Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад паваротнага пункту да разьведкі — экспэрты пра магчымы візыт Болтана ў Менск


Дональд Трамп і Джон Болтан
Дональд Трамп і Джон Болтан

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнае бясьпекі Джон Болтан наведае Беларусь і сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтую інфармацыю агенцтву Reuters пацьвердзілі ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

Сваім меркаваньнем наконт мэтаў і матываў візыту ў Менск Джона Болтана падзяліўся са Свабодай Валер Кавалёўскі, былы беларускі дыплямат, які цяпер працуе ў ЗША.

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

— Пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны адносіны Беларусі і ЗША павольна паляпшаліся. Частыя візыты ў Менск і Вашынгтон, стрыманая публічная рыторыка абодвух бакоў, адсутнасьць ціску і фокус на пытаньнях узаемнага інтарэсу дазволілі аднавіць мінімальны ўзаемны давер паміж дзьвюма краінамі. Згода Беларусі зьняць абмежаваньне на колькасьць дыпляматаў у амбасадзе ЗША ў Менску вывела адносіны на фінішную прамую да аднаўленьня нармальных адносінаў.

На гэтым фоне візыт у Беларусь дарадцы прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джона Болтана варта разглядаць як паваротны. На гэтым узроўні ў прэзыдэнцкай адміністрацыі ЗША абмяркоўваюцца самыя важныя пытаньні зьнешняй і ўнутранай палітыкі. Праз напорыстыя паводзіны Расеі сытуацыя ў нашым рэгіёне застаецца напружанай і няпэўнай, і Злучаныя Штаты шукаюць шляхі большага кантролю над гэтымі працэсамі.

Візыт Болтана таксама адпавядае дынаміцы апошніх гадоў, пры якой Трамп пазьбягае наўпрост супрацьстаяць Пуціну ці нават крытыкаваць яго, аднак гэтую працу спраўна робяць яго падначаленыя. Безумоўна, у Вашынгтоне разьлічваюць зрабіць уражаньне на Крэмль візытам Болтана ў сталіцу найбліжэйшага саюзьніка Масквы.

ЗША хвалюе актывізацыя інтэграцыйных працэсаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Відавочна тое, што гэты працэс адбываецца пад прымусам Масквы, якая карыстаецца залежнасьцю і эканамічнай і палітычнай нягнуткасьцю Беларусі. Злучаныя Штаты пасьлядоўна заяўляюць аб падтрымцы незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, і на сёньня гэты прынцып актуальны як ніколі. Верагодна, пытаньні, як далёка можа зайсьці інтэграцыя з Расеяй і што ЗША могуць зрабіць у гэтым кантэксьце, у тым ліку для Беларусі, будуць на парадку дня размоваў Болтана ў Менску.

Да інтарэсаў Беларусі можна аднесьці пытаньне аб канчатковым зьняцьці санкцый ЗША. Днямі стала вядома, што гэтай тэмай у Вашынгтоне займаецца прафэсійны лабіст, які выкарыстоўвае небясспрэчную ідэю паставак амэрыканскай сырой нафты ў нашую краіну як нагоду ЗША задумацца пра мэтазгоднасьць адмовы ад санкцый, эканамічна і палітычна балючых для Беларусі. Наяўнасьць рэжыму санкцый, нават прыпыненых ужо некалькі гадоў, стварае няпэўнасьць у двухбаковым гандлі і замінае эканамічнай дзейнасьці Беларусі ў іншых рэгіёнах сьвету.

Другой важнай для Беларусі тэмай можа стаць разьвіцьцё сытуацыі ў Эўропе пасьля спыненьня дзеяньня Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці (РСМД) пасьля выхаду зь яе ЗША і Расеі. Беларусь таксама ўдзельнічала ў дамове і ніхто не мог яе папракнуць парушэньнямі. Разам з тым, адмова ад РСМД адкрывае дарогу да разьвіцьця ракетных тэхналёгіяў і аднаўленьня разьмяшчэньня ракет такіх клясаў у Эўропе. Наўрад ці можна казаць пра разьмяшчэньне расейскіх ракет у Беларусі, бо гэта будзе супярэчыць Дамове аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. Аднак агульны градус рэгіянальнай бясьпекі пагоршыцца і Беларусь, як сумленны бок дамовы РСМД, заслугоўвае тлумачэньняў і крокаў насустрач.

Практычныя пытаньні аднаўленьня ў поўным аб’ёме дзейнасьці амбасады ЗША ў Менску наўрад ці цікавяць Болтана. Аднак у яго паўнамоцтвах паспрыяць паскарэньню гэтага працэсу і закрануць далейшыя крокі па разьвіцьці двухбаковых адносінаў, кульмінацыяй якіх можа быць сустрэча прэзыдэнтаў.

З пытаньнем пра мэты і матывы мы таксама зьвярнуліся да Грыгорыя Ёфэ, прафэсара Рэдфардзкага ўнівэрсытэту (ЗША), аўтара кнігі «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце». Прафэсар Ёфэ неаднойчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Грыгоры Ёфэ
Грыгоры Ёфэ

— Дакладна я не магу адказаць, бо нячасты госьць у калідорах улады. Але візыт Болтана адлюстроўвае ў любым выпадку пэўную прагрэсію, пасьлядоўнасьць, апгрэйд у пазнаньні Беларусі амэрыканскім істэблішмэнтам.

Летась Менск наведаў Уэс Мітчэл, намесьнік памочніка дзяржсакратара. У беларускай тэрміналёгіі — гэта намесьнік міністра замежных справаў, адказны за Эўропу і Эўразію. Гэта дастатковы высокі ўзровень.

Нягледзячы на тое, што Мітчэл ужо звольніўся з дзярждэпартамэнту, вынікі яго візыту ня зьніклі. Візыт Болтана — гэта наступны ўзровень.

Напэўна ён едзе з мэтай рэкагнасцыроўкі. І па часе гэта супала з запытам на закуп амэрыканскай нафты. Рэкагнасцыроўка спатрэбілася ў сувязі з гэтым пытаньнем ці з больш шырокім колам праблемаў.

Болтан — даволі містычная асоба. Ён у вачах многіх выглядае як тыповы распальвальнік вайны, але пры прэзыдэнце, які абавязаўся ня ўдзельнічаць у войнах.

Зь іншага боку, палітычныя інстынкты Трампа заўсёды былі недаацэненыя. Расейскі палітоляг Кірыл Коктыш пэўны час таму параўноўваў Трампа і Лукашэнку. Паміж імі вялікая розьніца ў маштабах уплыву і краінаў, якія яны ўзначальваюць. Але паводле Коктыша ў абодвух выпадках мае месца моцная недаацэнка. І гэта ў рэшце рэшт абарочваецца выгадай для гэтых недаацэненых лідэраў.

Доўгі час Беларусь у вачах амэрыканскага істэблішмэнту была неаддзельная ад Расеі. Яе пазнавальнасьць, name recognition, была роўная амаль што нулю.

Сёньня мы можам канстатаваць, што пазнавальнасьць Беларусі, як краіны з пэўнай субʼектнасьцю, прагрэсавала. І візыт Болтана гэта адлюстроўвае.

— А якія пункты Болтан будзе абмяркоўваць у Менску — Расея, зьняцьцё санкцыяў, пакупка Беларусьсю амэрыканскай нафты?

— Усё вамі пералічанае. Ён хоча пагаварыць з Лукашэнкам, з Макеям. Ён хоча адчуць настрой. Гэта геапалітычная гульня, у якую Беларусь аказалася ўцягнутая ў сувязі са сваім геаграфічным становішчам і канфліктам ва Ўкраіне. Некалькі гадоў таму яна ўспрымалася, як нейкі дадатак да Расеі.

— На ваш погляд, ці магчымая сустрэча Трампа і Лукашэнкі? Калі можна сустракацца з такімі «сьветачамі дэмакратыі», як прэзыдэнт Казахстана Назарбаеў, прэзыдэнт Узбэкістану Мірзіёеў, нарэшце — з Кім Чэн Ынам, то чаму б і не з Лукашэнкам?

— Кім Чэн Ын узначальвае краіну, якая нясе пэўную пагрозу. Лідэры краінаў Цэнтральнай Азіі сапраўды ніякія ня сьветачы дэмакратыі, але пра іх мала вядома ў амэрыканскім палітыкуме. А Лукашэнку за доўгі час, калі распаўсюд дэмакратыі былі альфай і амэгай амэрыканскай зьнешняй палітыкі на постсавецкай прасторы, зрабілі пэўны імідж — імідж «апошняга дыктатара Эўропы».

Такая сустрэча магчымая, але не зусім зразумела, навошта яна зараз патрэбная. Трамп па вушы ў эканамічных праблемах, у мытнай вайне з Кітаем, у перадвыбарчай кампаніі, якая ўжо пачалася. Але ў прынцыпе такая сустрэча магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG