На XIX зьезьдзе партыі БНФ 21 верасьня была прынятая заява з патрабаваньнем да беларускіх уладаў спыніць перамовы з Расеяй аб эканамічнай інтэграцыі.
У гэтых перамовах партыя бачыць «сьмяротную пагрозу страты ўласнай незалежнасьці ды свабоды і паняволеньня пад дыктатам крамлёўскай тыраніі ды расейскіх алігархаў» «пад выглядам эканамічнай інтэграцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня мае палітычнага кампанэнту, не пагражае сувэрэнітэту», — Мінэканомікі пра «паглыбленьне інтэграцыі»Партыя заяўляе, што «размовы аб роўнасьці пры інтэграцыі» гэта падман, а любы крок па стварэньні новых супольных з Расеяй дамоваў ці органаў «толькі ўзмацняе крытычную залежнасьць ды фатальную небясьпеку ад Крамля».
Абурэньне партыі выклікае тое, што зьмест пагадненьняў, якія рыхтуюцца да падпісаньня, «утойваюць ад беларускага народу» — так, заяўляе БНФ, таемна рыхтуюць «нявыгадныя ды не патрэбныя беларусам пагадненьні».
«Любыя інтэграцыйныя дамовы з Расеяй незаконныя нават на этапе іх падрыхтоўкі, бо супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — заяўляе БНФ. — Падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту зьяўляецца цяжкім крымінальным злачынствам, і ўсе датычныя не пазьбегнуць справядлівага суду. Цьвёрдая пазыцыя Партыі БНФ палягае ў тым, што ўсе інтэграцыйныя дамовы з Расейскай Фэдэрацыяй, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам, будуць дэнансаваныя пасьля зьмены рэжыму, у аднабаковым парадку».
Да грамадзянаў БНФ зьвяртаецца з заклікамі выступіць супраць дамоваў з Расеяй, аб’ядноўвацца вакол нацыянальна-дэмакратычных сілаў і быць гатовымі абараняць незалежнасьць краіны любымі даступнымі сродкамі.
Раней Аб’яднаная грамадзянская партыя выдала заяву з заклікам да грамадзянаў «быць гатовымі да абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці сваёй краіны, як гэтага патрабуе артыкул 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка могуць зацьвердзіць «паглыбленьне інтэграцыі» да 8 сьнежня, — Сямашка