Размова, якая адбылася ў ліпені, апынулася ў цэнтры расьсьледаваньня аб імпічмэнце ў дачыненьні да Трампа.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у панядзелак, што Кіеў наўрад ці апублікуе сваю вэрсію расшыфроўкі ліпеньскай тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая апынулася ў цэнтры расьсьледаваньня аб імпічмэнце ў Вашынгтоне.
Белы дом апублікаваў сваю расшыфроўку размовы на мінулым тыдні.
З тэксту вынікае, што Трамп папрасіў Зяленскага правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да аднаго з сваіх галоўных супернікаў на выбарах 2020 году, дэмакрата Джо Байдэна, і яго сына Гантэра, які ўваходзіў у склад праўленьня ўкраінскай газавай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размова Трампа зь Зяленскім і скарга сакрэтнага агента: разьвіцьцё падзейНа думку дэмакратаў, расшыфроўка даказвае, што Трамп спрабаваў заручыцца дапамогай замежнага лідэра, каб сапсаваць рэпутацыю свайго палітычнага апанэнта. Трамп называе гэтыя абвінавачаньні паляваньнем на ведзьмаў.
Размаўляючы ў панядзелак з журналістамі падчас мерапрыемства на вайсковым аб’екце пад Кіевам, Зяленскі сказаў, што лічыць няправільным апублікаваць украінскую вэрсію расшыфроўкі размовы.
«Да прэзыдэнцтва я ніколі ня быў дыпляматам, аднак я лічу, што ў мяне ў жыцьці было шмат падобных размоваў і будзе яшчэ шмат», — сказаў Зяленскі.
«Ёсьць некаторыя нюансы і рэчы, якія, на мой погляд, было б некарэктна публікаваць», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША мае намер дамагацца расшыфроўкі перамоваў Трампа і ПуцінаАдказваючы на пытаньне пра тое, ці зьбіраецца Кіеў пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Джо Байдэна і яго сына на просьбу Трампа, Зяленскі падкрэсьліў, што Украіна ня будзе дзейнічаць выключна паводле ўказаньняў іншых краін.
«Нам нельга загадаць што-небудзь зрабіць. Мы незалежная краіна», — сказаў ён.
«Мы адкрытыя, мы гатовыя правесьці расьсьледаваньне, але да мяне гэта ня мае ніякага дачыненьня. Нашы незалежныя праваахоўныя органы гатовыя расьсьледаваць любую справу, у якой быў парушаны закон», — дадаў украінскі лідэр.