У Гомлі судзяць былога супрацоўніка міліцыі Багдана Масьціча з аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Цэнтральнага РАУС. 9 верасьня ён выступіў у судзе з апошнім словам.
Хто ён і за што яго судзяць
Багдану Масьцічу 27 гадоў. 10 апошніх гадоў, з улікам навучаньня ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, ён у сыстэме міліцыі. За час працы Масьціч меў 40 узнагарод і падзяк. На судзе абвінавачаны прэзэнтаваў сябе як добрага супрацоўніка, які раскрыў безьліч злачынстваў. Абвінавачаньні ў хуліганстве, перавышэньні ўлады, бязьдзеяньні, крадзяжы, зьнішчэньні ці ўтойваньні афіцыйных дакумэнтаў, штампаў, пячатак ён лічыць сфальсыфікаванымі.
Пракурор палічыў, што віна былога міліцыянта цалкам даказаная ў судзе, і прасіў пакараць яго пазбаўленьнем волі на 4 з паловай гады.
Былы міліцыянт цалкам адмаўляе сваю віну. Паводле падсуднага, мэта крымінальнай справы — «прамая ізаляцыя» яго «для прадухіленьня распаўсюджваньня фактаў злачыннай дзейнасьці некаторых службовых асоб». Тыя факты ён нібыта зьбіраўся перадаць у КДБ і Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны магілёўскі міліцыянт сядзіць з тымі, каго правакаваў на наркатычныя злачынствыБацькі Багдана пасьля суду сказалі журналістам, што іхны сын меў канфлікт з кіраўніцтвам РАУС, праз што і быў звольнены ў верасьні 2018 году, а пасьля — затрыманы па падазрэньні ў злачынствах.
«Ён пісаў былому міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, спрабаваў аднавіцца на працы праз суд. Але Шуневіч даў негалосны загад не прымаць на працу міліцыянтаў, якія былі звольненыя хоць пры якіх абставінах. Абскарджаньне ў судзе прывяло да таго, што на Багдана завялі крымінальную справу — як помсту», — кажуць бацькі абвінавачанага.
Сутнасьць абвінавачаньняў у тым, што ў верасьні 2018 году Багдан Масьціч меў канфлікт з таксістам, ударыў яго. Канфлікт быў улагоджаны, але ў сьнежні супраць міліцыянта завялі крымінальную справу. У лютым 2019 году — яшчэ дзьве, па карупцыйных артыкулах. Былога міліцыянта абвінавацілі, што ён не прыняў мер рэагаваньня па праверцы і што пры вобшуку скраў дакумэнт у падазраванага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд, на які запрашалі прыйсьці Лукашэнку
6 цытат з выступу Масьціча на судзе
1. «Цяперашняя сыстэма праваахоўных органаў прагніла, ня мае аўтарытэту ў грамадзян»
«У нашай дзяржаве кожнае правапарушэньне з боку супрацоўніка міліцыі, дысцыплінарнае парушэньне трактуецца як карупцыя. Расьсьледуючы маю справу, СК праявіў сябе ва ўсіх фарбах, ігнаруючы ўсе нормы заканадаўства. Я наогул у СІЗА трапіў таму, што надта любіў сваю працу. Мяне звольнілі незаконна, я зьвярнуўся да былога міністра Шуневіча, потым — у суд. Рэакцыя была прыгожая — 26 сьнежня 2018 году быў суд па маёй скарзе, і ў гэты ж дзень ад юрысконсульта УУС я даведаўся, што ў дачыненьні да мяне пачалі крымінальную справу.
Калі я пачаў езьдзіць у Менск, у КДБ і іншыя структуры — мяне вырашылі „закрыць“. Я быў упэўнены ў законе, таму не хаваўся, не ўцякаў. Але калі я кажу сьледчаму: „Гэта зялёнае“, а ён кажа: „Чырвонае“...».
2. «Ёсьць падставы сумнявацца ў кампэтэнтнасьці сьледзтва і нават у яго адэкватнасьці»
«Мяне абвінавацілі ў захоўваньні дакумэнтаў не ў службовым сэйфе. Але якая інструкцыя рэглямэнтуе, што я павінен захоўваць паперы толькі ў сэйфе? Мне сьледчы на гэта адказаў так: „Ну мы ж захоўваем, і вы, значыць, павінны“. У абвінавачаньні гаворыцца, што я згубіў сэртыфікат „з асабістай зацікаўленасьці“. Мне выносілі па дадзеным факце ў міліцыі строгую вымову і вырашылі не прыцягваць да адказнасьці ў сувязі са звальненьнем. Але пасьля таго, як я напісаў міністру, — распачалі крымінальную справу! Мяне сьледзтва проста ня чула, як і пракуратура, як і суд. Усё абвінавачаньне пабудавана на „магчыма, імаверна, можа быць“. Так, я зрабіў касяк, я не заўважыў, я вінаваты — але гэта не злачынства.
Ніхто ня хоча разьбірацца — сьледчыя з пракуратурай вырашылі „прапхнуць справу ў суд“.
Я зь лютага 2019 году напісаў 40 скаргаў па розных інстанцыях, дзе ўсё расклаў па палічках. Але — „супрацоўнік павінен сядзець“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек у такіх умовах губляецца». Абвінавачаны ў хабарніцтве заявіў у судзе, што агаварыў сябе пад ціскам міліцыянтаў3. «Мне казалі: „Аддай дзьве папкі!“ Але я іх спалю лепш»
«Мне казалі ў час сьледзтва: „Аддай дзьве папкі!“ Праз гэтыя дзьве папкі я тут і сяджу. Але я іх не аддам. І афішаваць іх ня буду. Лепш я іх спалю. (У час судовых спрэчак Масьціч анансаваў, што ў апошнім слове распавядзе, на якіх высокіх службовых асоб ён мае кампрамат, і агучыць прозьвішчы. — РС).
Усё вельмі проста: ёсьць замова, але няма доказаў — будуць прыцягваць іх за вушы. Ня варта шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі. Варта ўключыць сьвятло — і мы вызначым, ці ёсьць там кот».
4. «За 10 год у сыстэме я шмат што бачыў, у асноўным — нэгатыў»
«Я казаў на судзе, і паўтару, што аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі — гэта ня орган выбіваньня грошай. І калі мне начальства загадала выбіваць грошы на карысьць турыстычнай фірмы — я паслаў іх на ікс і на ігрэк. Вось таму кіраўніцтва РАУС і незалюбіла мяне, бо я адмовіўся гэта рабіць. Бо я казаў, што ёсьць Крымінальны кодэкс, заканадаўства, і, калі што здарыцца — вы ня будзеце карміць маіх бацькоў. Вы сёньня сябры — а заўтра ворагі, і дзеля вас я ня буду падстаўляцца.
У дачыненьні да мяне за час працы ніколі не было праверкі з боку ўпраўленьня асабістай бясьпекі. Мяне паважалі нават раней судзімыя. Я ўсё рабіў не за „зорачку“, не за мэдаль. Калі я трапіў у СІЗА, нават „зэкі“ глядзелі на мяне вялікімі вачамі і пыталіся: „Як ты тут апынуўся?“. Мне ніхто ніколі ня плюнуў у сьпіну, бо я ў любой сытуацыі заставаўся чалавекам і карыстаўся законам і доказамі. І калі праз нашу працу сеў за хабар сьледчы з СК — у нас былі жалезныя доказы. Злавілі з доказамі злачынства, было відэа, аўдыё. І ён не адпіраўся. Цяпер, калі ў маёй справе няма доказаў і я пішу скаргі, то пракуратура думае: „А ён зэк, хай піша“. Мяне ніхто ня чуе, ня хоча чуць. Сыстэма пастаўлена на паток».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апраўданы пасьмяротна. Як з паважанага прамыслоўца зрабілі карупцыянэра5. «Такія, як я, сыстэме не патрэбныя»
«Я казаў у судовых спрэчках, што вінаватыя ў маёй справе — сьледчы і прадстаўнік пракуратуры. Цяпер кажу, што я сам вінаваты ў тым, што адбываецца — бо надта даверыўся людзям, быў фанатыкам сваёй справы. Што я бачыў за апошнія 10 год? Акадэмію МУС і працу, нават у адпачынак. Я займаўся тым, што люблю — раскрываў злачынствы. Такія людзі сыстэме не патрэбныя. Ім патрэбныя толькі тыя, хто „Так точно!“, „Ура!“ і ў якіх галава — толькі для прыёму ежы.
Я такі чалавек, якога немагчыма зламаць. Я быў у розных сытуацыях. Я разумею, што суд ма́е ўказаньні, патрабаваньні, асабістыя кантакты, але тут вырашаецца жыцьцё чалавека, які не забіў, ня браў грошы. Запомніце — вы мяне ня зломіце! Можа, я небясьпечны, што шмат ведаю? Я прайграў. Але гэты адзіны бой, не вайну».
6. «Я спазнаў сваё месца ў харчовым ланцужку»
«Я пабыў у СІЗА. Спазнаў сваё месца ў харчовым ланцужку. Мне пасьля вызваленьня ня будзе працы, нават у камэрцыйнай структуры. Буду індывідуальным прадпрымальнікам, буду плесьці з саломкі вырабы. Мне давядзецца выйсьці і спаліць свой дыплёмны ліст. Я вучыўся, што з дысцыплінарнага парушэньня ці адміністрацыйнага нельга рабіць крымінальную справу. А ў дачыненьні да мяне выйшла наадварот.
Думаю, што мяне пасадзяць — бо ў мяне і ў бацькоў няма „валасатых рук“. Я перацярплю, ладна, але потым спытаю з кожнага.
Я ўдзячны тым людзям, зь якімі пазнаёміўся ў СІЗА — бо яны зьнялі зь мяне ружовыя акуляры. Мяне папярэджвалі раней: „Багдан, сыходзь з органаў, або цябе пасадзяць“, — я ня верыў.
У СІЗА я спазнаў людзей, якія сядзяць часам па надуманых абвінавачаньнях. І хай тыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія сядзяць сёньня ў гэтай залі, задумаюцца. Сёньня яны сядзяць тут, у тэлефончыкі гуляюць — а заўтра могуць апынуцца ў СІЗА.
Мяне прызямлілі, зьнялі зь мяне карону „лепшага супрацоўніка“, але я адмыюся ад гэтага. Але ці адмыюцца душы тых, хто гэта зрабіў са мной?»
Прысуд будзе агучаны 10 верасьня, у дзень нараджэньня былога міліцыянта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фальсыфікавалі доказы, бралі за гэта хабар. У Гомлі асудзілі былых міліцыянтаў і сьледчага