Пераход да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы стварае для Лукашэнкі цэлы шэраг рызыкаў, выклікаў і дадатковых праблемаў, не даючы амаль ніякіх плюсаў.
Сьцісла
- Аляксандар Лукашэнка выступіў супраць пераходу ад мажарытарнай сыстэмы выбараў да прапарцыйнай.
- У выпадку рэформы сыстэмы выбараў трэба перанастройваць усю выбарчую машыну, перавучваць асноўных яе суб’ектаў.
- Пры прапарцыйнай сыстэме выбараў партыі становяцца важнымі суб’ектамі палітыкі, што вядзе да эрозіі пэрсаналісцкага рэжыму.
- Выбары па партыйных сьпісах значна больш палітызавалі б парлямэнцкую выбарчую кампанію, чым выбары па мажарытарных акругах.
Аляксандар Лукашэнка, размаўляючы з працаўнікамі льнозаводу ў Карэлічах на Гарадзеншчыне, пракамэнтаваў ход выбараў у Палату прадстаўнікоў. І чарговым разам выступіў супраць пераходу ад мажарытарнай сыстэмы выбараў да прапарцыйнай — ці, кажучы па-іншаму, да сыстэмы партыйных сьпісаў. У прыватнасьці, ён заявіў:
«Мне ўжо падсоўваюць прапановы парлямэнт абіраць па партыйных сьпісах. Вы будзеце ведаць у лепшым выпадку пяць партый і іх кіраўнікоў. Людзі звычайна галасуюць за лідэра. А там па сьпісе ўжо ніхто ня ведае. Яны самі паставяць там дзяцей, унукаў, палюбоўніц, палюбоўнікаў. Усіх туды прапішуць. Я сказаў: не. Мы пакуль не зжылі мажарытарную сыстэму... Дэпутат павінен быць прывязаны да свайго выбаршчыка, сваёй акругі. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць».
Сюжэт пра палюбоўніц пакінем убаку. Бо, як вядома, нішто не перашкаджае іх праводзіць у дэпутаты і ў мажарытарнай сыстэме.
Ёсьць рэальныя, цалкам прагматычныя матывы, якімі кіруецца беларускі кіраўнік, адрынаючы рэформу выбарчай сыстэмы. Я б вылучыў тры чыньнікі.
1. Цяперашняя выбарчая сыстэма, адбудаваная, адшліфаваная, адпрацаваная, дзейнічае як швайцарскі гадзіньнік і дае патрэбны вынік. Вядома, што фальсыфікаваць выбары ці, скажам мякчэй, дасягаць кантраляванага выніку можна і пры прапарцыйнай сыстэме, пра што сьведчыць досьвед Расеі, Казахстану і іншых краін, дзе ёсьць праблемы з дэмакратыяй. Але ў выпадку такой рэформы трэба перанастройваць усю выбарчую машыну, перавучваць асноўных яе суб’ектаў. А прапарцыйная сыстэма — больш складаная, чым мажарытарная. Дык нашто ўскладняць сабе жыцьцё?
2. Пры прапарцыйнай сыстэме выбараў партыі — важныя суб’екты палітыкі. То бок у стройнай і простай мадэлі, у якой існуюць толькі два суб’екты — Лукашэнка і народ — могуць зьявіцца нейкія пасярэднікі ў выглядзе партый. Гэта ня тое што разбурыць беларускую палітычную сыстэму, але запатрабуе пэўных пераменаў. Лідэраў партый трэба будзе пускаць на ТБ. Патрэбна будзе прызнаць, што ў краіне існуюць яшчэ палітыкі, акрамя самога Лукашэнкі. І самае небясьпечнае, што гэта ўбачыць народ.
Акрамя таго, пераход да прапарцыйнай сыстэмы прадугледжвае ператварэньне «Белай Русі» ў палітычную партыю. Няхай яна застанецца кішэннай, аднак сама лёгіка працэсу прывядзе да таго, што яе лідэры пачнуць прэтэндаваць на нейкі кавалак улады ці хоць уплыву.
Усё разам гэта будзе весьці да эрозіі пэрсаналісцкага рэжыму, рэжыму асабістай улады.
3. Выбары па партыйных сьпісах значна больш палітызавалі б парлямэнцкую выбарчую кампанію, чым выбары па мажарытарных акругах. Памятаеце, як некалі Ярмошына папракала некаторых кандыдатаў у дэпутаты, што яны падчас агітацыі гавораць пра вялікую палітыку? Маўляў, ім трэба гаварыць пра лямпачкі ў пад’ездах, рамонт дарог і іншыя мясцовыя праблемы.
Дык вось, выбары па прапарцыйнай сыстэме — гэта ў асноўным размова якраз пра палітыку. Гэта канкурэнцыя агульнанацыянальных праектаў, якія прэзэнтуюць розныя партыі. То бок сутнасна мяняецца парадак дня выбарчай кампаніі.
Зь іншага боку, калі разглядаць сытуацыю чыста электаральна, то мажарытарная сыстэма аб’ектыўна дае перавагу мясцовым начальнікам, бо ў іх больш магчымасьцяў вырашаць бытавыя праблемы, чым у прадстаўнікоў апазыцыі, у якіх няма ніякага адміністрацыйнага рэсурсу. А прапарцыйная сыстэма гэтую перавагу нішчыць.
Такім чынам, пераход да прапарцыйнай сыстэмы стварае для Лукашэнкі цэлы шэраг рызыкаў, выклікаў і дадатковых праблемаў, не даючы амаль ніякіх плюсаў. Таму ягоная пазыцыя вельмі зразумелая і лягічная.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.