Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прыходам новага міністра ў міліцыі ўзяліся за імідж. Тры прыклады


Новы кіраўнік МУС Юры Караеў і рэгуліроўшчыца. Фота: Дзьмітры Брушко, Tut.by
Новы кіраўнік МУС Юры Караеў і рэгуліроўшчыца. Фота: Дзьмітры Брушко, Tut.by

Свабода заўважыла, што зь міліцыі ўсё часьцей пачалі прыходзіць пазытыўныя навіны: то гаманец вернуць, то мабільны. Разьбіраем, як гэта адбываецца.

Новага міністра МУС Юрыя Караева Аляксандар Лукашэнка прызначыў на пасаду 11 чэрвеня. Ягоны папярэднік Ігар Шуневіч ня раз рабіў рэзкія выказваньні, то на адрас ЛГБТ-супольнасьці, то па іншых тэмах, што грала не на карысьць іміджу праваахоўнікаў. З прыходам новага міністра над іміджам, выглядае, пачалі старанна працаваць.

Вярнулі тэлефон турыстцы са Славаччыны

Ужо 21 чэрвеня, у першы дзень Эўрагульняў, на сваім сайце міліцыя расказала, як вярнула тэлефон турыстцы са Славаччыны. Тая пакінула яго ў аўтобусе. Тэлефон знайшоў жыхар Менску і пазваніў 102. Міліцыя знайшла ўладальніцу смартфона і вярнула ёй гаджэт. У навіне нават апублікавалі фатаздымак турысткі.

Вярнулі гаманец дзяўчыне з Украіны

Турыстка з Украіны згубіла гаманец на спартовай арэне ў сталічным раёне Ўручча, дзе праходзілі спаборніцтвы па боксе. Яго знайшоў і вярнуў участковы, які дзяжурыў на арэне падчас спаборніцтваў. Тут жа ў навіне міліцыя апублікавала фатаздымак, як дзяўчыне ўручаюць знаходку.

Сачыць за дарожным рухам паставілі рэгуліроўшчыц

На час Эўрагульняў сачыць за дарожным рухам на менскіх вуліцах паставілі дзяўчат-рэгуліроўшчыц. У міліцыі паведамляюць, што адмыслова дзеля гэтага перападрыхтоўку прайшлі 25 дзяўчат — інспэктарак ДПС. Сустрэць іх найчасьцей можна каля арэн, дзе праходзяць спаборніцтвы. І гэта толькі на час Эўрагульняў.

Працу над іміджам пачаў новы міністар?

Юры Караеў кіраваў менскім спэцназам і ўнутранымі войскамі МУС. Пасьля прызначэньня міністрам ён некалькі разоў казаў, што ўжо ў час Эўрагульняў міліцыя «будзе карэктнай і па магчымасьці незаўважнай».

Але карэктнасьць распаўсюджваецца не на ўсіх. Напрыклад, актывісты Народнай грамады, якія пратэставалі ў фан-зоне Эўрагульняў супраць інтэграцыі з Расеяй, расказалі пра жорсткае затрыманьне. Потым іх проста вывезьлі за горад і адпусьцілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG