У інтэрвію Свабодзе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк распавёў, пры якіх умовах вернецца ў Беларусь.
Зянон Пазьняк сказаў, што не паедзе на радзіму, пакуль кіруе Аляксандар Лукашэнка. Палітык перакананы — яго жыцьцё ў Беларусі будзе пад пагрозай.
«Я вельмі добра ведаю, што такое НКВД, што такое Расея і што такое Лукашэнка. Я ведаю яго хобі. Мне двойчы зь перарывам у адзін год гэта расказаў Шарэцкі. Яго хобі — хадзіць у падвал „Валадаркі“ і глядзець, як расстрэльваюць злачынцаў. Ён прапанаваў гэта таварышу Шарэцкаму: „Сямён Георгіевіч, цікава, давайце“. Сямён Георгіевіч: „Ды вы што! Я не...“ — „А дарэмна, ведаеце, яны яшчэ трапыхаюцца“. Вось гэта хобі гэтага чалавека. Я ведаю добра яго істоту. Таму ехаць туды ні на якай падставе няможна, пакуль ён там будзе і пакуль ім кіруе Масква».
Пазьняк дадаў, што быў засмучаны, калі дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня (Алег Трусаў і Валянцін Голубеў. — РС) узялі ўдзел у прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 1 траўня 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Голубеў пагаварыў з Лукашэнкам пра каштоўнасьць незалежнасьці Беларусі«Ісьці да такога чалавека людзям, якія на дзьве галавы яго вышэй... Гэта людзі гісторыі, яны незалежнасьць зрабілі. Чаго вы туды пайшлі? Каб ён потым сказаў — яны ўсе такія. Не таму, што я зараз як палітычная істота такую вялікую небясьпеку ім уяўляю, а таму, што я разумею, што я стаў пэўным сымбалем, я стаў пэўным знакам. І я не магу сябе прынізіць. Я гэта не зраблю».
Адзіны фактар, які можа прымусіць Пазьняка вярнуцца ў Беларусь, — гэта разуменьне крытычнасьці моманту.
«Канечне», — адказаў Пазьняк на пытаньне, ці вернецца ён, калі будзе разумець, што яго прыезд у Беларусь пераломіць хаду падзеяў.
У 1996 годзе Зянон Пазьняк зьехаў зь Беларусі, бо, казаў, была пагроза ягонаму жыцьцю з боку беларускіх уладаў. Цяпер Зянон Пазьняк жыве ў ЗША, дзе атрымаў палітычны прытулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк заявіў, што Дашкевіч «справакаваў крыжалом» у Курапатах. Той не пагадзіўся