Босьнія, падобная і зусім не падобная да Беларусі. ФОТА

Паміж Беларусьсю і Босьніяй больш за дзьве тысячы кілямэтраў. Дагэтуль балканская краіна асацыюецца ў многіх з вайной. Насамрэч Босьнія сёньня — гэта жыцьцё ва ўсіх яго праявах. Мы спрабавалі адчуць пульс «парахавой бочкі Эўропы», насельнікі якой вызнаюць іслам і хрысьціянства, моладзь імкнецца ў Эўропу, пэнсіянэры сумуюць па Ціта. Бадай як у нас. Але і зусім інакш.

Увесну сацыялягічная арганізацыя Gallup зноў нас не парадавала (але і не засмуціла), анародаваўшы вынікі апытаньня ў 143 краінах сьвету. Беларусы — адзін з самых неэмацыйных народаў.

Калі б я не была беларускай, то заплакала б пасьля вынікаў апытаньня ці ўзрадавалася. Ці раззлавалася. Засталося толькі задумацца.

Па вуліцы хадзілі туды-сюды напружаныя трывожныя людзі. На прыпынку стаялі наэлектрызаваныя грамадзяне. У аўтобусе ехалі раздражнёныя пасажыры. Кандуктарка пры спробе пажартаваць накрычала на мяне: «Тут вам ня цырк!»

Мела рацыю былая амбасадарка Фіёна Гіб, якая за час сваёй працы ў Беларусі не заўважыла, каб людзі тут сьмяяліся. Яна яшчэ ня ведала, што за сьмех могуць і ў зубы даць.

Я вырашыла зьехаць адсюль хоць на нейкі час — пашукаць больш эмацыйных людзей. Папраўдзе, проста ў мяне якраз быў адпачынак і трохі грошай у кішэні па-за заработнай платай. Але і на жывых людзей надта хацелася паглядзець.

Так мяне занесла ў Босьнію — краіну, якая апошнія 24 гады спрабуе ачуцца ад вайны.


Мы 24 гады спрабуем ачуняць ад стабільнасьці. Пакуль ніяк. Можа, таму, што бракуе нам эмоцый, каб вырвацца зь ліпкіх абдымкаў летаргічнага сну ці хаця б узьненавідзець яго ўсёй душой.

Гісторыю той краіны і сучаснасьць я спазнавала празь літаратуру і «жывую энцыкляпэдыю» — мясцовых жыхароў. Нягледзячы на значную геаграфічную і мэнтальную аддаленасьць, разам зь Янкам, жыхаром адной з басьнійскіх вёсак, мы цягам вечара і ночы вызначылі «такое самае, як і ў нас»:

  • брахлівыя палітыкі;
  • высокі ўзровень карупцыі і бюракратыі;
  • на выбарах крадуць нашы галасы;
  • «Пры Ціта (Брэжневе) было лепш»;
  • «Гэта ў вас Чарнобыль? І ў нас у вёсцы таксама ёсьць міні-Чарнобыль! Вунь ля гары пабудавалі вапнавы завод, фільтры ня ставілі і атручваюць нас!»;
  • «Мэдыцына надта дарагая, за ўсё трэба плаціць»;
  • «Уся моладзь зьяжджае зь вёсак ці ў гарады, як мінімум, ці за мяжу».

24 гады таму тут была вайна. Сотні тысяч людзей былі забітыя. Каля 2 мільёнаў зрабіліся ўцекачамі. Дамы, прамысловыя будынкі, дарогі, чыгункі, масты былі зруйнаваныя дашчэнту. Сёньня басьнійскія дарогі, адноўленыя пасьля вайны, значна лепшыя за «беларускія стабільныя». Практычна па ўсёй Босьніі можна праехаць добрымі дарогамі на камфартабэльных аўтобусах з кандыцыянэрамі і вясёлымі кіроўцамі (пераважана ў белых кашулях). Дарога «на гару — з гары» — дадатковы атракцыён, ня горшы за «амэрыканскія» горкі ў парку

Для турыстаў Босьнія — міні-рай на зямлі, з гарамі, рэкамі, вадаспадамі, фартэцыямі часоў Рымскай і Асманскай імпэрый, чыгуначнымі шляхамі часоў Аўстра-Венгерскай імпэрыі, сучасным сэрвісам, людзьмі, якія перажылі нядаўна вайну і таму моцна любяць жыцьцё ва ўсіх яго праявах і жывых людзей усіх нацыянальнасьцяў.

Наведаўшы Босьнію, расчаравана разумееш, што славутая беларуская талерантнасьць насамрэч можа аказацца паркалёвай фіранкай для абыякавасьці.

Былая амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб выказалася: «Я ня думаю, што беларускае грамадзтва талерантнае, што вы сапраўды сутыкаліся з нейкім тэстам на талерантнасьць». Добра дэкляраваць сябе талерантным, седзячы ў сваёй хаце, не высоўваючыся за плот, не сутыкаючыся з сапраўднымі выпрабаваньнямі праз рэлігійныя, нацыянальныя, сэксуальныя ды іншыя чалавечыя асаблівасьці.

А як быць талерантным, калі жывеш побач з сэрбам, які забіваў тваіх блізкіх, адзінаверцаў — мусульман? Ці мусульманіну — побач з харватамі, які хацелі сабе адхапіць частку тваёй краіны? Як наогул тут жывуць усе побач з усімі, якія ўчора паміж сабой былі крывавымі ворагамі?

Мой новы сябра Янка — католік. Але ён старанна віншуе ў сацыяльных сетках «сяброў-мусульман» зь іхнымі рэлігійнымі сьвятамі.

Беларусы талерантныя да іншых рэлігій? Так, гэта лёгка, калі ў горадзе спрэс праваслаўныя цэрквы. Калі б тут сынагогі, мячэці зь мінарэтамі, касьцёлы — і ўсё ў прапорцыі 1:1:1:1, а па вуліцах сотнямі хадзілі «ніндзя» — так мой басьнійскі знаёмы назваў мусульманскіх жанчын у нікабах? Вось дзе можна было правесьці тэст на талерантнасьць. Прынамсі, камэнтары пра артыкулы на тэму мусульманства добра агаляюць «грамадзкую думку».


Падчас апошняй вайны ў Босьніі тысячы жанчын былі згвалтаваныя. Многія нарадзілі дзяцей ад такіх «татаў». Цяпер яны спрабуюць асэнсаваць «вось гэта ўсё», у тым ліку праз мастацтва — тэатральныя пастаноўкі і фільмы.

Пра эмоцыі ў краіне, дзе была вайна, а цяпер віруе жыцьцё

Добразычлівасьць

Басьнійцы зьдзіўляюць адкрытасьцю і гасьціннасьцю. У мясцовых кіроўцаў аўтобусаў ёсьць такая прыемная традыцыя — спыняцца ля прыдарожных кавярняў, каб выпіць кавы, падсілкавацца і пабалбатаць з пасажырамі. Пакурыць — гэта абавязкова.

Ля першага ж прыпынку на тэрыторыі Босьніі, адразу пасьля мяжы, да нас падышла Альма. Шырокая ўсьмешка, працягнутая цыгарэта ці кубак кавы — празь некалькі хвілін мы ўжо жартавалі і рагаталі зь ёй, як сябры дзяцінства. Альма вырашыла нашы пытаньні з абменам грошай, набыцьцём квіткоў і запрасіла на каву. Яна нарадзілася ў Сэрбіі. Вырасла ў Босьніі і Харватыі. Вучылася і працуе цяпер у Аўстрыі. Яе маці — мусульманка. Тата праваслаўны. «Калі была Югаславія — усе сталі атэістамі, — сьмяецца Альма. — Я асабіста ня супраць нікога і адзначаю ўсе важныя сьвяты, у тым ліку каталіцкія, бо жыву цяпер у Вене».

«Я вам гарантую — у Босьніі вас ніхто ніколі не пакрыўдзіць. Тут вы будзеце заўсёды мець ежу, дах над галавой, і вам абавязкова спадабаецца. Гэта Босьнія, вы яе палюбіце», — пераконвала нас Альма, сёмы раз працягваючы пачак цыгарэт і замаўляючы чарговую каву.

Гасьціннасьць

Гэта пра мусульманку Джэму. У Траўніку мы шукалі начлег, заблудзілі і выйшлі да яе дому надвячоркам, страціўшы надзею на дах над галавой. Праз электронны перакладчык, унівэрсальную мову ўсьмешак і жэстаў мы зразумелі, што за невялікія грошы яна пусьціць нас пажыць. Джэма сказала, што мы абавязкова мусім выпіць кавы. Да кавы яна прынесла печыва, рахат-лукум, шакалядкі і вафлі. На ангельска-славянскай трасянцы мы балбаталі, як сябры. Калі мы захацелі залезьці на гару, Джэма пайшла паказаць нам найлепшы шлях — «там, дзе трава не такая высокая, каб вы ня вымачылі ногі».

Уменьне прабачаць

Гэта пра Аішу. Яна мусульманка, жыве ў ЗША. У 90-х уцякла з Босьніі ад этнічных чыстак. Сэрбы забралі ў яе агарод, хату, забаранілі працаваць настаўніцай. У выніку вайна зрабіла яе бежанкай. «Спачатку мае вучні абаранялі мяне. Потым яны сказалі, што мне трэба ўцякаць і што больш яны ня здолеюць мяне абараняць», — успамінае Аіша. Перад Калядамі яна прыйшла ў сваю школу, каб атрымаць заробак. Але ў сьпісах сябе не знайшла. На пытаньне, як так, дырэктар школы зьедліва адказаў: «Для чаго табе грошы, ты ж не сьвяткуеш Раства. Прыйдзеш, калі будзе ваша сьвята, Курбан-байрам ці што там яшчэ». Аіша не пазнавала сваіх калег, зь якімі працавала да гэтага 15 гадоў: некаторыя зь іх раптам у вочы пачалі адкрыта зычыць ёй сьмерці — ад таго, што яна мусульманка.

Мы сустрэліся ў аўтобусе. Аіша ехала ў Сараева, каб прэзэнтаваць сваю кнігу пра вайну 90-х. «Я напісала гэта не для таго, каб абвінаваціць некага. Я не хачу зводзіць рахункі зь некім. Я не адчуваю нянавісьці да іх. Бог любіць усіх аднолькава. Я хацела напісаць гісторыю сваёй сямʼі», — тлумачыць Аіша. На разьвітаньне яна падарыла мне адзін асобнік кнігі, хоць і мела іх толькі два — «для сваіх сяброў».

Аіша Софціч

Клопат пра іншых

Пры паездцы з Сараева ў Крэшава я згубіла пакет з падарункамі сябрам. Там быў рахат-лукум і кнігі. Мусіць, я пакінула яго ў аўтобусе. Так ці іначай, канцоў не знайсьці. Тры дні мы жылі ў адной маленькай вёсцы за Крэшавам, швэндаліся па ваколіцах. У апошні дзень, на чарговым горным шпацыры ля мяне віскнуў тармазамі аўтобус. Дзьверы расчыніліся — кіроўца расплыўся ў шырокай усьмешцы і паказаў на палічку над сядзеньнямі. Там ляжаў мой пакунак з рахат-лукумам, яшчэ і клапатліва перавязаны, каб не рассыпаўся ў дарозе. Кіроўца так шчасьліва ўсьміхаўся, як быццам выйграў мільён мясцовых марак у лятарэю ці ўваходны квіток у Царства Божае.

Уменьне сябраваць

Надвячоркам мы бадзяліся па горных ваколіцах і сустрэліся зь мясцовым жыхаром. Ён надта хацеў з намі пагутарыць. І яму гэта ўдалося! Некалькі нямецкіх словаў, пара ангельскіх, потым «агульна-славянская трасянка» — і мы ўжо найлепшыя сябры і госьці. Янка зацягнуў нас спачатку ў хлеў — у літаральным сэнсе за рукі, каб мы паглядзелі на іхную карову. Потым ён нам паказаў, як поіць цяля, і прапанаваў гэты працэс зафіксаваць, заўважыўшы ў нас фотаапарат. Мы падзякавалі яму і рушылі дахаты. Янка з жонкай Катай ускочыў на аўта і дагнаў нас, прапанаваўшы ўсьмешкамі і жэстамі ехаць зь імі «Каву дрынк». Разам з кавай гасьцінныя гаспадары прапаноўвалі і ракію, і піва, і паесьці.

У Босьніі вы і праўда будзеце мець дах над галавой, ежу, атракцыі, турыстычную насычанасьць. І абавязкова сустрэнеце добрых людзей з пачуцьцём гумару

Бонус: Яшчэ адзін разбураны міт

Чысьціня і дабрабыт беларускіх вёсак. Калі вы раптам захочаце, каб вас апанаваў дэпрэсіўны стан (для напісаньня змрочных тэкстаў ці стварэньня апакаліптычных карцін) — праедзьце па аўтадарозе Гомель — Доўск. Дамы, што пазіраюць у сьвет белы разьбітымі шыбамі, паваленыя платы, пустазельле, «мярзота запусьценьня»...

Басьнійцы ганарацца сваімі дамамі, укладаюць у іх усю сваю працу, немалыя грошы і сілы. Як вынік — у вёсках дамы спрэс выглядаюць так. Краіна гэтая і праўда «бедненькая», але па-сапраўднаму «чысьценькая».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менск — гэта эўрапейскі Нью-Ёрк». Дзяўчына з Босьніі расказала, чаму вывучыла беларускую мову. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бункер для дыктатара. Аўтарытарныя лідэры гатовыя кіраваць нават з-пад зямлі