«Коммерсантъ»: Расея і Беларусь задумалі «ступень інтэграцыі, вышэйшую за Эўразьвяз»

Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў, 24 траўня 2019 году

Расейскае выданьне «Коммерсантъ» сьцьвярджае, што атрымала доступ да праграмы эканамічнай інтэграцыі Расеі і Беларусі, якую парафіявалі прэм’ер-міністры 6 верасьня. У ёй «на ўзроўні эканомік фактычна ідзе гаворка пра стварэньне з 2022 году канфэдэратыўнай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аб’яднаньне эканомік, а не дзяржаў», — расейскі міністар Арэшкін пра «паглыбленьне інтэграцыі» зь Беларусьсю

Афіцыйна праграма не публікавалася, падрабязных камэнтароў пра яе не давалі ні беларускі, ні расейскі бок. «Коммерсантъ» сьцьвярджае, што праект, узгоднены прэм’ерамі (але яшчэ не кіраўнікамі дзяржаваў — гэта чакаецца ў сьнежні), «даволі радыкальны», хоць у ім «няшмат канкрэтыкі». Паводле выданьня, у праекце:

  • выстаўленьне бакамі да 1 лістапада 2019 году прапановаў «дарожных мапаў» аб’яднаньня эканомік і падрыхтоўка «заканадаўчых крокаў» для інтэграцыі да канца 2020 году;
  • пачатак працы «ў аб’яднаным рэжыме» ў большасьці выпадкаў заплянаваны на 1 студзеня 2021 году;
  • аб’яднаньне падатковых сыстэмаў, адзіны Падатковы кодэкс;
  • аб’яднаньне мытнай палітыкі, супольныя мытныя рэйды, агульная інфармацыйная сыстэма і «траха не агульная мытная служба»;
  • аб’яднаны рэгулятар рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў і электраэнэргіі;
  • «гарманізацыя» макраэканамічнай палітыкі і ўніфікацыя валютнага кантролю, аб’яднаньне сыстэмаў аплаты, адзіны рэжым абароны абароны інвэстыцыяў;
  • агульны рэжым рэгуляваньня аграрных рынкаў, гандлю, транспарту і сувязі, адзіная антыманапольная палітыка і рэжым абароны спажыўцоў;
  • уніфікацыя гаспадарчага заканадаўства (магчыма, Грамадзянскіх кодэксаў), адзіны рэжым уліку маёмасьці;
  • узаемны доступ да дзяржаўных закупак;
  • скасаваньне платы за роўмінг ад 1 чэрвеня 2020 году;
  • «гарманізацыя» прамысловай палітыкі (што гэта значыць, выданьне не бярэцца гадаць) і «ўзгодненая палітыка» на рынку працы і ў сацыяльнай абароне;

Пра адзіную валюту і аб’яднаньне эмісійных банкаў гаворкі не ідзе, таксама ня згадваюцца абарона, дзяржаўная бясьпека, суды, адукацыя, ахова здароўя і дзяржаўнае кіраваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьмірылася. У «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе

«Адзначым, што прынамсі да 2022 году казаць пра „фактычнае аб’яднаньне“ дзьвюх краінаў з наступным пераходам у „надбудовачную“ структуру цэнтральных уладных паўнамоцтваў Расеі і Беларусі зыходзячы з „Праграмы дзеяньняў“ наогул няма падставаў — у дакумэнце ідзе гаворка толькі пра эканамічную інтэграцыю», — адзначае выданьне.

Ды «Коммерсантъ» прагназуе, што выканаць праграму «на роўных» амаль немагчыма — найбольш імаверна, што пры такой праграме Беларусь будзе проста прымаць расейскія нормы.

***

«Коммерсантъ» — адно з найбуйнейшых і найстарэйшых дзейных палітычна-эканамічных выданьняў Расеі, з найбольш цытаваных у тым ліку дзяржаўнымі СМІ Расеі. Галоўны акцыянэр — блізкі да Крамля алігарх Алішэр Усманаў.