Выпускнік Каралеўскай дацкай акадэміі мастацтваў, дыджэй радыёстанцыі ў капэнгагенскай хіпі-камуне Крыстыянія, удзельнік праекту складанатэхнічных інсталяцый у Грэнляндыі. 35-гадовы мянчук Ягор Ягуноў становіцца заўважнай асобай у скандынаўскім сучасным мастацтве.
Аўтарская праграма на радыёстанцыі камуны хіпі
Ягор разам з маці пераехаў зь Менску ў Капэнгаген у верасьні 1998-га — жанчына спачатку тут вучылася, а потым другі раз выйшла замуж за датчаніна. Тады ён быў 14-гадовым падлеткам, вырваным са звыклага жыцьця — менскія сябры, двор, школа. Праз два дзясяткі гадоў гэта ўжо сфармаваны творца і семʼянін — сёлета згулялі вясельле з Алінай: яна з Горадні, працуе ў галіне маркетынгу.
Журналіст Свабоды наведаўся ў новы раён дацкай сталіцы, дзе ў маладой сямʼі адначасова і кватэра, і майстэрня.
«Памятаю той дзень, калі бабуля сказала: „Паедзеш у Данію“. Ляжу, плачу ў падушку, нічога не цікавіць, — згадвае Ягор апошнія дні ў Менску. — Фонам на канале Viva ідзе рэкляма праграмы, з дапамогай якой можна ствараць музычны кантэнт. Мяне заўсёды цікавіла электронная музыка, таму выцер сьлёзы і зразумеў, чым хачу займацца — хоць кампутара не было і не прадбачылася. А вось у Капэнгагене адразу зьявіўся, і першыя паўгода, у чаканьні дакумэнтаў, завісаў за гульнямі».
Калі дакумэнты былі гатовыя, падаўся вучыць дацкую мову ў інтэрнацыяльную клясу. Тлумачэньні там даваліся па-ангельску, тэарэтычная база пад якую была закладзеная яшчэ ў Менску.
Наступным этапам стала вывучэньне дацкай у сярэдняй школе: ён досыць хутка набраў дастатковы ўзровень, каб здаваць іспыты. Паралельна засяродзіўся на рэалізацыі старой мары — электроннай музыцы. У 16 гадоў усе свабодныя грошы траціў на вініл, сабраў калекцыю больш як з 300 кружэлак. Экспэрымэнтаваў, запісваў, прыдумляў уласныя праграмы.
Яго пачулі ў Крыстыяніі — у цэнтральнай частцы Капэнгагена амаль паўстагодзьдзя існуе апошні ў сьвеце прытулак «хіпі-ўтапізму». Гэта самакіраваная камуна з уласнымі законамі, атрыбутыкай і інфраструктурай. Сярод іншага ёсьць там і свая радыёстанцыя.
У эфіры Ягору выдзелілі аўтарскі блёк, і два гады кожны чацьвер ён круціў са сваёй фанатэкі электронную музыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыстыянія пад кайфам. Як у Даніі паўстагодзьдзя існуе «дзяржава ў дзяржаве»
«Абсалютнае валянтэрства, без усялякага заробку — для 17–18-гадовага юнака важны найперш досьвед, практыка, — кажа дыджэй. — Пасьля 9 клясы ўзяў курс навучаньня з музычным ухілам: палова — абавязковыя прадметы, палова — музыка. Нас падзялілі на дзьве часткі: клясычная група — гэта гітары, барабаны і г.д. А мне было цікава навучыцца граць на клявішах. Дагэтуль працаваў з кампутарам, рознай электронікай, а хацелася спасьцігнуць жывы інструмэнт, нотную грамату».
Крок у будучыню праз школу для творчых людзей
Рабіць захапленьне прафэсіяй Ягор, аднак, не хацеў: добра паэкспэрымэнтаваць дыджэем у маладосьці, але хадзіць у начныя клюбы як на працу ня вабіла. Усё часьцей цягнуўся да алоўка, фарбаў — з маленства маляваў коміксы, прыдумляў настольныя і нават кампутарныя гульні.
Далей была так званая прамежкавая школа — для тых, хто яшчэ ня вызначыўся з прыярытэтамі. Давалася паўтара года на тое, каб зарыентавацца і рухацца далей.
«Клясычны варыянт — гэта калі перад унівэрсытэтам выпускнікі ідуць у профільную гімназію. Але я перайшоў у школу для творчых людзей, якія яшчэ ў пошуку, — тлумачыць ён нюансы адукацыйных магчымасьцяў. — Нас было літаральна тры чалавекі ў клясе. Вывучалі спосабы арганізацыі розных імпрэзаў: як знаходзіць гранты, рабіць справаздачы і г.д. Таксама пачаў займацца візуальным мастацтвам, у большай ступені відэа і фатаграфіяй. Асвоіў лічбавыя каляжы — фаташоп, праца з узроўнямі».
Творчая школа стала пераломнай і ў іншым сэнсе. Ягор сустрэў блізкіх па духу людзей і ў працэсе нават не заўважыў, як перайшоў на дацкую мову.
У гэты час адзін з выкладчыкаў падкінуў ідэю паступаць у Каралеўскую дацскую акадэмію мастацтваў — установу больш як з 250-гадовай гісторыяй, дзе вучыліся іншыя вядомыя асобы з усёй Эўропы.
«Гэта было сьмешна: адна назва як напышліва гучыць, і тут я, бяз году тыдзень у Даніі, — кажа ён. — Насамрэч гэта ня столькі іспыт, колькі ацэнка працаў. Пры гэтым усё вельмі свабодна: нароўні са скульптурай, жывапісам можна падавацца з пэрформансам, інсталяцыяй. Адзінае, што відавочна: акадэмічны рысунак — натурморт з гладышом і яблыкамі — мае нуль шанцаў. Бо там не глядзяць на тэхніку выкананьня як рамяство, а шукаюць людзей з адметным бачаньнем сьвету».
Магістар Каралеўскай акадэміі стаў «мастаком клюбаў і бібліятэк»
Каралеўская акадэмія мастацтваў — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў Даніі, дзе адначасова вядуцца дасьледаваньні ў тэарэтычных і тэхнічных галінах мастацтва.
Напрыклад, на мастацкія дысцыпліны (жывапіс, скульптура, мэдыя-арт) штогод падаюць заяўкі блізу тысячы прэтэндэнтаў. Камісія адбірае толькі 30, зь якіх усяго двое могуць быць нерэзыдэнтамі Эўразьвязу.
Ягор з пашпартам грамадзяніна Беларусі якраз трапіў у гэтую «арытмэтычную хібнасьць». А від на жыхарства ў Даніі дазволіў атрымліваць стыпэндыю. З 2005 па 2011 год адвучыўся ў бакаляўрэаце і магістратуры.
«Адрозна ад беларускай сыстэмы, вельмі адкрытая, свабодная адукацыя, — кажа выпускнік акадэміі. — Зусім мала лекцый, асноўны час даецца на тое, каб разьвівацца, удасканальвацца. Натуральна, ёсьць невялікі пералік базавых прадметаў, але гэта дзеліцца на лябараторыі — праца з дрэвам, плястыкам, фота- і відэаматэрыяламі. Куратар раскажа, пакажа, выдасьць абсталяваньне. Па вялікім рахунку, яго задача — забясьпечыць чалавека прасторай, каб той мог працаваць са сваімі праектамі».
Паводле суразмоўцы, першыя два гады даюцца на агульнае разьвіцьцё, затым выбіраецца прафэсарская школа з ужо больш выразным ухілам у пэўную галіну. Сам ён далучыўся да групы «мэдыя» — праца з фота, відэа, анімацыя, інсталяцыя. Але зноў жа, удакладняе, усё рухома: нават у школе жывапісу можна займацца пэрформансамі. Абмежаваньняў няма, наадварот, заахвочваюцца экспэрымэнты ў розных кірунках — больш арыентавацца на ідэі, чым на тэхніку, падкрэсьлівае Ягор Ягуноў.
У 2007-м, пасьля атрыманьня базавай ступені, ён паехаў на год па студэнцкім абмене ў Акадэмію мастацтваў Брэры, што ў італьянскім Міляне. На 2 тысячы навучэнцаў — 200 прафэсараў. Усе прадметы на італьянскай мове — мода, кіно, сцэнаграфія, фота. Нічога не заставалася, як вывучыць і яе. Вярнуўшыся ў альма-матэр, давучыўся да «магістра прыгожых мастацтваў».
І толькі на радзіме адсутнасьць «уцямнай спэцыялізацыі» паставіла некага ў тупік. Калі ў менскім ваенкамаце спрабавалі ідэнтыфікаваць ягоную цывільную спэцыяльнасьць на выпадак «татальнай мабілізацыі», у ведамасным рэестры так і не знайшлося аналягаў. У выніку ў вайсковым білеце зьявіўся запіс: «мастак клюбаў і бібліятэк».
Мапа гукавога ляндшафту ў залік стажыроўкі
Ягор Ягуноў кажа, што ў акадэміі для ўсіх студэнтаў створаныя цяплічныя ўмовы — на прафэсійную падрыхтоўку, міжнародныя абмены, годныя стыпэндыі грошай не шкадавалі. Тым складаней было апынуцца на вольных хлябах: зарабіць мастацтвам без раскручанага імені, мякка кажучы, складана.
Таму першым чынам беларускі выпускнік пачаў маніторыць сумежныя сфэры, зь якімі можна скаапэравацца.
«Прыйшло азарэньне, што супрацай могуць зацікавіцца архітэктары. Пачаў глядзець, хто з аўтараў працуе на сутыку мастацтва і архітэктуры. Выйшаў на адну студыю, заснавальнік якой выкладаў дызайн прасторы. З анімацыйным фільмам яны якраз выйгралі конкурс, як гарманічна жыць разам. Першым заданьнем маёй стажыроўкі была гукавая інсталяцыя ў раёне навабудаў — акурат тут мы цяпер з Алінай жывём», — усьміхаецца супадзеньню малады чалавек.
Стажор стварыў мапу гукавога ляндшафту: люкі, празь якія можна перамаўляцца, званочкі пад масткамі, гукавая панарама з калёнак уздоўж веладарожкі і г.д. Прапанова атрымала інжынэрнае ўхваленьне, але на няпэўны час яе адклалі: студыя тым часам выйграла чарговы прэстыжны конкурс. Ягор застаўся фрылансэрам, выконвае шмат замоваў.
Практычныя веды дасягнулі галоўнага, кажа ён, — дадалі ўпэўненасьці. Напрыклад, зрабіў інсталяцыю для фэстывалю дзіцячага пісьменьніка Ганса-Крыстыяна Андэрсэна ў ягоным горадзе Одэнсэ. Нядаўна дэбютаваў са складанай інсталяцыяй у музэйнай прасторы. А наперадзе буйны і адказны праект — адаптацыя экспазыцыі для новага выставачнага цэнтру дасьледаваньняў клімату ў Грэнляндыі. Беларусу даручылі вітрыны з галяграмамі.
«Ужо няма патрэбы ўдзельнічаць ва ўсім, куды клічуць. Цяпер магу выбіраць прыярытэты: або самому падабаецца, або гэта новы прафэсійны ўзровень, або плацяць грошы — зарабляць так ці інакш трэба. Мяняецца сам падыход. Плюс не стаяць на месцы тэхналёгіі. Калі ў акадэміі былі статычныя фота, відэа, лічбавая анімацыя, то студыя працуе з прасторай. І тады сам пачынаеш думаць іншымі катэгорыямі, спрабаваць інтэграваць праекцыі. Праз гэта прыйшлі буйнейшыя формы — скульптура».
Khlora ды іншыя «дзеці» экспэрымэнтатара
У 2014 годзе Ягор два месяцы правёў на рэзыдэнцыі ў Японіі і па вяртаньні натхніўся новымі тэхналёгіямі. Як вынік — сумясьціў праекцыю з формай. Мэтровы белы кокан у сьвятле праектара пакідаў уяўленьне, што ўнутры нешта ці нехта хаваецца. І ўсё пад заварожлівае гукавое суправаджэньне. Сутнасна гэта адсыл да кветкі архідэі, якая здольная мімікраваць пад навакольныя ўмовы.
Праз два гады тэхналёгію ўдасканалілі. Падсьветленая двухмэтровая скульптура зь біяматэрыялу ўжо была складаным мэханізмам, магла раскрывацца і стала для аўтара ня проста экспанатам, а «жывым арганізмам».
«Літаральна праз паўгадзіны пасьля адкрыцьця выставы яе ўжо захацелі купіць, — расказвае аўтар. — Набыў адзін з найбуйнейшых у Даніі фондаў сучаснага мастацтва, дырэктар якога адразу сказаў: нічога падобнага ня бачыў, «трэба браць»! Хоць праца спэцыфічная, яе проста так не павесіш дома ў гасьцёўні, шмат тэхнічных нюансаў. Гэта ня проста скульптура і праекцыя, фігура яшчэ і рухаецца. Калі працу купілі, адразу зьявіўся іншы пакупнік, які замовіў яе «сястру».
Гэтыя працы ўжо мелі ўласныя імёны: першая — Khlora, другая, якую зрабіў на замову ў 2017-м, — Kleth. А днямі Ягор прэзэнтаваў у буйным выставачным цэнтры Капэнгагена чарговую скульптуру з гэтай сэрыі — Marena.
Паралельна экспэрымэнтатар захапіўся прыродай каменю — спачатку гэта была разгрузка ад лічбавых тэхналёгій, а пасьля яна атрымала мастацкі працяг. Паколькі ўся Данія стаіць на глыбінных пластах крэйды, там шмат акамянеласьцяў, узрост якіх ацэньваецца ў 60–80 мільёнаў гадоў.
Некалькі штрыхоў дастаткова, каб ператварыць трафэй у твор мастацтва. Сёлета на высьпе Мюн (Møn) распачаўся мастацкі варштат, і гэты праект, не выключае суразмоўца, можа стаць самым доўгайграючым, даўжынёй у цэлае жыцьцё. Цяпер Ягор выношвае пляны знайсьці такія ж «каменныя плянтацыі» ў Беларусі.
Беларускі тупік сучаснага мастацтва
А якія сувязі з радзімай? Ягор кажа, што там засталіся тата, блізкія сваякі і сябры. Стараецца некалькі разоў на год выбірацца ў Менск, бо бабуля і дзядуля ўжо досыць сталага веку — ім каля 90 гадоў, больш за 60 зь якіх яны разам. Падтрымлівае і творчыя кантакты з аднадумцамі.
«Я даўно сябрую з галерэяй „Ў“, яшчэ ад часоў „Падземкі“, — гаворыць Ягор Ягуноў. — Бадай, адзіная пляцоўка сучаснага мастацтва ў Беларусі. Натуральна, назіраю, наколькі ім складана нешта рабіць, знаходзіць грошы. Каб было прынамсі 4-5 такіх месцаў, здольных жыць са сваёй дзейнасьці, стваралася б пэўная атмасфэра. Безумоўна, ёсьць цэнтры, якія пачаплялі на шыльды слова “сучаснае”, але ўсё гэта крыху ня тое…»
Ягор Ягуноў кажа, што разам зь сябрамі-беларусамі, якія сёньня раскіданыя па ўсім сьвеце, з задавальненьнем рэалізаваў бы нейкі праект у Беларусі — і тут усё ўпіраецца ня ў грошы, а ў тое, каб знайсьці адпаведную культурніцкую прастору.
Пакуль жа ў сілу мясцовага кансэрватызму вялікай зацікаўленасьці няма. Выключэньні — згаданая ўжо галерэя «Ў» ды мэцэнацкая актыўнасьць кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. Каб такія высілкі заахвочваліся на заканадаўчым узроўні, сытуацыю можна было б зрушыць у правільны бок.
Напрыклад, у Даніі мастацтва ў вялікай ступені фінансуецца ад прыбыткаў, атрыманых з продажу лятарэй. У Беларусі такога няма.
Відаць, боязь зьменаў — наканаваны беларусам лёс, дзеліцца назіраньнямі збоку Ягор Ягуноў. Несумненна, гэта ратуе ад рэзкіх узрушэньняў, але гэтаксама ж тармозіць прагрэс. Таму раней ці пазьней давядзецца шукаць кампраміс, які задаволіць усіх. Пры відавочным патэнцыяле гэта рэальна, — падсумоўвае суразмоўца.
Больш працаў беларускага выпускніка Каралеўскай дацкай акадэміі мастацтваў — на сайце, у Instagram і ў Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі архітэктар з Горадні: «Зямля твая — будуй што хочаш». ФОТА