Ахоўная зона менскага заказьніка «Лебядзіны», каля якога кампанія «Тапас» будуе рэстаран, дагэтуль не зацьверджаная. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прадстаўнік навукова-практычнага цэнтру біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Усьцін.
«Ахоўнай зоны для заказьніка дагэтуль няма і не было»
Уладзімер Усьцін кажа, што будоўля рэстарана вядзецца ў «пэрспэктыўных ахоўных зонах заказьніка». Чаму «Тапас» пачаў будаўніцтва да зацьвярджэньня ахоўнай зоны?
«На жаль, не ад нас залежыць парадак дзеяньняў. У тым ліку і тое, што там ужо вядзецца будаўніцтва. Мы ня можам паўплываць. Гэта ўжо ў руках заказчыка, будаўнікоў і гарадзкіх службаў».
Паводле Ўладзімера Ўсьціна, генплян быў паўторна зацьверджаны ня так даўно і навукоўцы скончылі сваю працу над зонамі ўлетку гэта году.
«На жаль, мы ня можам адразу вызначыць ахоўныя зоны, а потым там нешта будаваць у рэглямэнтах ахоўных зонаў. Цяпер ужо можна толькі сачыць, каб эксплюатацыя абʼектаў вялася ў рамках рэжымаў, якія будуць устаноўлены».
Зацьвердзіць ахоўныя зоны павінен Менгарвыканкам, і Уладзімер Усьцін спадзяецца, што гэта адбудзецца хутка.
Грамадзкія слуханьні «задняй датай»
11 верасьня адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску правяла грамадзкі сход для абмеркаваньня справаздачы пра ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзя абʼекта грамадзкага харчаваньня з добраўпарадкаваньнем прылеглай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкту Пераможцаў і Ратамскай вуліцы. Прадстаўнікі кампаніі «Тапас» і навукоўцы, якія прадстаўлялі справаздачу, паведамілі, што рэстаран будуецца ў ахоўнай зоне. Таксама «Тапас» будуе пляцоўку для назіраньня за птушкамі на тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны».
Удзельнікі сходу не задаволеныя тым, што грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ўзьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе адбываецца, калі будоўля амаль скончаная.
«Замест прыняцьця захадаў рэагаваньня адміністрацыя Цэнтральнага раёну прызначае грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, хоць падобная працэдура проста не прадугледжана, — гаворыцца ў заяве „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — Мы лічым, што падобныя дзеяньні зьяўляюцца лабіяваньнем камэрцыйных інтарэсаў ТАА „Тапас“ і павінны быць дэталёва разгледжаныя камісіяй процідзеяньня карупцыі Менгарвыканкаму».
Прадстаўнікі ўладаў на многія пытаньні ўдзельнікаў сходу паабяцалі адказаць пісьмова.
Таксама прадстаўнік «Тапаса» Руслан Сіроцін паведаміў, што кампанія ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні, аднак не сказаў, за якія і якое было пакараньне.
«Будаўніцтва рэстарана вялося незаконна»
Паводле дырэктара грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны Аляксандра Вінчэўскага, кіраўніцтва раёну падчас сходу адмовілася адказваць на найбольш прынцыповыя пытаньні.
«Ясна, што гэтыя слуханьні трэба правесьці, каб утаіць тое, што будаўніцтва рэстарана вялося незаконна», — сказаў Аляксандар Вінчэўскі карэспандэнту Свабоды.
Ён паведаміў, што ў сувязі з гэтым «Ахова птушак Бацькаўшчыны» накіравалі лісты ў Генпракуратуру і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самі вінаватыя. Ці могуць людзі нешта зрабіць, калі новабудоўля закрывае ім белы сьвет?Паводле Аляксандра Вінчэўскага, эколягаў хвалюе, што прыродаахоўныя тэрыторыі нават рэспубліканскага значэньня «безабаронныя перад такімі інвэстарамі».
«Як мы чуем, можна будаваць без усялякіх дазволаў, дзе хочаш і што хочаш. І потым гэта ўсё ўзаконьваць. Усё гэта робіцца месяцамі, і няма ніякіх наступстваў», — сказаў Аляксандар Вінчэўскі.
Ён кажа, што з пляцоўкі для назіраньня за птушкамі, якую «Тапас» будуе ў межах заказьніку «Лебядзіны», «назіраць за птушкамі немагчыма».
«Бо птушкі пужаюцца людзей. Птушкі не павінны бачыць чалавека. А тое, што будуе „Тапас“, гэта толькі назва, і праз гэтую пляцоўку будзе гнязьдзіцца менш вадаплаўных птушак. Калі б яны зрабілі гэтую пляцоўку закрытай і толькі з адтулінамі для назіраньня, то мы б гэта ўхвалілі. А тое, што цяпер будуецца, то там застаецца паставіць мангалы і рабіць шашлыкі», — сказаў Свабодзе Аляксандар Вінчэўскі.
«Відавочна, што ідзе пакрываньне»
«Мы чакалі, што ўсё будзе спушчана на тармазах», — сказаў Свабодзе пасьля сходу старшыня грамадзкай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў.
«Удзельнікі сходу казалі, што было парушана заканадаўства. Відавочна, што ідзе пакрываньне і карупцыйная падтрымка кампаніі „Тапас“ з боку адміністрацыі дзеля пабудовы рэстарана. Гэта будзе прамое нэгатыўнае ўзьдзеяньне на заказьнік. Улады паказваюць, што ім важнейшая эканоміка, а не захаваньне прыродных тэрыторый, і яны гатовыя ісьці на парушэньні. Палохае тое, што такія сытуацыі могуць паўтарыцца на іншых прыродных тэрыторыях», — сказаў Свабодзе Канстанцін Чыкалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Птушкі будуць урэзвацца ў шкляныя сьцены і гінуць». Што пагражае заказьніку «Лебядзіны»