У Расеі 8 верасьня прайшоў «адзіны дзень выбараў» — у краіне адбылося некалькі дзясяткаў кампаніяў розных узроўняў, у тым ліку выбары губэрнатараў 16 рэгіёнаў і выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу. Правялі выбары і ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме.
Жыхары Крыму галасавалі за прадстаўнікоў у мясцовых органах улады і парлямэнце, утвораным Расеяй. Яўка, паводле афіцыйных зьвестак, склала 33%.
«Старая» пракуратура Крыму, якая працуе на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне, заклікала жыхароў паўвострава не галасаваць на расейскіх выбарах, а афіцыйны Кіеў неаднаразова заяўляў пра незаконнасьць іх на анэксаванай тэрыторыі.
Шэраг прадстаўнікоў іншых краінаў заявіў пра непрызнаньне выбараў:
- Амбасада ЗША ў Кіеве не прызнала вынікаў выбараў, якія правялі «акупацыйныя ўлады Расеі», і зноў асудзіла яе незаконныя дзеяньні, выказала падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
- Прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне заявіла, што не прызнае выбараў у Крыме, як не прызнае і незаконную анэксію паўвострава Расеяй.
- Асобную заяву выдала МЗС Нямеччыны, якое нагадала, што выбары на тэрыторыі Ўкраіны мусіць арганізоўваць Украіна.
- Міністэрствы замежных справаў Літвы, Латвіі і Польшчы таксама заявілі, што не прызнаюць выбараў у Крыме, лічаць іх незаконнымі і падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
- Да іх далучыліся МЗС Грузіі і МЗС Малдовы — таксама не прызналі вынікі крымскіх выбараў.
Андрэй Шупляк з прэс-службы Міністэрства замежных справаў Беларусі сказаў Свабодзе, што камэнтару да мясцовых выбараў у Крыме у беларускага замежнапалітычнага ведамства няма, а ці чакаецца, не сказаў. Толькі паўтарыў: «Камэнтару няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патлумачыў, чаму не прызнае Крым расейскім