11 чэрвеня 2019 году быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў генэрал-маёр Юры Караеў, які да таго камандаваў унутранымі войскамі МУС Беларусі.
Ён зьмяніў Ігара Шуневіча, чые 7 гадоў на гэтай пасадзе не абышліся без скандалаў. Ігар Шуневіч прыходзіў на Дзень Незалежнасьці ў форме афіцэра НКВД, пры ім насупраць будынку МУС на вуліцы Гарадзкі Вал паставілі «скульптуру гарадавога», за якой увесь час сочаць міліцыянты. Непаўналетняга хлопца, які даў скульптуры поўху, прымусілі публічна выбачацца. Пры Шуневічу на афіцыйным сайце МУС зьяўляліся гамафобныя публікацыі.
І вось ужо 100 дзён галоўным праваахоўным ведамствам краіны кіруе Юры Караеў. Свабода сабрала 5 фактаў пра зьмены ў Міністэрстве ўнутраных спраў.
1. «Гарадавога» пакінулі ў спакоі
Дастаткова было новаму міністру пракамэнтаваць практыку фатасэсій каля скульптуры «царскага гарадавога», як брутальныя затрыманьні грамадзян на вуліцы Гарадзкі Вал спыніліся.
У канцы чэрвеня Юры Караеў прысутнічаў на паседжаньні Палаты прадстаўнікоў. У перапынку журналісты пацікавіліся ў яго, ці можна будзе пры ім «падыходзіць і чапаць гарадавога».
«Так. Гэта ня тое што пры мне. Да яго заўсёды можна было падыходзіць», — адказаў Юры Караеў.
З таго часу ніводнага затрыманьня грамадзян, зьвязанага з «царскім гарадавым», зафіксавана не было.
2. Зьмянілася антынаркатычная рыторыка і зьявіліся першыя прыкметы лібэралізацыі ў дачыненьні да асуджаных за наркотыкі
На пачатку ліпеня Юры Караеў сустрэўся з актывісткамі руху «Маці 328», якія толькі што прыпынілі галадоўку пратэсту супроць нематываванага, на іх думку, ужываньня 4 часткі антынаркатычнага артыкула 328. Ранейшы міністар Ігар Шуневіч не вітаў ідэю лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства і не падтрымліваў адпаведныя прапановы, якія ўжо былі сфармуляваныя ва ўрадзе і трапілі на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Юры Караеў заняў больш гуманную пазыцыю, што і засьведчыў актывісткам «Маці 328». Новы міністар пагадзіўся выканаць шэраг просьбаў аб зьмякчэньні рэжыму ўтрыманьня асуджаных па артыкуле 328. Таксама ён паабяцаў, што да такіх вязьняў амністыя будзе ўжывацца не ў апошнюю чаргу, як бывала раней, а ў агульным парадку. Але што да перагляду спраў асуджаных па 4 частцы 328 артыкула, Юры Караеў саступак «Маці 328» не абяцаў, спаслаўшыся на тое, што гэта не ў ягонай кампэтэнцыі.
Якая сытуацыя з абяцаньнямі новага міністра склалася цяпер, праз 100 дзён ягонага кіраваньня? Гэтае пытаньне ўчора Свабода задала Ларысе Жыгар, лідэрцы «Маці 328», якая сустракалася зь Юрыем Караевым амаль два месяцы таму.
«Ведаю, што ўжо выконваюць адно з абяцаньняў Караева: тэрмін доўгатэрміновага спатканьня стаў большы за суткі. Пра гэта шмат хто з маці мне ўжо казаў. А ўсё астатняе, пра мэдычныя бандэролі, пасылкі ды іншае — яшчэ пад пытаньнем. Магчыма, распрацоўваецца», — адказала Ларыса Жыгар.
3. Чарговы рабунак ювэлірнай крамы раскрылі хутка
17 жніўня сярод дня два злодзеі абрабавалі ювэлірную краму «Яхант» на сталічнай вуліцы Кісялёва. Уварваліся ў краму, калі там не было наведнікаў, распылілі пярцовы газ, аднаму ахоўніку скруцілі рукі плястыкавай сьцяжкай, другому надзелі кайданкі і вынесьлі ўсё, што было каштоўнага.
Спробы адшукаць злодзеяў па гарачых сьлядах выніку не далі. Але ўжо 3 верасьня меркаваныя злачынцы былі схоплены і прызналіся ў рабунку.
Паводле Юрыя Караева, каб знайсьці рабаўнікоў, правялі велізарную працу. Сярод іншага, апэратыўнікі праглядзелі здымкі відэакамэр па меркаваным маршруце зь месца злачынства і знайшлі момант, калі ў раёне парку Горкага яны спынілі аўто, каб выкінуць у Сьвіслач вінчэстэр зь відэазапісамі, які прыхапілі ў краме. Гэты надта важны рэчавы доказ вадалазы адшукалі на дне ракі, пасьля чаго рабаўнікоў ды іх памагатага неўзабаве арыштавалі.
4. Новы міністар заявіў пра намер зьмяніць крытэры ацэнкі працы супрацоўнікаў міліцыі і адмяніў абавязковыя праверкі міліцыянтаў на паліграфе
На пачатку верасьня на БТ-1 міністар унутраных спраў Юры Караеў паведаміў, чаму адмяніў абавязковыя праверкі на паліграфе, якія да таго мусілі рэгулярна праходзіць супрацоўнікі міліцыі.
«Не зусім дасканалая гэтая сыстэма, калі толькі паліграфічнае псыхафізіялягічнае дасьледаваньне закрывае чалавеку дарогу для працягу службы. Сапраўды, я адмяніў пагалоўнае, татальнае праходжаньне ўсімі супрацоўнікамі паліграфа, таму што чалавек можа і хвалявацца, і не вытрымліваць доўга замкнёнай прасторы», — патлумачыў свой крок Юры Караеў.
Яшчэ раней новы міністар дэкляраваў магчымы пераход на новую сыстэму ацэнкі працы праваахоўнікаў — праз бальную сыстэму. Але абрысы новаўвядзеньня міністар намаляваў няпэўна. Прыкладам, вось як ён прапануе зьмяніць крытэр працы праваахоўнікаў у барацьбе з карупцыяй.
«Ацэньваць будзем не па колькасьці нейкіх малых парушэньняў (напрыклад, далі лекару каньяк, а настаўніку нейкую драбязу), а ацэньваць будзем паводле сапраўды буйных спраў, дзе нанесеная сурʼёзная шкода дзяржаве, відаць значная карупцыя», — сказаў Караеў.
5. МУС завёў канал у Telegram, а да працы незалежных мэдыяў паабяцалі прыгледзецца
Назіральнікі ўжо адзначылі, што новы міністар унутраных спраў часьцей зьяўляецца на публіцы ў цывільным строі, чым у мундзіры. Але магчыма, што і адзеньне не галоўнае.
Міністар Юры Караеў сам дэманструе большую, чым ягоны папярэднік, адкрытасьць у адносінах з мэдыямі ды нацэльвае на новы стыль працы падначаленыя яму інфармацыйныя падразьдзяленьні. Неўзабаве пасьля яго прызначэньня ў мэсэнджэры Тelegram запрацаваў адмысловы канал прэс-сакратара МУС, інфармацыя на якім пра крымінальныя здарэньні пачала супернічаць з паведамленьнямі некаторых блогераў.
А нядаўна міністар паабяцаў зьмяніць адносіны да крытычнай інфармацыі пра міліцыю ў незалежных крыніцах, у тым ліку ў недзяржаўных мэдыях. «Больш востра глядзім публікацыі ў мэдыях наконт нашае працы. У тым ліку ў сеціве, у тым ліку незалежных, апазыцыйных мэдыяў. Яны ж таксама аднекуль гэтыя матэрыялы бяруць, і ня ўсе яны прыдуманыя альбо паклёп», — сказаў Юрый Караеў.
6. Назваў справядлівым рашэньне суду кампэнсаваць шкоду сям’і доктара, да якога памылкова ўварваўся АМАП
11 верасьня Заводзкі раённы суд задаволіў пазоў да міліцыі менчука Дзьмітрыя Серады, у кватэру якога для затрыманьня ўварваліся амапаўцы, пры гэтым прычыніўшы вялікую матэрыяльную шкоду. Новы міністар прызнаў, што тактыка, выбраная для затрыманьня падазраванага ў хуліганстве, была памылковая. «Кампэнсацыя нанесенай шкоды законная і справядлівая, МУС ня будзе абскарджваць рашэньне суду», — у той жа дзень пракамэнтаваў вэрдыкт Юры Караеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я доктара, у кватэру якога памылкова ўварваўся АМАП, адсудзіла каля 3000 рублёў