11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю

Амэрыканскія дыпляматы зьяжджаюць з амбасады ў Менску ў траўні 2008 году

Свабода сабрала хроніку дыпляматычных стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам за апошнія 20 год.

17 верасьня ў Менску намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Гэйл заявіў пра вяртаньне амэрыканскага амбасадара ў Беларусь «пасьля столькіх гадоў». Ён назваў гэта «важным гістарычным момантам у нашых стасунках».​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША вернуць амбасадара ў Беларусь


​Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.

1998. Першыя санкцыі — пасьля высяленьне амбасадараў з Драздоў

Першыя санкцыі ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў з рэзыдэнцый у Драздах. Быў складзены сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), якім забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

2004-2006. Лукашэнка і атачэньне — у чорным сьпісе

У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Пад санкцыі трапілі сілавікі Ўладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2004 году сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед.

У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

2008. Штат амбасады ЗША ў Менску скарочаны ў 7 разоў, пасол зьехаў

На пачатку сакавіка 2008 году адбыўся чарговы дыпляматычны скандал.

Пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Першай рэакцыяй Дзярждэпартамэнту ЗША была ідэя закрыць сваю амбасаду ў Менску. Але гэтага не адбылося.

7 сакавіка 2008 году Беларусь адклікала свайго амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова, і адначасова «ўрад Беларусі настойліва прапаноўваў амбасадару Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску Карэн Ст’юарт пакінуць нашу краіну з той жа мэтай».

Ст’юарт пакінула Беларусь 12 сакавіка для кансультацый, яна разьлічвала вярнуцца ў Менск праз 2-3 тыдні. Аднак гэтага не адбылося.

Апошні пасол ЗША у Беларусі Карэн Ст’ юарт, 15 лютага 2008

Пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню паверанага.

Першым павераным у 2008 годзе стаў Джанатан Мур, пасьля яго былі Майкл Скенлан, Ітан Голдрыч, Скот Роланд, Робэрт Райлі і з жніўня 2018 году Джэніфэр Мур.

У амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне і ў консульстве ў Нью-Ёрку ў красавіку 2008 году засталіся 6 дыпляматаў. 11 беларускіх дыпляматаў пакінулі ЗША і вярнуліся ў Беларусь.

30 красавіка 2008 году МЗС Беларусі перадаў паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі Джонатану Муру сьпіс амэрыканскіх дыпляматаў, якіx абвясьцілі пэрсонамі non grata.

3 траўня 2008 году тэрыторыю Беларусі пакінулі 11 супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады.

З 2008 году спыніў сваю працу консульскі аддзел амбасады ЗША ў Менску.

Па візы грамадзяне Беларусі вымушаны былі зьвяртацца ў амбасады суседніх дзяржаў: Расеі, Украіны, Польшчы.

2010. Пашырэньне чорнага сьпісу

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў сьнежні 2010 году, жорсткага разгону Плошчы і зьяўленьня ў Беларусі палітвязьняў пад санкцыі трапілі каля 200 беларускіх сілавікоў, чыноўнікаў, судзьдзяў, пракурораў.

2015. ЗША зьнялі эканамічныя санкцыі

У кастрычніку 2015 года ЗША часткова зьнялі санкцыі ў дачыненьні да дзевяці беларускіх кампаній, уведзеных у 2006 годзе за «падрыў дэмакратычнага працэсу».

У прыватнасьці, дазволеныя забароненыя раней транзакцыі зь беларускім дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і яго амэрыканскім падразьдзяленьнем, вытворцам шын ААТ «Белшына», вытворцам аміяку і ўгнаеньняў ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лякафарба», ААТ «Нафтан », ААТ"Полацк-Шкловалакно" і «Беларускім нафтавым гандлёвым домам».

2016. Пашырэньне штату амбасады ЗША

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэньню штату амэрыканскай амбасады да 7 чалавек.

З 30 студзеня 2017 году пачаў дзейнічаць іміграцыйны ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які распаўсюдзіўся і на беларусаў. Паўторна атрымаць візу ў Менску змаглі толькі тыя грамадзяне Беларусі, у якіх віза скончылася менш за 12 месяцаў таму.

2018. Амбасада ЗША пачала выдаваць візы «ў поўным аб'ёме»

З 1 лютага 2018 году амбасада ЗША ў Менску пачала аказваць у Беларусі «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслуг».

​Любы грамадзянін і рэзыдэнт Беларусі можа зьвярнуцца па амэрыканскую візу ў консульскі аддзел у Менску.

«Упершыню за 10 гадоў мы зможам аказваць такія паслугі, — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

2019. Зьнялі абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей у тэлефоннай размове 10 студзеня паведаміў прадстаўнікам ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.

Пра нармалізацыю стасункаў заяўлялі ня раз

11 верасьня 2016 году, у дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў, адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды», Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Амбасадар абавязкова будзе, мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся. Калі — спытаеце ў амэрыканскага боку. Я спадзяюся, мы гэта хутка вырашым, і вам не давядзецца езьдзіць у Вільню або Кіеў па візы», — сказаў Лукашэнка.

4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году.

25 кастрычніка 2018 году на пытаньне Свабоды, ці можна разьлічваць на вяртаньне ў Беларусі поўнага штату амбасады ЗША ў ранейшым аб’ёме і вяртаньня ў Менск амбасадара неўзабаве, Джэніфэр Мур сказала, што яна да гэтага імкнецца.

«Я спадзяюся на гэта, гэта мая мэта. Калі я буду рабіць сваю працу добра, то яшчэ да сканчэньня маёй місіі ў мяне ня стане працы, бо ў Беларусь вернецца пасол», — заявіла спадарыня Мур.

13-14 жніўня 2019 году ў Беларусь прыехала дэлегацыя Кангрэсу ЗША, каб «падкрэсьліць падтрымку сувэрэнітэту».

Лукашэнка і Болтан

29 жніўня Беларусь наведаў дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан — самы высокі амэрыканскі ўрадоўца за апошнія 20 год. Ягоная сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам працягвалася 2,5 гадзіны — больш як удвая даўжэй, чым было заплянавана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежнасьць, перамовы пра санкцыі і «Яма» — з чым прыяжджаў у Менск Болтан

Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Болтан: У Беларусі расьце новае пакаленьне — людзі, якія ніколі не былі часткай СССР. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры загадкі пасьля візыту Джона Болтана ў Менск