Старшыня ЦВК выступіла за тое, каб туды мелі доступ толькі супрацоўнікі акрэдытаваных пры МЗС і «цэнтральных» СМІ.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 24 верасьня на паседжаньні камісіі выказалася пра журналістаў, якім дазволяць працаваць у адмысловым прэсавым цэнтры. Яго традыцыйна ствараюць падчас парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.
«З журналістамі, якія працуюць на замежныя мэдыі, усё зразумела. Яны акрэдытуюцца празь Міністэрства замежных спраў. А што рабіць з нашымі? Прапаную прапускаць толькі прадстаўнікоў цэнтральных мэдыяў. Бо калі мы дазволім уваход і прадстаўнікам раённых газэт, то ўсім ня хопіць месца.
Яшчэ ж ёсьць блогеры. А кожны зь іх лічыць сябе сродкам масавай інфармацыі. Я днямі адкрыла на сваім кампутары партал Tut.by. Зацікавіў матэрыял пра знакамітых людзей і іх хатніх улюбёнцаў. І хто вы думаеце, гэтыя знакамітыя людзі? Адны блогеры!»
Чальцы ЦВК аднагалосна выказаліся за тое, каб доступ у Палац Рэспублікі, дзе традыцыйна месьціцца выбарчы прэсавы цэнтар, атрымалі толькі прадстаўнікі цэнтральных беларускіх мэдыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ня хоча мяняць выбарчую сыстэму