Чаму Вялікі тэатар не аднавіў «Альпійскай баляды» ў юбілейны год Быкава і Глебава. ФОТА

Васіль Быкаў і Яўген Глебаў з артыстамі Вольгай Лапо і Віктарам Саркісьянам. Прэмʼера «Альпійскай баляды» адбылася ў 1967 годзе. Фота з архіву Ларысы Глебавай

10 верасьня беларускаму кампазытару, народнаму артысту СССР Яўгену Глебаву споўнілася б 90 гадоў. Вялікі тэатар опэры і балета плянаваў адзначыць гэты юбілей, а таксама сёлетняе 95-годзьдзе Васіля Быкава, аднаўленьнем культавага балета «Альпійская баляда». Але неўзабаве пасьля прызначэньня мастацкім кіраўніком тэатру Валянціна Елізарʼева працу над спэктаклем спынілі.

Ларыса Глебава, удава Яўгена Глебава і праваўладальніца творчай спадчыны кампазытара, расказала, як усё адбывалася.

Праграмка «Альпійскай баляды», 1986 год

«90 гадоў Глебаву, 95 Быкаву, 95 Дадышкіліяні (Атар Міхайлавіч Дадышкіліяні — галоўны балетмайстар тэатру ў 1964–1975 гг. — РС), — пералічвае Ларыса Васілеўна сёлетнія юбілейныя даты. — І 105 гадоў мастаку спэктакля Чамадураву. Уяўляеце, вось такі канглямэрат!»

У 2018 Ларыса Глебава падпісала дазвол на выкарыстаньне арыгінальнай музыкі балета, Вялікі тэатар заключыў дамовы з выканаўцамі галоўных роляў — Вольгай Лапо і Віктарам Саркісьянам, якія мусілі аднавіць балет з маладымі артыстамі. 94-гадовы Дадышкіліяні быў гатовы прыехаць з Ніжняга Ноўгараду на фінальныя рэпэтыцыі і падправіць спэктакль, кажа яна.

«Сказаў, што Елізарʼеў хоча сам паставіць «Альпійскую баляду»

«Аднойчы раздаецца званок, — Ларыса Васілеўна хмурнее, прыгадваючы мінулую вясну. — Тэлефануе айцец Фёдар Поўны (настаяцель Усіхсьвяцкай парафіі, заснавальнік Дома міласэрнасьці. — РС) і кажа: «Ларыса Васілеўна, я да вас заеду, трэба пагутарыць». Адвозіць мяне ў драўляны храм, які на Каліноўскага, унутры заходзім у гасьцявы пакойчык у паўпадвальным памяшканьні. Там сядзіць Валянцін Мікалаевіч Елізарʼеў і мадам Скрыпель (Алена Скрыпель, уладальніца сеткі крамаў duty free і старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. — РС). І айцец Фёдар мне кажа: «Ларыса Васілеўна, вось, Валянцін Мікалаевіч хоча з вамі пагаварыць пра „Альпійскую баляду“».

Гаварыў у асноўным айцец Фёдар, успамінае Ларыса Глебава: «Сказаў, што Елізарʼеў хоча сам паставіць „Альпійскую баляду“, зрабіць зусім новы спэктакль на музыку Яўгена Глебава».

Ларыса Васілеўна кажа, што катэгарычна адмовілася: Вялікі тэатар ужо заключыў з усімі дамовы менавіта на аднаўленьне спэктакля, і да гэтага варта прыслухацца з прычыны шэрагу сёлетніх юбілеяў.

«І, вядома, я разумею, што вас больш за ўсё цікавіць 75 гадоў вызваленьня Беларусі, — перадае Глебава гутарку зь Елізарʼевым. — Вы хочаце зрабіць рэвэранс у гэтым сэнсе. Вы разумееце, я, на жаль, ня маю права зьвяртацца ў тэатар з падобнага кшталту просьбамі».

Валянцін Мікалаевіч яшчэ раз папрасіў Ларысу Глебаву адмовіць тэатру ў старой пастаноўцы на карысьць ягонай новай вэрсіі.

«Я кажу: „Валянцін Мікалаевіч, я ня ўмешваюся ў справы тэатру і не хачу ўмешвацца з павагі да людзей, якіх ужо няма і якія яшчэ ёсьць. І з павагі да тых, з кім ужо заключаная дамова“. Маўчыць. Пасьля падалі нейкую ежу і я зразумела, што мне трэба сыходзіць».

«Я ня стала ані прыніжацца ні перад кім, ані падлашчвацца»

26 верасьня 2018 г. мастацкім кіраўніком Вялікага тэатру прызначылі Валянціна Мікалаевіча Елізарʼева. Неўзабаве аднаўленьне «Альпійскай баляды» спынілі.

«Я вам перадаю афіцыйны пункт гледжаньня тэатру, — пракамэнтаваў сытуацыю Валянцін Елізарʼеў. — Ніхто ад супрацоўніцтва не адмаўляецца. Проста яно перанесенае на больш позьні тэрмін. Крыўдаваць ёй (Ларысе Глебавай. — РС.) ... няправільна».

У магчымасьць пастаноўкі Ларыса Васільеўна ня верыць і свайго расчараваньня сапраўды ня ўтойвае: ужо былі пляны наведаць прэмʼеру: як у ранейшыя часы, пайсьці туды з Ірынай Міхайлаўнай, удавой Васіля Быкава.

«Воля Лапо і Віця Саркісьян, вы не ўяўляеце, у якім яны былі стане, — успамінае Ларыса Васілеўна. — Яны тэлефанавалі мне кожны дзень па некалькі разоў: „Лорачка, ну што-небудзь зрабіце, ну як-небудзь, ну што-небудзь!“ Але я ня стала ані прыніжацца ні перад кім, ані падлашчвацца».

Васіль Быкаў і Яўген Глебаў

«Я ніколі ня думаў, што на такую гісторыйку можна зрабіць такое палатно»

Ларыса Васілеўна пра стварэньне балета ведае шмат. Кажа, што артысты Вольга Лапо і Віктар Саркісьян танцавалі ў «Альпійскай балядзе» даўжэй за ўсіх — і менавіта тады, калі балет упершыню прыйшоў паглядзець Васіль Быкаў. Гэта быў першы балет у ягоным жыцьці. Тады ж — у 1978 годзе — пачалося і ягонае сяброўства зь Яўгенам Глебавым.

Спачатку яны былі толькі крыху знаёмыя, апавядае Ларыса Глебава. Яўген Глебаў на пачатку 1960-х пісаў музыку для фільма паводле аповесьці Быкава «Трэцяя ракета». «Альпійскую баляду» кампазытару параілі прачытаць калегі ў тэатры. Сам Быкаў у стварэньні спэктакля ўдзелу не прымаў: у той час ён жыў у Горадні. Як раз пачалася чарговая хваля ціску на яго, у кватэры білі шыбы, «разьбіралі» ягоную творчасьць у працоўных калектывах. Сябры-пісьменьнікі Быкава тады зьвярнуліся па дапамогу менавіта да Яўгена Глебава, бо той быў знаёмы з сакратаром ЦК у ідэалёгіі Аляксандрам Кузьміным.

«Яны заехалі за намі — Кузьмін і жонка ягоная. Мы з Жэнем селі ў машыну і паехалі ў лясок. Яны хадзілі з Жэньчыкам удвох недзе там па сьцяжынцы. І вось там Жэня патлумачыў, што адбываецца з Васілём, і Кузьмін яго зразумеў. І празь нейкі час Быкаву далі ў Менску кватэру. Яны з Ірынай Міхайлаўнай пераехалі сюды, і першы ж спэктакль, які яны паглядзелі, была „Альпійская баляда“. Калі ён скончыўся, я памятаю фразу Васіля: „Я ніколі ня думаў, што на такую гісторыйку можна зрабіць такое палатно!“»

Яўген Глебаў і Васіль Быкаў

«Маладосьць мінае, бяздарнасьць застаецца»

«Альпійскую баляду» зьнялі з рэпэртуару тэатру ў канцы 1980-х.

«Жэня ў гэты час быў хворы, ляжаў у шпіталі, калі тэатар прыняў рашэньне зьняць спэктакль. Ён ня ўмешваўся. Здымаеце — значыць здымайце, гэта ваша справа, урэшце. Ніколі ні ў чым ні бунтаваў, ня ўмешваўся ні ўва што. А так, як гнібілі Глебава, нікога не гнібілі ў нашым музычным сьвеце. Але ён казаў: „Мілька, я сяджу працую, і ўсё“. Ён выратоўваўся такім чынам».

Глебаў — адзіны беларускі кампазытар, якога выключалі з Саюзу кампазытараў СССР.

«Калі мы пазнаёміліся, Жэнька казаў: „Я несаюзная моладзь, ты са мной асьцярожней!“, бо ў 1960-м адзін звычайны гадавы сход Саюзу кампазытараў пераўтварыўся ў разгляд асабістай справы Глебава. Адзін з прысутных сказаў: „Што гэта такое? Калі раптам што, якія заказы — усё Глебаву! Хіба ў нас іншых кампазытараў няма? Малады яшчэ называць сябе кампазытарам“. Жэня ўстаў, паціснуў плячыма і сказаў: „Маладосьць мінае, бяздарнасьць застаецца!“ — і шлёп, шлёп, шлёп, выйшаў», — успамінае ўдава кампазытара.

Яўген Глебаў за працай


Яго тут жа выключылі з Саюзу. Але ў той час Глебаў ужо працаваў над «Марай», сваім першым балетам у тэатры. Празь ціск дырэкцыі тэатра і ЦК Саюзу давялося хутка і пакорліва аднавіць Глебава у складзе чальцоў.

Раней Ларыса Васілеўна хадзіла на ўсе спэктаклі на музыку Глебава, але цяпер у тэатры іх практычна не засталося. 29 верасьня у Вялікім пакажуць «Маленькага прынца» і такім чынам адзначаць 90-годзьдзе кампазытара. У дадатак тэатар ладзіць адмысловую выставу.

Дырэкцыя зьвярталася і да Ларысы Васільеўны, бо там ведаюць, што яна дагэтуль захоўвае архіўныя матэрыялы спэктакляў, афішы, праграмкі і фатаздымкі тых часоў. Да архіву Вялікага тэатру яна ставіцца скептычна.

«У тэатры цяпер зьнішчылі ўсё, што было. Вы паспрабуйце знайсьці там дыплём пра тое, што Глебаў як кампазытар і спэктакль „Альпійская баляда“ атрымалі прэмію Ўсесаюзнага конкурсу? Вы знойдзеце толькі нейкую дробную абвестку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не баяўся кпіць з Машэрава. 10 фактаў пра кампазытара Яўгена Глебава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 сьпевакоў за 400 гадоў. Знаўца беларускай опэры робіць справу дасьледчага інстытуту