Масква паціху адгрызае элемэнты беларускага сувэрэнітэту, — фінскі палітоляг

Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ 14 чэрвеня 2019.

Палітоляг Аркадзь Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, тлумачыць, чаму Лукашэнка пакрысе саступае ціску Масквы і пагаджаецца на зьмяншэньне сувэрэнітэту, а таксама называе тры базавыя ўмовы, пры якіх незалежнасьць дзяржавы ўстойлівая.

Сьцісла

  • Структурны расейскі ўплыў на Беларусь як мінімум не зьмяншаецца.
  • Ціск Масквы для Лукашэнкі — «звыклае зло». А рэформы — страшнейшыя.
  • Лукашэнка асьцерагаецца Масквы, але думае, што да нейкай крайняй, чырвонай рысы сытуацыя ня дойдзе.
  • Жаданьня адкрываць яшчэ і «беларускі фронт», сур’ёзна ўкладвацца палітычна, дыпляматычна, фінансава, ісьці на яшчэ адно сутыкненьне з Расеяй — такога жаданьня ў Захаду няма.

Ідзе далейшае скарачэньне поля манэўру для Менску. Адыгрываць назад Беларусі ўсё цяжэй

— Вось ужо некалькі дзён у Беларусі вельмі палка абмяркоўваюць публікацыю ў газэце «Коммерсант», паводле якой Менск і Масква нібыта могуць падпісаць пакет дакумэнтаў, зьвязаных з эканамічнай інтэграцыяй. Па-вашаму, ці ёсьць у гэтых дакумэнтах нешта кардынальна новае, паварот да новага ўзроўню інтэграцыі, ці страхі наконт гэтага моцна перабольшаныя?

— Дакумэнтаў па-ранейшаму ніхто ня бачыў. Фармулёўкі, выкладзеныя ў публікацыі, вельмі расплывістыя. Як і большасьць аналітыкаў, якія ўжо выказаліся, я таксама лічу, што большасьць рэчаў, якія там заяўленыя, выглядаюць як нерэалістычныя. Як тыя, што адкрываюць шлях да новых канфліктаў і за год дакладна ня могуць быць выкананыя.

Чаго толькі вартыя размовы пра адзіны падатковы кодэкс, пры тым, што расейская і беларуская эканомікі вельмі розныя і разьвіваліся па розных шляхах апошнія 20 гадоў. Мы абмяркоўвалі шмат такіх рэчаў за апошнія гады, пачынаючы ад заяваў Мядзьведзева ў Менску. Пакуль што гара нарадзіла мыш. Дамоўленасьць Пуціна і Лукашэнкі пра стварэньне працоўных групаў кажа хутчэй пра тое, што ўсё паступова супакойваецца. 31 «дарожная мапа» — такое мы ўжо бачылі.

Аркадзь Мошэс

Аднак нельга не адзначыць агульны кантэкст. Адбываецца рух у бок пэўнага скарачэньня поля манэўру, якое мае Менск, скарачэньня расейскіх субсыдыяў, што ўжо і адбываецца. Але пры гэтым захоўваецца тая ступень уплыву Расеі на беларускую эканамічную і замежную палітыку, якая была і дагэтуль. Структурны расейскі ўплыў на Беларусь як мінімум не зьмяншаецца. І калі ў сьнежні будуць падпісаныя любыя дакумэнты такога кшталту, гэты ўплыў яшчэ ўзрасьце. І пасьля гэтага адыгрываць назад будзе складаней.

Беларусь ідзе гэтым шляхам павольна, але пэўна. Вехамі на гэтым шляху была перадача трубаправодаў Газпрому, уступленьне ў Эўразійскі саюз, калі была ў значнай ступені страчана самастойнасьць у замежнаэканамічнай палітыцы. Гэта ўсё адбываецца, і пасьля кожнай з гэтых падзей адыгрываць назад усё больш складана.

— Напэўна, размова ідзе ў тым ліку пра тое, як трактаваць паняцьце «сувэрэнітэту». Лукашэнка часам кажа, што Беларусь мела сувэрэнітэт, нават калі знаходзілася ў СССР. Так і цяпер, калі кіраўніцтва Беларусі запэўнівае, што ніякай здачы сувэрэнітэту ня будзе — яны, магчыма, маюць на ўвазе адно, а дэмакратычная грамадзкасьць, калі кажа пра пагрозу незалежнасьці, — троху іншае. Фармальныя прыкметы сувэрэнітэту застануцца, але ня больш. Чаму Лукашэнка на гэта пагаджаецца, чаму ідзе на звужэньне поля для свайго манэўру?

— Дзяржава зьяўляецца ўстойлівай пры выкананьні трох базавых умоваў. У краіны павінна быць эканоміка, якая працуе эфэктыўна, унутры краіны — давер да інстытутаў, якія павінны быць эфэктыўнымі, і павінна быць разуменьне, дзеля чаго гэтая дзяржава існуе. То бок нацыянальная ідэнтычнасьць. У іншым выпадку дзяржава можа існаваць проста як тэрыторыя ў складзе іншай дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паглыне Расея Беларусь? ВІДЭА

Як стаяць справы з усімі гэтымі трыма ўмовамі ў Беларусі? Зразумела, што не ідэальна. З эканамічнага гледзішча Беларусь ня ўмее жыць на свае грошы, яна пазычае грошы і карыстаецца расейскімі субсыдыямі. Добры паказьнік даверу да дзяржаўных інстытутаў — самі дэбаты пра тое, ці здольны цяперашні палітычны рэжым адстойваць сувэрэнітэт. Што тычыцца нацыянальнай ідэнтычнасьці, то мы таксама бачым супярэчлівыя працэсы. З аднаго боку, адраджэньне інтарэсу да культурных асноваў, і зь іншага — дзяржаўную палітыку, якая працягвае навязваць грамадзтву савецкія сымбалі і савецкую фразэалёгію.

Адпаведна, праблема існуе і будзе існаваць да тае пары, пакуль палітыка дзяржавы ня зьменіцца. Менавіта таму ідзе павольны працэс размываньня сувэрэнітэту.

Чаму беларускае кіраўніцтва ідзе на гэта? Бо ў яго няма іншага выбару. Яно надта доўга праводзіла такую эканамічную палітыку, і ў выніку ня можа існаваць без замежнай фінансавай падпоркі. А гэтая падпорка на сёньня падстаўляецца і можа падстаўляцца толькі з Расеі.

Лукашэнка асьцерагаецца Масквы, але думае, што да нейкай крайняй, чырвонай рысы сытуацыя ня дойдзе

— І разумеючы ўсё гэта, Лукашэнка, тым ня менш, ідзе на саступкі Маскве, але не ідзе на рэформы. То бок адступленьне перад Расеяй ён лічыць меншым злом, чым рэформы? Бо пагроза страціць уладу ў выніку рэформаў здаецца яму больш небясьпечнай?

— Ціск Масквы — гэта для яго «вядомае зло». За апошнія 20 гадоў, з моманту прыхода Пуціна да ўлады, Лукашэнку даводзіцца адбіваць атакі Масквы, забалботваць іх, ухіляцца ад іх. І ён навучыўся рабіць гэта віртуозна. Ён вядома, асьцерагаецца Масквы, але думае, што да нейкай крайняй, чырвонай рысы сытуацыя ня дойдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец: Трэба ладзіць масавую пратэставую акцыю. Іншага не засталося

Па-другое, лёгка казаць пра рэформы як пра нешта абстрактнае. У Беларусі не было сваіх «90-х». І кіраўніцтва Беларусі разумее, што калі рэформы пачнуцца, то яны будуць даволі балючыя. Рэшткі папулярнасьці будуць хутка размывацца, і ў такіх умовах рызыка страціць уладу будзе даволі рэалістычнай.

— Тыя крокі, якія Менск робіць на заходнім кірунку, вяртаньне амэрыканскага амбасадара — ці можа гэта неяк зрушыць сытуацыю залежнасьці ад Масквы? Чаго Лукашэнка чакае ад Вашынгтону?

— Нармалізацыя адносін з ЗША — аб’ектыўна важная рэч. Важным зьяўляецца прыезд высокіх амэрыканскіх чыноўнікаў, яны такім чынам спрабуюць даслаць сыгнал Маскве, што будуць адстойваць у рамках магчымага беларускую незалежнасьць. Але нельга перабольшваць значнасьць гэтых падзеяў.

Па-першае, амэрыканцы публічна ставяць пытаньне аб палітычных свабодах і правах чалавека. У адрозьненьне ад эўрапейцаў, якія нешта мямляць на гэтую тэму, але калі нешта адбываецца, проста выказваюць заклапочанасьць, каб на наступны дзень пра гэта забыць. Амэрыканцам, можа, таксама ня вельмі хацелася б пра гэта ўспамінаць, але там ёсьць свая ўнутраная палітыка, і любая адміністрацыя атрымае за гэта ад сваіх апанэнтаў.

Амэрыканцы будуць глядзець на выбары. І калі там касмэтычныя зьмены, калі замест аднаго апазыцыянэра ў парлямэнце будзе 3 ці 5, — для амэрыканцаў гэта нічога ня зьменіць. Для эўрапейцаў — зьменіць, яны будуць казаць пра «прагрэс».

Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, 29 жніўня

Яшчэ важней, што Захад сёньня ня мае грошай, якія можна было б даць Беларусі для правядзеньня шырокамаштабных рэформаў. І няма разуменьня, што Беларусь павінна заняць нейкае вельмі важнае месца ў пераліку замежнапалітычных прыярытэтаў. Павінна здарыццца нешта неверагоднае, каб Беларусь апынулася недзе побач з Украінай у гэтым сьпісе. Адкрываць яшчэ і «беларускі фронт», сур’ёзна ўкладвацца палітычна, дыпляматычна, фінансава, ісьці на яшчэ адно сутыкненьне з Расеяй — вялікага апэтыту на гэта няма.

Тое, што Менск робіць у пляне нармалізацыі адносін з Захадам, рабіць трэба. Але трэба і разумець усю абмежаванасьць тых вынікаў, якія могуць быць дасягнутыя на гэтым кірунку. Захад, па вялікім рахунку, цікавіць адно пытаньне — каб на тэрыторыі Беларусі не было расейскіх ракет ці іншых базаў з ударнай зброяй.

— Калі вярнуцца да адносінаў Крамля і Менску, то, як вы сказалі, гэта звыклае зло для Лукашэнкі. Але адбываюцца пэўныя дзеяньні Масквы — Крым, Данбас — якія, натуральна, палохаюць Лукашэнку. Як вы лічыце, ці паставіў ён пэўныя дакладныя межы ў адносінах з Масквой і ці знайшоў у яе разуменьне?

— Жыцьцё ставіць тут для Масквы дастаткова сур’ёзных перашкодаў. Паглынаньне Беларусі было б вельмі дарагой справай у фінансавым пляне. Нават калі б нейкім чынам удалося пераканаць Лукашэнку — ёсьць значная частка беларускіх элітаў, якія будуць супраціўляцца. Беларусь — ня Крым, яна існуе ўжо амаль 30 гадоў як незалежная дзяржава. У Беларусі няма масавай постсавецкай настальгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здача сувэрэнітэту або чарговы этап размоваў пра інтэграцыю? Два погляды на публікацыю «Коммерсанта»

У самой Расеі нават афіцыйная сацыялёгія паказвае, што больш як палова расейцаў лічаць, што Расея і Беларусь павінны працягваць існаваць як добрыя суседзі. Толькі 17 працэнтаў хацелі б, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі.

Відавочна, будуць вялікія праблемы ў адносінах з Захадам, з Кітаем. Для расейскіх партнэраў на постсавецкай прасторы гэта таксама стала б шокам. То бок выдаткі праекту інкарпарацыі Беларусі будуць надта вялікія. Таму, я думаю, Масква і ня ставіць перад сабой задач фармальнага паглынаньня і спыненьня існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы. Але гэта не перашкаджае Крамлю паступова адгрызаць элемэнты беларускага сувэрэнітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ўрад правільна разьлічвае на горшы варыянт, — расейскі палітоляг пра інтэграцыю