Пра тое, што кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі ў суботу 14 верасьня зноў размаўлялі праз тэлефон, паведамляе агенцтва БелТА. Размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку.
Сяргей Румас павіншаваў Дзмітрыя Мядзведзева з Днём нараджэньня, а таксама абмеркаваў з ім «актуальныя пытаньні інтэграцыйнага парадку дня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Патрушаву: Хоць касякоў ня выяўлена, але ўсе «адрасы, паролі, яўкі» ў нас ёсьць
Напрыканцы жніўня Сяргей Румас расказаў аб праграме рэалізацыі «саюзнай дамовы» з 66 пунктаў. Паводле прэм’ера, пункты «практычна ўсе ўзгодненыя», толькі асобныя зь іх трэба было ўзгадніць з Лукашэнкам.
Наконт усіх прапановау, паводле Румаса, «ёсьць поўная яснасьць», і ў пачатку верасьня ён і расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў могуць падпісаць праграму. У праграме закладзеная канцэпцыя «дзьве краіны — адзін рынак» і плян 28 «дарожных мапаў» стварэньня агульных рынкаў.
Афіцыйнае падпісаньне новых інтэграцыйных дакумэнтаў паміж Менскам і Масквой чакаецца 8 сьнежня. Іх поўны зьмест застаецца невядомым.