У навінах Літоўскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі LRT расказалі пра просьбу перадаць Беларусі парэшткі Кастуся Каліноўскага. Кажуць, урад ня будзе разглядаць просьбу беларускіх інтэлектуалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя беларусы падпісаліся за перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі«Некалькі дзясяткаў беларускіх інтэлігентаў просяць Літву перадаць парэшткі беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, каб яны былі перапахаваныя, — расказваюць у літоўскіх вечаровых навінах. — Аднак урад кажа, што такую просьбу разглядаць ня будзе, а Каліноўскі зь іншымі паўстанцамі будзе пахаваны на могілках Роса ў Вільні ў лістападзе».
Адназначнай заявы з боку ўраду Літвы пра гэта не было.
Што казаў прадстаўнік ураду
Так, першы намесьнік канцлера ўраду Літвы Дзяйвідас Матулёніс казаў 25 верасьня, што Літва не атрымлівала афіцыйнай просьбы перапахаваць парэшткі К. Каліоўскага ў Беларусі — толькі даведаліся з прэсы пра зварот беларускіх інтэлектуалаў.
Гэтай прапанове ва ўрадзе на дадзены момант не давалі ацэнкі, кажа ён, і на гэты момант плянуецца пахаваць Каліноўскага разам зь іншымі паўстанцамі ў Вільні, у цэнтральнай капліцы могілак Роса. «Што там будзе ў будучыні, цяжка сказаць, але сёньня прынята рашэньне, што яны будуць пахаваныя ў Вільні».
На перапахаваньне паўстанцаў у Вільні (і ў іх ліку Каліноўскага) ужо запрасілі прэзыдэнта і прэм’ера Польшчы, і яны выказалі зацікаўленасьць, дадаў Матулёніс. Адпаведныя ноты будуць пасланыя Ўкраіне і Латвіі. З палякамі размаўляюць на гэтую тэме асобна, паколькі «вырашана правесьці супольную цырымонію».
Матулёніс казаў, што запрашэньняў беларускім афіцыйным асобам не высылалі, але хацелі б запрасіць і дзяржаўную дэлегацыю, і грамадзкія арганізацыі, якія шануюць памяць пра Каліноўскага.
«Мы паспрабуем іх больш дакладна вызначыць і запрасіць іхных прадстаўнікоў, а разам і каталіцкую царкву Беларусі, якая таксама вельмі зацікаўлена», — сказаў Матулёніс і дадаў, што апошняй запрашэньне будзе ад імя каталіцкай царквы Літвы.
Беларускую дэлегацыю запрасілі на перапахаваньне паўстанцаў у Вільні
Але 26 верасьня, як піша BNS, міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус на сустрэчы зь беларускім калегам запрасіў беларускую дэлегацыю на цырымонію перапахаваньня паўстанцаў у Вільні (імя Каліноўскага наўпрост ня згадвалася ў паведамленьні).
Макей не адказаў, на якім узроўні можа быць дэлегацыя.
Што кажуць іншыя літоўцы
Літоўскі актывіст, знаёмы з тэмай перапахаваньня паўстанцаў, расказваў Свабодзе, што зварот беларусаў разглядаўся на ўзроўні найвышэйшых асобаў Літвы, і што літоўскія парлямэнтары неўзабаве маюць зьвярнуцца да ўладаў з просьбай станоўча адказаць і перадаць Каліноўскага беларускаму боку». Пра такія пляны літоўцаў Свабодзе расказваў і адзін зь беларускіх палітыкаў.
Прадстаўнікі прэзыдэнта і ўраду Літвы адказалі 25 верасьня, што абмеркаваньняў гэтага звароту на той момант не было.
За перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі ўжо выказаўся на старонках Delfi літоўскі філёзаф, прафэсар Гінтаўтас Мажэйкіс, які бачыць у Каліноўскім сымбаль незалежнасьці Беларусі, асабліва важны ў кантэксьце перамоваў з Расеяй аб «паглыбленьні інтэграцыі».
А дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжантайціс у інтэрвію 15min кажа пра разуменьне жаданьня беларусаў пахаваць Каліноўскага ў Беларусі, разважае пра пагрозы незалежнасьці Беларусі і параўноўвае сымбалічнасьць асобы Каліноўскага для Беларусі за значэньнем Вітаўта для Літвы.
Аднак ён адзначае, што беларускія ўлады пра перапахаваньне не выказваліся, а беларуская эліта ня мае адзінства ў думцы наконт годнага месца пахаваньня Каліноўскага. Дэманстрацыя прыхільнасьці да Каліноўскага «ідзе супраць афіцыйнай палітычнай лініі» ў Беларусі, думае ён, таму ўзьнікае пытаньне пра тое, што ж будзе з парэшткамі Каліноўскага, калі іх перададуць у Беларусь. Калі ў Літве ёсьць такі «нацыянальны нэкропаль» як Росы, то ў Беларусі — толькі разважаньні пра стварэньне чагосьці падобнага. Таму, як адзначае Нікжантайціс, літоўцы маюць «дастаткова аргумэнтаў», каб перапахаваць Каліноўскага ў Вільні, недалёка ад месца сьмерці яго і ягоных паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат літоўскага Сэйму пра Каліноўскага: «Гэта герой найвышэйшага парадку, і ён застанецца ў Вільні» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе варта перапахаваць Каліноўскага? Што кажуць беларускія гісторыкіШто важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА