнтуецца гэты тым, што такія зьвесткі носяць асабісты характар і могуць зачапіць пачуцьці вернікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самая бедная вобласьць Беларусі — Магілёўская, — дасьледаваньнеЗатое спытаюцца, чаму вы выехалі на працу ў іншую вобласьць або краіну.
Упершыню ў жанчын пацікавяцца адносна жаданьня завесьці дзяцей. Мужчыны таксама будуць мець магчымасьць адказаць, але іх меркаваньне выслухаюць вусна.
Ёсьць пытаньні, на якія так і адразу і не адкажаш, напрыклад:
- «Ці знаходзіліся часова ў дадзенай домагаспадарцы ў ноч на 4 кастрычніка 2019 году рэспандэнты, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь?»
- «Ваш сямейны стан (для асоб ва ўзросьце 15 гадоў і старэйшых (...) 3) знаходжуся ў незарэгістраваных адносінах».
- «Па якой прычыне вы плянуеце выехаць з Рэспублікі Беларусь?»
Рабіліся прагнозы, што па выніках перапісу можа быць скарэктаваны адміністрацыйны падзел Беларусі. У той час як Менск за справаздачнае дзесяцігодзьдзе прырос на 200 тысяч чалавек, у некаторых раёнах жыхароў не набярэцца і 10 тысяч. Паколькі ўтрымліваць адміністрацыю ў такіх цэнтрах ужо немэтазгодна, зьявіліся ідэі «аптымізаваць» тэрыторыю і насельніцтва, за якія яна адказвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 раёнаў Беларусі, дзе Лукашэнка ні разу ня быў за 25 гадоў улады
Кусты на лецішчы і сьвіньні ў хляве. Навошта іх лічыць?
Праграму чарговага перапісу зацьвердзіў Савет Міністраў Беларусі. Вось асноўныя пункты, якія цікавяць дзяржаву.
Дэмаграфія
- Прозьвішча, імя, ідэнтыфікацыйны нумар,
- дата і месца нараджэньня,
- колькасьць поўных гадоў,
- пол,
- роднасныя ці іншыя адносіны з асобай, пазначанай як першая ў хатняй гаспадарцы,
- знаходжаньне ў шлюбе.
Міграцыя
- Бесьперапыннасьць пражываньня ў населеным пункце;
- папярэдняе месца жыхарства;
- пражываньне цягам году і больш бесьперапынна ў іншай краіне;
- краіна, зь якой рэспандэнт прыбыў у Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства;
- пэрыяд прыбыцьця;
- прычына прыезду;
- намер і прычына, па якой плянуецца выехаць зь Беларусі;
- тэрмін, на які плянуецца выехаць.
Нацыянальнасьць
- Грамадзянства,
- нацыянальнасьць,
- родная мова,
- мова, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома.
Адукацыя
- Узровень адукацыі, наяўнасьць вучонай ступені;
- уменьне чытаць і пісаць;
- атрыманьне асноўнай адукацыі;
- атрыманьне дадатковай адукацыі;
- наведваньне дзіцем установы дашкольнай адукацыі.
Прыбыткі
- Занятасьць асобаў ад 15 да 74 гадоў;
- асноўная праца ў апошні тыдзень да пачатку перапісу;
- месца знаходжаньня працы;
- прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства;
- пэрыядычнасьць выезду на тэрыторыю іншай дзяржавы і статус занятасьці;
- пошук працы рэспандэнтам на працягу апошняга месяца да пачатку перапісу, гатоўнасьць прыступіць да яе ў бліжэйшыя 2 тыдні;
- прычына адмовы ад пошуку працы.
Дзеці
- Колькасьць народжаных дзяцей;
- плянаваньне нараджэньня новых дзяцей.
Жыльлё
- Месца жыхарства;
- колькасьць домагаспадарак, іх склад; тып памяшканьня, якое выкарыстоўваецца для пражываньня;
- памер агульнай плошчы жылога дома або кватэры;
- наяўныя віды добраўпарадкаваньня ў памяшканьні;
- уласьнік памяшканьня;
- колькасьць жылых пакояў, якія займае домагаспадарка;
- часовае пражываньне чальцоў хатніх гаспадарак, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі, на дату перапісваньня.
Сельская гаспадарка
- Наяўнасьць ва ўласнасьці або валоданьні зямельных участкаў у 2019 годзе з указаньнем іх колькасьці;
- характарыстыка зямельных участкаў і мэты іх выкарыстаньня;
- наяўнасьць на зямельных участках пладова-ягадных насаджэньняў і кустоў на 1 кастрычніка гэтага году;
- плошча пладова-ягадных насаджэньняў у пладаносным узросьце па відах;
- наяўнасьць у гаспадарцы пчоласемʼяў, жывёлы і птушкі па відах.
Пэрсанальныя дадзеныя зьбяруць у беларусаў, а таксама ў іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат заклікаў не даваць зьвесткі па тэлефоне падчас перапісу