Блогерка і тэлевядоўца Ганна Бонд напісала ў фэйсбуку, што «зь лёгкасьцю сабрала неабходную колькасьць подпісаў і будзе вылучаць сваю кандыдатуру на парлямэнцкія выбары — 2019».
Яна зьвярнулася да выбарцаў Шабаноўскай выбарчай акругі № 91 Менску з падзякай за аказаны ёй давер. А ў аснову перадвыбарчай праграмы лёг яе «жыцьцёвы і цыркавы вопыт, а таксама праблемы і прапановы, агучаныя жыхарамі акругі ў працэсе збору подпісаў».
Сярод іншага, Ганна Бонд будзе дамагацца «кожнай вавёрцы (самцы чалавека) арэшкаў (самцоў чалавека) у дастатковай колькасьці», а яшчэ — выдзяленьня сродкаў для падрыхтоўкі кожнага жыхара акругі да ўдзелу ў міжкантынэнтальным заплыве цераз Басфор.
«Цыркавая і дэпутацкая практыка паказалі пэўнае падабенства — чаканьні гледачоў у цырку і жыхароў акругі адзіныя. Таму галоўны прынцып маёй працы — праўленьне народу, воляй народу, на карысьць народу», — піша Ганна Бонд.
Допіс яна праілюстравала сваім партрэтам на фоне Ашмянскага райвыканкаму.
У Цэнтральнай выбарчай камісіі сказалі, што ведаюць пра заяву Ганны Бонд, аднак яна не рэгістравалася.
«Яна можа зьбіраць подпісы і нават іх падаць. Але калі яна не рэгістравала сваю ініцыятыўную групу, то ёй проста адмовяць. Альбо яна гэтага ня ведала, альбо яна проста эпатуе публіку. Магчыма, яна ня ведала, што абавязкова патрэбна ініцыятыўная група, бываюць і такія выпадкі. Магчыма, яна проста жартуе, і за гэта ў нас няма ніякай адказнасьці. Так жартаваць можна. Яна любіць разьмяшчаць розныя правакацыйныя пасты», — сказаў супрацоўнік прыёмнай па зваротах грамадзян ЦВК і параіў яшчэ патэлефанаваць у акруговую камісію.
У Шабаноўскай выбарчай акрузе № 91 сказалі, што «па дакумэнтах ня бачаць рэгістрацыі Ганны Бонд».
— А яна піша, што подпісы сабрала.
— Я ня ведаю, значыць, нейкая памылка. Гэта не да мяне, — сказала прадстаўніца акруговай камісіі і паклала слухаўку.
Ганна Бонд сказала карэспандэнту Свабоды, што пакуль не камэнтуе сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ня хоча мяняць выбарчую сыстэму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На жаль, я пакуль яшчэ ня Бог». 65 цытат ад Лукашэнкі ў ягоны юбілей