У Лідзе — Гедымін на кані, у Воршы — Чабурашка. У Слоніме — Сапега, у Бабруйску — два бабры. Што сучасныя помнікі і гарадзкія скульптуры кажуць пра беларусаў?
Размаўляем пра гэта з выкладчыкам ЭГУ, старшынём Беларускага камітэту ІКАМОС Сьцяпанам Стурэйкам.
«У мяне прэтэнзіі не да скульптараў, а да грамадзкага густу»
— Днямі ў Беларусі адкрылі два помнікі: Гедыміну ў Лідзе і Льву Сапегу ў Слоніме. Сапега трымае гетманскую булаву і аркуш збору законаў з Статута Вялікага Княства Літоўскага. Гедымін у рыцарскіх дасьпехах, з каронай на галаве, на кані — відавочна, гэта ўрачысты ўваход валадара ў свой замак. Як вы ацэньваеце такія манумэнтальныя, нятанныя творы? Кажуць, у Эўропе яны ўжо ня модныя.
— Сказаць, што гэта марнаваньне грошай — было б няправільна. Бо людзям гэта падабаецца. Такія манумэнтальныя творы вельмі патрыятычныя, яны ўздымаюць нацыянальную годнасьць, вялікая колькасьць людзей радуецца і натхняецца. Асабліва мясцовыя жыхары ганарацца. І людзі кажуць, што, маўляў, «хоць у Эўропе гэта ўжо ня модна, мы павінны прайсьці гэты шлях, усё адно нашы нацыянальныя героі павінны ў нас паўстаць», — такі найбольш тыповы аргумэнт прыводзяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар культуры абурыўся новымі беларускімі помнікамі: «Нізкі мастацкі ўзровень»Калісьці, у ХVI стагодзьдзі, Вялікая Брытанія сутыкнулася з праблемай разьвіцьця свайго вайсковага флёту. А ў Галяндыі, зь якой брытанцы змагаліся за валадарства на моры, на той час ужо былі традыцыі, старыя майстры, якія з пакаленьня ў пакаленьне перадавалі досьвед будаўніцтва караблёў. Што было рабіць брытанцам — чакаць, пакуль і ў іх вырасьце гэтае пакаленьне майстроў, якім дзяды перададуць лякалы? Але брытанцы пайшлі іншым шляхам — яны прыдумалі канструктарскія чарцяжы. Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў брытанцы пакінулі галяндцаў далёка ззаду.
Для чаго я гэту аналёгію прыводжу? У кожнага з нас ёсьць магчымасьць быць сучаснымі. Але чамусьці гэтай магчымасьцю не карыстаюцца, а дэкляруецца неабходнасьць праходзіць гэты гістарычны шлях, вяртацца ў ХІХ стагодзьдзе, калі па ўсёй Эўропе — у Вене, Парыжы, Варшаве, іншых гарадах — ставіліся такія пампэзныя манумэнты.
Але ў мяне прэтэнзіі не да нашых скульптараў, якія выйгралі конкурс, добрасумленна выканалі замову. Гэта Вольга Нячай, Сяргей Аганаў, Іван Місько, Уладзімер Піпін, Сяргей Логвін — яны спрацавалі прафэсійна, выдатна. У мяне прэтэнзіі не да іх, а да грамадзкага густу. І ў нас ёсьць магчымасьць быць сучаснымі, але мы ёй не карыстаемся.
Помнікі, на якія мы арыентуемся, што паўставалі ў Эўропе ў ХІХ—ХХ стагодзьдзях — яны ж былі звышсучаснымі, яны былі новым словам у мастацтве, у разуменьні гарадзкой прасторы, у разуменьні гістарычных вобразаў!
Той жа славуты Юзаф Панятоўскі ў Варшаве — ён паўстаў у абліччы антычнага героя. Дацкі скульптар Бэртэль Торвальдсэн пасадзіў Панятоўскага, убранага ў антычны строй, а ня ў рыцарскія дасьпехі, на каня — як на антычным манумэнце Марка Аўрэлія на рымскім Капітоліі. Гэта нібыта сучасны помнік, але за ім столькі інтэлектуальнай працы! А мы пераймаем гэтую форму, але ня зьмест.
Тыя скульптуры таму такія выдатныя, зараджаюць нас эмоцыямі дагэтуль, што яшчэ тады яны былі звышсучаснымі, эмацыйна рэзанавалі.
Калі мы ня хочам рабіць гэтую вялікую працу па пераасэнсаваньні нашых гістарычных герояў, то будзем рабіць такія фігуратыўныя скульптуры, якія падабаюцца большасьці.
«Нам толькі падаецца, што Леніны стаяць непарушна — гэта цякучая плястычная маса»
— У Беларусі процьма помнікаў расейскім дзеячам, і даволі сумнеўным (да прыкладу, Аляксандру Сувораву ці Міхаілу Калініну). У Магілёве жыхары ледзьве адбіліся ад увекавечваньня расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Навошта нам яны? І наагул, ці патрэбныя нам помнікі савецкай эпохі? Можа, пайсьці за прыкладам той жа Літвы, дзе сабралі ўсіх сваіх Леніных і разьмясьцілі ў Друскеніках у парку Грутас? І яшчэ не магу не падзяліцца тым, як у некаторых райцэнтрах помнікі Леніну замаскіроўваюць — прыбіраюць з плошчы і ставяць недзе незаўважна, збоку — як у Лідзе, Ашмяне. Што нам рабіць з савецкай спадчынай?
— Літоўскі парк Грутас чаму такі пасьпяховы і файны? Ідэя нарадзілася ў пэўных абставінах і добра сыграла ў сытуацыі постсавецкай Літвы. Там шмат жартаў, гумару, крэатыву.
Не атрымаецца ў нас нічога харошага, калі мы будзем капіяваць і рабіць тое самае. Патрэбныя іншыя падыходы — я зараз не гатовы сказаць, якія.
Але, па вялікім рахунку, савецкая манумэнталістыка — гэта таксама сьлед у гісторыі. Мне не падабаецца ідэя ачышчэньня нашых вуліц ад усяго, што нагадвае савецкую ідэалёгію (не таму, што я прыхільнік савецкай ідэалёгіі). Як людзі да гэтага паставяцца? Можа, сапраўды варта дазволіць ім такі лёгкі заняпад? Час пакажа іхняе месца...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ленін — частка ансамблю». Менскія ўлады адказалі на прапанову прыбраць помнік ля Дому ўраду— Кшталту — чакаць, пакуль памруць «сваёй сьмерцю», разваляцца Леніны і «дзяўчыны зь вяслом»?
— Гэта адзін з магчымых варыянтаў. Але я не гатовы так хутка прапанаваць варыянты. Да таго ж, у нас няма сур‘ёзных дасьледаваньняў па савецкай манумэнталістыцы. Многія помнікі належаць выбітным мастакам свайго часу. Той жа Заір Азгур столькі гэтых Ленінаў зьляпіў! Ёсьць выдатныя помнікі, а колькі, наадварот, сьмешных і дзіўных!
Я ня ведаю, хто гэта прыдумаў, але палітыка, якая сёньня дзейнічае, калі да ўсялякіх «Дажынак» і «Дзён пісьменства» перасоўваюць помнікі, мне падабаецца. Дарэчы, на многіх ужо няма подпісу «Ленін». Гэты прыём, які паўтараецца з гораду ў горад, — ён вельмі разумны.
У Кобрыні Леніна паставілі ў кут, у Бабруйску Леніна «панізілі»: быў на 5-мэтровым п‘едэстале, а цяпер — упоравень зь людзьмі, у Мазыры прыбралі трыбуну ад Леніна.
Нам толькі падаецца, што Леніны стаяць непарушна — гэта цякучая плястычная маса.
«Ня трэба патураць народным густам»
— Але беларускія гарады ўсё ж зьмяняюцца — зьяўляюцца мініятурныя гарадзкія скульптуры, інсталяцыі на прыпынках. Ці заўважаеце вы штосьці цікавае?
— Ой, не... Не хацеў бы я абрынуцца з жорсткай крытыкай, але мне здаецца, што нешта ня так. Што мы ўяўляем пад эўрапейскасьцю? Вось у Воршы паставілі гіганцкую скульптуру Чабурашкі і Гулівэра ў дзіцячым парку. У Бабруйску — ажно два бабры. У Шклове — агурок. Канечне, розныя абставіны іх зьяўленьня. Вось у Наваградку ў парку нечакана паўстаў Уладзімер Высоцкі. Байка гуляе, што гэты Высоцкі стаяў у гаражы ў нейкага бізнэсоўца, які быў аматарам яго творчасьці. І нарэшце адчынілася вакно магчымасьцяў, ён падараваў скульптуру гораду. Альбо ў Лідзе каля лазьні паставілі прышпільнага мужычка-парыльшчыка зь венікам і воблай, што тырчыць з партфэля. Такіх аб’ектаў шмат — ну такі ў нас народны густ. Я б усур’ёз не сказаў, што мы бачым новыя прыкметы эўрапейскасьці.
Але ня трэба патураць народным густам. Трэба, каб тыя, хто прымае рашэньні, выдзяляе грошы зь бюджэту — прыслухоўваліся да адмыслоўцаў, дызайнэраў, скульптараў, урбаністаў.
— Дарэчы, гэта не заўсёды дабрачыннасьць, як з Высоцкім у Наваградку. Нядаўна каля менскай Камароўкі зьявіўся помнік карове. Пісалі, што помнік каштаваў больш за 275 тысяч рублёў і грошы пералічвалі прадпрыемствы, далёка не дабрачынна. Рамонт помніка Калініну абышоўся бюджэту ў 134 тысячы рублёў. На вашу думку, варта гэта рабіць?
— Помнік Калініну — гісторыка-культурная каштоўнасьць, а помнік карове — пакуль не.
Гэта прыкмета нашай аўтарытарнай сьвядомасьці — мы думаем, а калі гэта скончыцца? Ніколі. Нерэалістычна думаць, што калі іншыя прыйдуць да ўлады, кароў ня будзе каля Камароўкі. Яны нікуды не падзенуцца, і будуць паўставаць новыя прымітыўныя помнікі. Проста трэба расстаўляць прыярытэты, трэба даваць зялёнае сьвятло новым ідэям, новым падыходам, часам правакацыйным, трэба не баяцца сучасных мастацкіх жартаў і разумных падыходаў у рэчышчы сучаснага мастацтва. Трэш будзе заўсёды, але і сучаснасьць да нас прыйдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамонт помніка Калініну ў Менску ацанілі ў 134 тысячы рублёў. Як палова помніка каровеСьцяпан Стурэйка — культурны антраполяг. Доктар гуманiтарных навук у галіне этналёгіі (Ягелёнскі ўнівэрсытэт), выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, старшыня Беларускага камітэту ІКАМОС (Міжнароднай рады па пытаньнях помнікаў і гістарычных мясьцін).
Займаецца дасьледаваньнямі тэорыі і практыкі аховы, аднаўленьня і актуалізацыі культурнай спадчыны. Аўтар больш як 40 навуковых і навукова-папулярных публікацый, некалькіх дасьледчых праектаў.