Сьледчы камітэт, Генэральная пракуратура і Дзяржкамітэт судовых экспэртыз Беларусі пакуль не камэнтуюць, на якой стадыі генэтычныя экспэртызы братоў Кастуся і Віктара Каліноўскіх. МЗС Беларусі запэўнівае, што «працэс ідзе», і абяцае раскрыць усе таямніцы праз два-тры тыдні.
З ініцыятывай правесьці генэтычныя экспэртызы братоў Каліноўскіх выступіў літоўскі бок
Парэшткі Кастуся Каліноўскага, знойдзеныя летась на гары Гедзіміна ў Вільні, былі ідэнтыфікаваныя з пэўнасьцю 95%.
На пачатку лістапада 2018 году беларускія археолягі наведалі раскопкі з парэшткамі паўстанцаў Каліноўскага. Як распавёў тады карэспандэнту Свабоды загадчык аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Кошман, «праца праведзеная на найвышэйшым узроўні, з выкарыстаньнем магчымых і немагчымых мэтадаў. Вынікі абсалютна ўнікальныя».
Каб канчаткова быць упэўненымі, што гэта на 100% парэшткі Кастуся Каліноўскага, неабходная генэтычная экспэртыза. Аднак у яго не засталося крэўных сваякоў. Літоўцы прапанавалі параўнаць парэшткі Кастуся з парэшткамі ягонага старэйшага брата Віктара, які пахаваны ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне.
Сёлета ў ліпені зрабілі эксгумацыю меркаванай магілы Віктара. Знайшлі парэшткі двух чалавек — мужчыны і жанчыны.
Эксгумацыю праводзіў Сьледчы камітэт Беларусі.
Меркавалася, што экспэртызу будуць паралельна праводзіць у Дзяржкамітэце судовых экспэртыз Беларусі і ў Літве
Аднак, паводле прафэсара катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантаса Янкаўскаса, які быў назіральнікам ад Літвы падчас эксгумацыі магілы Віктара Каліноўскага, улады Беларусі не перадалі Літве генэтычны матэрыял брата Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага ўлады Беларусі не перадалі Літве генэтычны матэрыялАфіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч перанакіраваў Свабоду ў Генэральную пракуратуру.
«У цяперашні час я не праваўладальнік інфармацыі. Хутчэй за ўсё, я параіў бы вам зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру, якая зьяўляецца субʼектам міжнародных адносін, што да выкананьня розных запытаў аб прававой дапамозе», — сказаў Кабаковіч.
Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў патлумачыў, што калі б пытаньне тычылася прававой дапамогі па крымінальных справах, тады Генэральная пракуратура выступала б субʼектам прававых адносін і займалася б вырашэньнем праблемы. Але тут справа не крымінальная. І накіраваў Свабоду ў МЗС Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат літоўскага Сэйму пра Каліноўскага: «Гэта герой найвышэйшага парадку, і ён застанецца ў Вільні»Начальнік упраўленьня інфарматызацыі і лічбавай дыпляматыі беларускага замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз заявіў, што камэнтаваць гэтую тэму цяпер заўчасна.
«Мы ня будзем пакуль камэнтаваць, бо мы робім справу фактычную. Калі мы зробім — мы пра ўсё абавязкова раскажам. Я спадзяюся, праз пару тыдняў, калі будуць вынікі, мы ўсё пракамэнтуем і раскажам, як яно было.
Тым больш што дакладна яшчэ не вядома, чые гэта парэшткі. 96–98% літоўцы даюць, што гэта Кастусь Каліноўскі, але без генэтычнай экспэртызы складана», — сказаў Анатоль Глаз.
На канкрэтнае пытаньне, ці перададзеныя парэшткі Віктара Каліноўскага, атрыманыя пасьля эксгумацыі, для экспэртызы літоўскаму боку, Анатоль Глаз адказаў так:
«А чаму мы павінны перадаваць? Чаму мы павінны заўсёды ўсё аддаваць? У нас таксама ёсьць магчымасьці, абсталяваньне і апаратура ў Камітэце судовых экспэртыз, нават лепшыя і навейшыя. Таму пачакайце. Працэс ідзе. Ужо пэўны час ідзе», — сказаў Анатоль Глаз.
У Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз Беларусі 26 верасьня Свабодзе не ўдалося спраўдзіць, на якой стадыі генэтычная экспэртыза парэшткаў братоў Каліноўскіх і ці праводзіцца яна наагул. Прэсавы сакратар Дзяржкамітэту Ганна Жданава паабяцала высьветліць, але пакуль не адказала на пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назвалі дату перапахаваньня Кастуся КаліноўскагаШто важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА