Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча, каб Беларусь заставалася сатэлітам, але пры мінімальных тратах, — палітоляг Рудкоўскі


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі заяўляе, што ў беларускага народу ёсьць вялікі попыт на дэмакратыю, і тлумачыць, як улада яго падмяняе, а таксама адказвае на пытаньне, чаму Захад перастаў падтрымліваць беларускую апазыцыю.

Сьцісла:

  • Калі будуць гарантыі пэрсанальнай бясьпекі — цалкам магчыма, што недзе да 2024–25 году нейкі транзыт улады адбудзецца.
  • Большая імавернасьць, што некалькі апазыцыйных дэпутатаў зноў прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў.
  • У Расеі вельмі нізкая падтрымка ідэі далучэньня Беларусі да Расеі.
  • На Захадзе прыйшлі да высновы, што толькі шляхам пампаваньня падтрымкі апазыцыі не дасягнеш доўгатэрміновых вынікаў.

У народу ёсьць высокі попыт на дэмакратыю — улада прапануе яго замяняльнікі, кшталту «кнігі скаргаў і прапановаў»

— У якой палітычнай атмасфэры беларуская дзяржава падыходзіць да дзьвюх выбарчых кампаній — парлямэнцкай і прэзыдэнцкай? Як бы вы апісалі асноўныя матывы і мэты ўдзельнікаў палітычнага жыцьця?

— Беларусь падыходзіць да гэтых выбараў, па-першае, у сытуацыі пэўнай эканамічнай лібэралізацыі. Хай сабе не радыкальнай, ня вельмі значнай, але пэўныя крокі зробленыя — асабліва палёгкі, датычныя вядзеньня малога бізнэсу. Па-другое, збліжэньне з Захадам — новая рыса цяперашняй сытуацыі. Таксама можна адзначыць пэўныя крокі ў кірунку ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта тры моманты, якія раней не былі характэрныя для Беларусі.

Пётра Рудкоўскі дырэктар BISS Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў
Пётра Рудкоўскі дырэктар BISS Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў

Застаецца традыцыйная праблема —выбарчы працэс і плюралізм. Па гэтым парамэтры Беларусь традыцыйна была і застаецца на вельмі нізкім узроўні, нават 1 бал з 10 не даюць Беларусі міжнародныя рэйтынгі.

Яшчэ адзін момант — гэта адносна высокі попыт на дэмакратыю ў беларускім грамадзтве. Гэта паказваюць апытаньні міжнародных сацыялягічных службаў. Цяперашні выбарчы працэс — гэта своеасаблівы шанец для палітычных гульцоў наблізіць Беларусь да дэмакратыі.

— Вы адзначылі рост попыту на дэмакратыю з боку беларускіх грамадзянаў. Але, як падаецца, улада ніяк не рэагуе на гэты попыт?

— Улада дае розныя субстытуты (замяняльнікі) гэтага попыту на дэмакратыю. Адзін зь іх, нядрэнная вынаходка — «Кнігі скаргаў і прапановаў», калі людзі ў пэўнай ступені могуць адчуць, што яны пачутыя. І гэта ў нейкай ступені нэўтралізуе дэфіцыт рэальнай дэмакратыі.

Таксама ствараюцца розныя кансультатыўныя органы, рады пры міністэрствах і органах улады, што таксама дае частку адчуваньня, што голас можа быць пачуты. Але глыбінная праблема з дэмакратыяй, вядома, застаецца. Магчыма, яна ня так востра адчуваецца ў грамадзтве, бо стабільнасьць, бясьпека, дабрабыт, заробкі застаюцца прыярытэтнымі.

— Калі прааналізаваць тэндэнцыі ў паводзінах улады — ці можна меркаваць, што яны зноў прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў некалькі апазыцыйных ці паўапазыцыйных дэпутатаў?

— Думаю, што гэта магчыма. Тут вельмі шмат чыньнікаў, якія могуць паўплываць. Мяркую, што самі ўлады з гэтым яшчэ канчаткова ня вызначыліся. Тым ня менш, калі даваць прагноз, то большая імавернасьць, што некалькі апазыцыйных дэпутатаў зноў прапусьцяць.

— Прапусьціць некалькі апазыцыянэраў трэба дзеля козыру ў размовах з Захадам, але, зь іншага боку, занадта шмат неляяльных дэпутатаў нельга дапускаць, бо, як кажуць аналітыкі, наступны тэрмін Лукашэнкі (пасьля 2020 году) будзе адзначаны праблемай транзыту ўлады. Ці падзяляеце вы думку, што сапраўды такая задача стаіць перад Лукашэнкам?

— Я лічу, што гэты сцэнар сур’ёзна разглядаецца ў вышэйшых колах. Хутчэй, яны яшчэ канчаткова ня вызначыліся, бо ключавое пытаньне — гэта гарантыя пэрсанальнай бясьпекі для Лукашэнкі і чальцоў сям’і. Калі будуць такія гарантыі, калі ім будзе відаць, што рызыкаў няма — цалкам магчыма, што недзе да 2024–25 году нейкі транзыт улады адбудзецца.

На Захадзе прыйшлі да высновы, што толькі шляхам пампаваньня падтрымкі апазыцыі не дасягнеш доўгатэрміновых вынікаў

— Вясной і летам гэтага году галоўнай тэмай беларускай палітычнай супольнасьці была тэма нарастаньня ціску з боку Расеі, пагрозы беларускай незалежнасьці. Але пасьля таго, як Лукашэнка з Пуціным сустрэліся і перанесьлі ўсё на сьнежань, — то і ўсе дыскусіі раптам зьніклі. Па-вашаму, ці сапраўды Масква яшчэ чакае нейкіх кардынальных саступак ад Менску ў справе інтэграцыі, ці яна ўжо зразумела, што гэтым шляхам Лукашэнка ня пойдзе?

— Расея, найхутчэй, хацела б неяк вырашыць гэтую праблему, якая цягнецца 20 гадоў. Напрыканцы 90-х на хвалі пэрсанальных дамоўленасьцяў і амбіцый паўстаў такі спантанны праект, ён ня быў стратэгічны. Праграма-мінімум для Менску была — забясьпечыць Беларусь таннымі энэрганосьбітамі, праграма-максымум — даць Лукашэнку шанец прыйсьці на зьмену Ельцыну.

Потым гэты праект ужо стаў абузай, але адмовіцца ад ідэі «саюзнай дзяржавы» вельмі складана, з прычыны яе ідэалягічнага насычэньня. Якім чынам яе перафарматаваць — асабліва ніхто ня ведае.

Прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Румас і Мядзьведзеў
Прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Румас і Мядзьведзеў

У самой Расеі вельмі нізкая падтрымка ідэі далучэньня Беларусі да Расеі. Паўгода таму правялі апытаньне, і 51 працэнт расейцаў увогуле ня ведаюць пра існаваньне «саюзнай дзяржавы». На пытаньне, ці хацелі б вы, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі, толькі 17 працэнтаў адказваюць станоўча. У расейскім кіраўніцтве, асабліва ў эканамічным блёку, я перакананы, ідэя нейкай інкарпарацыі не выклікае ніякага энтузіязму.

Само ўяўленьне Расеі, якая толькі і глядзіць, каб некага захапіць, — гэта занадта перабольшана. Вядома, ёсьць фанатычныя імпэрыялісты і ў крамлёўскіх колах, але не яны вядуць рэй.

— Але калі канстатаваць, што Расея мяняе сваё стратэгічнае стаўленьне да Беларусі, прымае нейкую іншую палітыку замест ранейшай «газ у абмен на пацалункі», то можна прагназаваць, што расейскія датацыі і эканамічнае спрыяньне радыкальна зьменшацца?

— Ці хоча Расея, каб яе інтарэс перамог? Ясна, хто хоча. У чым палягае яе інтарэс у гэтым выпадку? Першае — каб Беларусь заставалася сатэлітам, каб у яе не было паглыбленай інтэграцыі з Захадам. Гэта не азначае, што Расея хоча праглынуць Беларусь.

Другая рэч — каб Беларусь заставалася сатэлітам пры мінімальных эканамічных тратах з боку Расеі. І гэта здаровасэнсавы падыход зь іхняга боку. Наўрад ці там існуе поўны кансэнсус, ва ўладных колах Расеі, але сярод тэхнакратаў ёсьць інтарэс, каб Беларусь рэфармавалася. Каб перабудоўвалася, пераходзіла на рынкавыя рэйкі, каб можна было зь Менскам будаваць нармальныя прагматычныя стасункі.

— Як бы вы пракамэнтавалі пазыцыю Захаду, які за апошнія гады радыкальна зьменшыў маральную, палітычную і матэрыяльную падтрымку беларускай апазыцыі, найперш палітычных партыяў? Чаму Захад прыняў такую тактыку і ці можа гэта зьмяніцца падчас будучых палітычных кампаній?

— Тут два чыньнікі. Па-першае, неэфэктыўнае выкарыстаньне сродкаў, якія выдаткоўваліся на Беларусь раней. Другі момант — гэта спад энтузіязму наконт усясьветнага прагрэсу ў галіне дэмакратыі. Пачынаючы ад 2006 году, усясьветны індэкс дэмакратыі падае.

Некаторыя прыйшлі да высновы, што без глыбокіх каштоўнасных зьменаў, на ўзроўні зьмены сьвядомасьці, гэты працэс можа быць доўгі. Што толькі шляхам пампаваньня падтрымкі пэўных апазыцыйных колаў не дасягнеш доўгатэрміновых вынікаў. Да таго ж зьявіўся горкі досьвед непасьпяховых трансфармацый у краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі.

Таму заходнія палітычныя колы пачалі схіляцца да думкі, што трэба працягваць адносіны з грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй, але пры гэтым разьвіваць дыялёг зь беларускімі ўладамі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG